Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

У святочную майскую пару радуе аматараў высокага мастацтва Вялікі тэатр Беларусі

Музыка і песні Перамогі

Тыя пачуцці, што перапаўняюць душу, бывае цяжка выказаць словамі. Тады патрэбны, каб сказаць невымоўнае, ці то музыка, ці то песня. Тое добра ведаюць дырэкцыя, артысты Вялікага тэатра Беларусі — таму й ладзяць штогод Святочны канцэрт, прысвечаны Дню Перамогі. Чарговы прайшоў 6 мая. “Хоць 73 гады мінула з Дня Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, аднак жыве ў народзе памяць пра той вызначальны для гісторыі Бацькаўшчыны час, — напісала ў рэдакцыю Алена Балабановіч, супрацоўніца тэатра. — Для большасці з нас гэтае свята застаецца самым галоўным. Ушанаваць святы дзень, уславіць тых, хто набліжаў Перамогу, нам дапамагаюць песні ваенных гадоў, а таксама тыя, што былі напісаны пазней ды сталі папулярнымі ў народзе. Менавіта яны ўзвышалі дух нашых прадзедаў, дзядоў, бацькоў. Мы ведаем: у вайну песні ды мелодыі падтрымлівалі нашых родных у бядзе й горы, быццам прасілі не здавацца, не губляць надзеі, выжываць, змагацца — і перамагаць!”

Са сцэны Вялікага гучалі песні, знаёмыя ў нашай краіне бадай што кожнаму: “Баллада о солдате”, “Синий платочек”, “Эх, дороги…”, “На безымянной высоте”, “Темная ночь”, “Катюша”, “Журавли”, “Майский вальс”, “День Победы”… І радасць перапаўняла сэрцы, і слёзы блішчэлі на вачах гледачоў самых розных пакаленняў. Бо па добрай традыцыі, што ўжо склалася дзякуючы тэатру, на канцэрт прыходзяць бацькі з дзецьмі, бабулі-дзядулі з унукамі, праўнукамі. Можна спадзявацца, што такая пераемнасць пакаленняў спрыяе паразуменню між людзьмі, умацоўвае маральныя асновы грамадства.

Хоць Вялікі тэатр і рыхтуе нямала іншых канцэртаў, аднак менавіта гэты, напярэдадні Дня Перамогі, заўсёды мае адметнасць. У такі дзень і вакол тэатра пануе асаблівая атмасфера. З 6 мая ў нядзелю па вечарах на пляцоўцы перад Вялікім іграе сімфанічны аркестр (дырыжорамі па чарзе — Іван Касцяхін і Алег Лясун): да 17 чэрвеня з 17.10 да 17.40 гучыць папулярная класічная музыка. Спектаклі ж пачынаюцца ў нядзелю ў 18.00.

Голас Радзімы № 17 (3569), пятніца, 11 мая, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter