Пра сябе Васіль Раінчык гаворыць, што чалавек ён не публічны, музыкант закулісны

Музыка для ўсіх

Пра сябе Васіль Раінчык гаворыць, што чалавек ён не публічны, музыкант закулісны. І тлумачыць: ёсць людзі з асаблівым талентам — жаданнем ззяць зоркай на сцэне, але сам ён, на шчасце, ад яго вольны, на публіку лішні раз выходзіць не любіць. Падобна, што і пра свой хуткі юбілей Васіль Пятровіч палічыў бы за лепшае не ўзгадваць, не круглая дата. І ўсё ж... Народнаму артысту Беларусі, вядомаму кампазітару і музыканту, чыё імя непарыўна звязана з легендарным ансамблем «Верасы», 7 сакавіка спаўняецца 65.


Слых — абсалютны

Кансерваторыю Васіль Раінчык скончыў двойчы — як піяніст і як кампазітар. У музыцы ён чуе абсалютна ўсё і не жартуе, калі гаворыць, што можа сачыняць творы любой складанасці, нават не падыходзячы да раяля. Пры гэтым музычныя здольнасці ў яго разгледзелі некалі не адразу. 

У Шклове, дзе жыла сям’я Раінчык, адкрыццё музычнай школы стала сапраўднай падзеяй. Усе бацькі павялі туды сваіх дзяцей. У 10-гадовага Васіля асаблівага жадання вучыцца музыцы не было. Але ісці прыйшлося. Па-першае, бацька ўжо купіў прыгожы баян. Па-другое, мама пра адмову і слухаць не хацела. Але ў музычнай школе сказалі: ніякіх даных. Бацька тады ўзяў той баян і панёс у школу аддаваць — навошта інструмент, калі сын бяздарны. Але хлапчука вырашылі праслухаць яшчэ раз — і выявілі абсалютны музычны слых і рытм. Гэта пацвердзілася на першай жа дыктоўцы на ўроку сальфеджыа. Пачутую мелодыю трэба было запісаць нотамі, і Васіль справіўся хутчэй за ўсіх і з першага разу. Настаўнік адмаўляўся ў гэта паверыць. 

I ляцеў ён на раялі

Пра тое, як віртуозна студэнт кансерваторыі Васіль Раінчык выконваў джаз, сярод музыкантаў ходзяць легенды. Джаз, зразумела, у акадэмічных сценах не вітаўся, але іншы раз апладзіравалі нават прафесары. Іграў Раінчык у дуэце са сваім аднакурснікам Ігарам Паліводам, тым самым, які пазней увойдзе ў «залаты» склад «Песняроў». Імправізавалі бліскуча, умудраліся ў адзін твор уплесці пад сотню розных мелодый, ігралі на двух раялях ліха і з гумарам. Неяк выступалі нават перад удзельнікамі міжнароднай канферэнцыі музыказнаўцаў. Прысутныя былі ў поўным захапленні!

Зрэшты, з не меншым поспехам усе дзевяць гадоў вучобы ў Мінску іграў Раінчык і ў рэстаранах, у тым ліку ў знакамітай «Каменнай кветцы». І, трэба сказаць, студэнтам быў багатым.

З кожнага праса

Пасля выступлення на V Усесаюзным конкурсе артыстаў эстрады ў 1974 годзе ВІА «Верасы», падрыхтаваны Раінчыкам, загрымеў на ўвесь СССР. Поспех маладога калектыву быў каласальны. Квіткоў на канцэрты не дастаць. Пласцінкі разыходзіліся імгненна. Набыць іх не паспявалі нават самі артысты. «Я ў бабулі жыву», «Завiруха», «Карнавал», «Малінаўка», «Караван», «Музыка для ўсіх», «Кахання развітальны баль», «Белы ветразь» сталі сапраўднымі хітамі.

Неяк пасля аншлагавага канцэрта ў «Алімпійскім» у Маскве Васіля Раінчыка павялі знаёміць з міністрам культуры СССР Дземічавым. Той назваў калектыў еўрапейскім і пацікавіўся, ці ёсць просьбы? Раінчык у адказ: грошы патрэбны на інструменты. І на абсталяванне, на апаратуру ім сталі даваць шмат, і з Масквы. «Верасы» маглі купляць лепшыя ў свеце інструменты. Аднойчы з Масквы прыйшло больш за 70 тысяч долараў! Але грошы адправілі назад. Тагачасны міністр культуры БССР сказаў: новыя інструменты ўсім трэба, а грошы раз за разам даюць толькі «Верасам». 

Артыстамі «Верасы» былі высокааплатнымі. За месяц купіць машыну — без праблем. Але ж і працавалі сумленна і «на ўсе «сто». Фанаграм тады не было — толькі жывое выкананне. У любым горадзе даць 20 канцэртаў і сабраць на кожны палац спорту для «Верасоў» было звычайнай справай.

Рок-н-рол з амерыканцам

Са славутым амерыканцам Дзінам Рыдам «Верасы» пазнаёміліся і абмяняліся тэлефонамі на фестывалі ў Балгарыі. Знакаміты барацьбіт за мір і правы чалавека, занесены ў «чорны спіс ЗША», спявак, акцёр і рэжысёр быў там у якасці ганаровага госця і захоплена адазваўся аб выступленні ансамбля. Пазней на гастролях у ГДР шпацыравалі Раінчык з Ціхановічам па Берліне і ўспомнілі, што недзе недалёка жыве Дзін Рыд, вырашылі пазваніць. Спявак запрасіў да сябе, натхнёна дзяліўся планамі пра тое, што задумаў выступіць перад будаўнікамі БАМа і што яму спатрэбіцца музычнае суправаджэнне. Тады «Верасы» павезлі з сабой у Мінск запісы яго праграм. А калі праз некалькі месяцаў Дзін Рыд прыехаў у Маскву, было дастаткова толькі адной сумеснай рэпетыцыі, каб адправіцца ў доўгатэрміновае турнэ па ўсёй магістралі.

Ансамбль «Верасы» з Дзінам Рыдам.

У канцы 1970-х гэта было сенсацыяй — акампаніраваць амерыканцу, спяваць на англійскай мове, іграць рок-н-рол! Дзін Рыд паездкай застаўся вельмі задаволены. 

Iрына СВIРКО 

isvirko@mail.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter