Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

У літоўскай Клайпедзе іграў сімфанічны аркестр Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.К. Агінскага

Музыка сяброўства

Маладых беларускіх музыкаў запрасілі ў госці калегі з Клайпедскай кансерваторыі імя Стасіса Шымкуса. І сімфанічны аркестр Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Міхала Клеафаса Агінскага прыехаў на гастролі з мастацкім кіраўніком — заслужаным дзеячам культуры Беларусі Рыгорам Сарокам. У аркестры праюць разам як вучні, так і педагогі каледжа.

Дэбют маладой дырыжоркі з Маладзечна Валерыі Рыбінскай адбыўся ў Клайпедзе

Канцэрт, які ладзіўся ў зале Акадэміі музыкі Клайпедскага ўніверсітэта, атрымаўся цудоўным. Здавалася, сэрцы музыкаў былі перапоўнены светлай энергіяй, з натхненнем перадавалі яны святочны і радасны настрой гледачам. Тыя ж амаль што купаліся ў музыцы і вельмі цёпла прымалі артыстаў. Сярод слухачоў было шмат сяброў гарадской беларускай суполкі “Крыніца”.

Праграма канцэрта складалася з вядомых і любімых твораў кампазітараў Пятра Чайкоўскага, Сяргея Рахманінава, Міхала Клеафаса Агінскага, Арама Хачатурана. Гучала музыка і беларускіх аўтараў: Яўгена Глебава ды Леаніда Левашкевіча. На канцэрце ў Клайпедзе адбыўся дэбют маладых дырыжорак — Валерыі Рыбінскай і Валерыі Маліноўскай. Справіліся выдатна! Разам з імі дырыжыраваў Аляксей Андрэеў. У канцэрце паўдзельнічала выкладчыца Клайпедскай кансерваторыі імя Стасіса Шымкуса Скайстэ Чылінскайтэ, якая з аркестрам іграла на скрыпцы “Вакаліз” Сяргея Рахманінава.

У заключным слове Дзмітры Арцямёнак, намеснік дырэктара Маладзечанскага каледжа, падзякаваў арганізатарам і гледачам канцэрта. А нядаўна выдадзеную кнігу “Невядомыя паланезы М.-К. Агінскага”, падрыхтаваную дырэктарам каледжа Рыгорам Сарокам і музыканткай Валерыяй Рыбінскай, ён падарыў дырэктарцы клайпедскай кансерваторыі Ларэце Янавічэне.

Мы ж, гледачы, адчувалі: ва ўсіх, хто быў у той вечар на сцэне, ёсць і вялікі энтузіязм, і шчырая любоў да сваёй справы. Дзякуем артыстам за хвіліны радасці, натхнення ды шчасця, што яны падарылі, ад усіх клайпедчан, якія былі на канцэрце. Асаблівая падзяка ад землякоў-беларусаў. А Ганаровы консул Беларусі ў Клайпедзе, кіраўнік “Крыніцы” Мікалай Логвін казаў у вітальным слове: “Мы ўсе, прысутныя ў зале беларусы, адчуваем глыбокі гонар за тое, што ў нашай роднай краіне нараджаюцца такія таленты”.

Наталля Дамненка, намесніца старшыні суполкі “Крыніца”, г. Клайпеда, Літва

Голас Радзімы № 40 (3544), чацвер, 19 кастрычніка, 2017 у PDF

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter