Музыка нас звязала

Тры суботы запар на мінскай плошчы Свабоды будзе гучаць джаз

Тры суботы запар на плошчы Свабоды ў Мінску будзе гучаць джаз.

Праект «Джазавыя суботы ля Ратушы» пройдзе 8, 15 і 29 чэрвеня. З 19.00 да 22.00 тут будуць выступаць вядомыя джазмены і джаз-калектывы з Францыі, ЗША, Італіі, Германіі, Эстоніі, Украіны і Беларусі. З айчынных джазменаў на сцэне з’явяцца «Apple Tea», «Liptnitsky Show Orchestra», «VIP JAZZ» Андрэя Славінскага і трыа Канстанціна Гарачага. Месцам для выступленняў стане пляцоўка ля ўвахода ў канцэртны зал «Верхні горад».

— Такі праект мы падрыхтавалі ўпершыню, — расказвае Анастасія Сцёпіна, каардынатар праектаў фонду «Ідэя». – Зараз фестывалі вулічнай музыкі вельмі папулярныя ва ўсім свеце, таму, упэўнена, наша ідэя людзям спадабаецца. Чаму абралі менавіта джаз? Бо, па сутнасці, гэта мастацтва для абмежаванага кола людзей, і, магчыма, калі яно «выйдзе» на вуліцу, у яго з’явіцца больш прыхільнікаў.

Трапіць на «Джазавыя суботы ля Ратушы» ўсе жадаючыя змогуць бясплатна. Прычым умяшчальнасць плошчы Свабоды складае каля 3000 чалавек. А значыць, месца хопіць многім. Дарэчы, арганізатары плануюць зрабіць гэты праект штогадовым.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter