Художественный руководитель ансамбля «Свята» Вячеслав Статкевич приглашает на юбилейный концерт

Музыка, блізкая сэрцу

Уласнае 50-годдзе і 30-годдзе творчай дзейнасці Вячаслаў Статкевіч сустрэне на сцэне. «Я сэрца аддам Беларусі» — так называецца святочны канцэрт, які пройдзе 21 лістапада ў 14:00 у Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Павіншаваць Статкевiча прыедуць яго сябры з усёй Беларусі. «Многiя iмёны нават не змясціліся на афішах», — жартуе Вячаслаў Казіміравіч. Мастацкі кіраўнік «Свята» і сам чалавек-свята: заўсёды аб'ядноўвае вакол сябе такіх жа адданых музыцы і сцэне людзей, як ён сам.

Цікавасць да народных песень вялікая

— Вячаслаў Казіміравіч, па-першае, прыміце нашы віншаванні. Двайны юбілей — цудоўная нагода пабачыцца з сябрамі і слухачамі пасля доўгай паўзы, звязанай з каронавіруснымі абмежаваннямі?

— Ой, і не гаварыце! Я сапраўды вельмі чакаю гэтага канцэрта. У тым годзе нам, канешне, было не да вялікіх сустрэч. Паўтара месяцы мы з калектывам былі на самаізаляцыі. Але ж я не адпачываў. Запісаў на дачы каля 50 песень а капэла. Толькі ўявіце: на прыро­дзе, каля рэчкі, побач з гусямі і авечкамі… Калі выклаў запісы ў сацыяльныя сеткі, адразу ж пачалі пісаць людзі: «А прышліце, калі ласачка, гэтую песню!» Цікавасць да народнай музыкі сапраўды ёсць — і яна, упэўнены, ніколі не скончыцца.

— Калі паглядзець на афі­шу канцэрта, то можна заўважыць на ёй імёны музыкантаў зусім розных пакаленняў. Як вам удалося аб'яднаць іх усіх у адной праграме? 

— Мне вельмі пашчасціла ў жыцці, у мяне сапраўды шмат добрых сяброў. Вось вы бачыце зараз іх на афішы: арт-група «Беларусы» i яе мастацкі кіраўнік Валерый Шмат, пісьменнікі Міхась Пазнякоў і Мікола Чарняўскі, цудоўны дзіцячы ансамбль «Дударыкі» i iх мастацкі кіраўнік Дзмітрый Ровенскі... Уладзіміра Радзівілава я ведаю з пачатку 1990-х, мы разам працуем з iм у філармоніi. Алёну Ланскую, якая таксама возьме ўдзел у канцэрце, памятаю, калі яна была яшчэ маленькай. З дзяўчынкамі з гурта By city даўно сябруем, шкада, што летам не стала іх прадзюсара Уладзіміра Бранкоўскага. Ездзілі з імі разам на гастролі ў межах акцыі «Я вёсцы роднай нізка пакланюся», якую я прыдумаў. З тых часоў з задавальненнем падтрымліваем сувязь. I канешне, гледачы ўбачаць мой родны, мілы сэрцу ансамбль «Свята», дзе багата вельмі таленавітых і цікавых артыстаў, прафесіяналаў.

Адчуваць сябе беларусам

— У вашага канцэрта, дарэчы, вельмі сімвалічная назва — «Я сэрца аддам Беларусі». Чаму так?

— Адкажу на гэтае пытанне вершам. Паслухайце, якiя цудоўныя радкi:

Як з выраю птушкі, 
імкнуся
Да роднае песні 
ізноў.
Я сэрца аддам 
Беларусі,
Тут шчасце маё і любоў.
Як сонечны промень 
свячуся
І песню, як скарб, 
берагу.
Я сэрца аддам Беларусі,
Бо жыць без яе не магу.

Я сапраўды доўга думаў, каля пяці год выношваў у сэрцы, як назваць канцэрт. Радкі верша самі нарадзіліся ў галаве. Для кагосьці краіна — проста месца жыхарства. А для мяне гэта ўсё жыццё. Беларусь як маці, як песня, як крынічная вада, як свята душы. Але ж Беларусь — гэта яшчэ і мова. Увогуле, я лічу, што, калі чалавек думае на роднай мове, у яго і хвароб менш. Ведаеце, я ж хлопец з хутара. Мая радзіма — маленькая вёсачка Рэпнікі, што на Лідчыне. І калі я заканчваў школу, мне выдалі пашпарт, дзе ў графе «нацыянальнасць» напісалі «паляк». Я прыйшоў да класнай настаўніцы і адразу ў слёзы: «Чаму ж я паляк?» Настаўніца Ларыса Васільеўна Лукашэвіч пачала супакойваць: «Славачка, дзіцятка, што ж ты так… Не плач. Ты ж як у сэрцы адчуваеш, так яно і ёсць. Ты не глядзі, што там напісана. Ты сам павінен быць і адчуваць сябе беларусам». Прайшлі гады, я прыехаў у родную школу і з такой радасцю і цеплынёй узгадаў сваю класную! Я нават песню пра гэта напісаў, вось на канцэрце будзе прэм'ера.

Матулін дыктафон

— Шчырая, непадкупная любоў да народнай музыкі адкуль з'явілася? 

— Адтуль жа, з дзяцінства. На школьных дыскатэках у вёсцы Тарнова, куды я хадзіў за шэсць кіламетраў, мы танчылі пад «Цячэ вада ў ярок», толькі ўявіце сабе! Падчас вучобы ў школе матуля падарыла мне на дзень народзінаў маленькі дыктафончык. Мне вельмі хацелася запісаць і матулін голас, і тых жанчын, якія ў вёсцы спявалі народныя песні. Вельмі рэдкія, зараз такіх ужо не пачуеш. Колькі філасофіі, колькі зместу, колькі мудрасці, пранесенай праз жыццё, было ў тых песнях!.. Дарэчы, з тых часоў, куды б я ні паехаў, са мной заўсёды быў той матулін дыктафон.

— Колькі народных песень вы ведаеце зараз на памяць?

— Каля 500, напэўна. Але дзесьці ўжо трэба і ў блакноты свае падглядзець. Тым больш бывае, што песня адна, а варыянтаў яе тэкстаў больш за дваццаць. У свой час я праводзіў шмат гадзін у бібліятэцы. Чытаў усё, што можна было знайсці пра народныя песні. З Гродзенскай вобласці, напрыклад, там былі цудоўныя зборнічкі, а пасля мне патрапіў у рукі зборнік «Цёплыя вечары ды халодныя ранкі», які выдаў Зямовіт Фядэцкі, якi нарадзiўся за некалькі кіламетраў ад майго хутара, у вёсцы Лебяда. Таксама я вёў рубрыку ў часопісе «Гаспадыня», супрацоўнічаў з часопісам «Роднае слова» і ў іншых сродках друку, дзе папулярызаваў народныя песні. Паступова я сабраў калекцыю з песень, якіх Беларусь яшчэ не чула. Некаторыя, дарэчы, прадстаўлю на юбілейным канцэрце.

— Чула, ваша дачка Ангеліна таксама вый­дзе на сцэну. Яна, атрымліваецца, працягвае вашу музычную справу?

— Яна звязана з музыкай, рабіла мне аранжыроўкі, але адукацыю атрымлівае іншую. Дачка ў нас цудоўная, вельмі разумная. Ганарымся, што яна скончыла мiнскую гiмназiю № 22 з залатым медалём, зараз вучыцца на апошнім курсе ў БДУІР, будзе праграмістам.

Аб радзіме

— Заўсёды, калі бываю на Гродзеншчыне, стараюся заехаць у Рэпнікі, — кажа Вячаслаў Статкевіч. — Калісьці тут былi школа, лазня, клуб, вялікая ферма, канюшня, крама…. Цяпер толькі 13 жыхароў засталося. Бацькоўская хата на хутары Паспешка праіснавала 99 гадоў. У 1997-м яе не стала, аджыла свой час, вяскоўцы разабралі яе на дровы. Памятаю, неяк вярталіся з Гродна з канцэрта з Якавам Навуменкам, заехалі туды. Знайшоў адбітую ручку ад кубка, і так ра­занула ў памяці… Успомніў дзяцінства, бацькоўскую маленькую хатку на тры вокны, драўляныя платы, грушу-дзічку, што чатыры чалавекі не маглі рукамі абхапіць, пасаджаныя на ўзмежку бацькам бярозкі, керасінавую лямпу пад столлю, абразы над сталом, дзедаў куфар, калаўрот, берды на печы, бабуліны кросны, вытканыя і вышытыя мамай дзярушкі, навалачкі, сурвэткі, рушнікі і абрусы… І настолькі мне стала ў сэрцы балюча…Тады ж у нас на хутары амаль нічога не было, нават «лямпачка Ільіча» з'явілася ў хаце, калі я вучыўся ў апошнім класе. Да вёскі Рэпнікі — больш за кіламетр. Калі ў суседзяў з'явіўся тэлевізар, мы збіраліся да іх у госці і глядзелі ўсе разам. А зімой, каб сцежку пракапаць да вёскі, трэба было з ранку пачынаць грэбці снег, бо інакш не дойдзеш. 

Бацькі кожны год нешта разводзілі: свінак, бычкоў, трусоў, індыкоў, гусей. Памятаю, як тыя гусі сабраліся ды чарадой паляцелі на суседнія лугі, толькі пару ўдалося злавіць... Бацькоў, на жаль, не стала ў 2001 годзе. Мама сышла 25 сакавіка, бацька памёр праз чатыры дні. Унучку Ангеліну так і не пабачылі. Калі ў мяне было вяселле, я спяваў песню «Бацькоўская хата» на музыку Ігара Лучанка. А ў горле ком стаяў, халодны пот выступаў і сэрца трывожным званочкам бiлася. Было адчуванне, быццам бы я развітваюся з бацькамі… Так i здарылася.

leonovich@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter