Глубокое приглашает гостей на международный фестиваль «Дударскі рэй»

Музыка продкаў

Вось ужо каторы год Глыбокае запрашае гасцей на міжнародны фестываль «Дударскі рэй». Сёлета ён пройдзе 3—5 мая і збярэ дудароў з Беларусі, Македоніі, Польшчы, Расіі, Харватыі. У трохдзённай праграме — вечарыны, майстар-класы, служба ў касцёле.
Дуда суправаджала беларусаў на працягу ўсяго жыцця
Фота аўтара

Дуда прадстаўляе сабой духавы язычковы музычны інструмент, які складаецца з некалькіх трубак, устаўленых у скураны мех. Інструмент гэты вядомы многім народам — шведам, немцам, французам, італьянцам, палякам, чэхам, балгарам... Вось толькі ў кожнага з іх дуда мае свае канструктыўныя і меладычныя асаблівасці. Што адрознівае нашу дуду? Па-першае, форма ражкоў-раструбаў, плаўна закручаных на 180 градусаў. Па-другое, наяўнасць на іх дэкору волавам у выглядзе стылізаванай галавы казы. Па-трэцяе, тачэнне трубак з малюнкам «тор — бочачка — тор».

Дуда — вельмі старажытны музычны інструмент. Яна на працягу многіх стагоддзяў суправаджала беларусаў: гучала падчас хрэсьбін, вяселля, Купалля, жніва, пахавання… Людзі чулі ў яе гуках нешта містычнае, незямное. Таму і да грання на дудзе, і да вырабу гэтага інструмента ставіліся з асаблівай увагай. Вядома, што раней дуды абавязкова вырабляліся з дрэва, паваленага бурай альбо пабітага маланкай, і са скуры, знятай з казы на Каляды. Сёння, безумоўна, майстры карыстаюцца больш цывілізаванымі спосабамі і матэрыяламі кшталту гатовай цялячай або казінай скуры, драўніны ясеню або клёну, волава. Але ўсё роўна вераць, што дуда нясе вельмі глыбокі сэнс.

На жаль, на некалькі дзесяцігоддзяў пра дуду забылі. У пачатку ХХ стагоддзя на змену гэтаму папулярнаму інструменту прыйшлі цымбалы і гармонік. Адраджэнне беларускай дуды пачалося ў 1970-х гадах — дзякуючы такім неабыякавым майстрам, як Алесь Лось, Уладзімір Пузыня, Тодар Кашкурэвіч. Паступова дуду ў свой інструментарый пачалі ўключаць айчынныя музыкі і калектывы. І вось сёння ў краіне ўжо налічваецца каля 300—400 дудароў. Пра дуду пішуць навуковыя працы і папулярныя артыкулы, ёй прысвячаюць канцэрты і фестывалі. Дуда зноў стала часткай жыцця беларусаў.


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter