Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Дырыжор і музыказнаўца Аляксей Фралоў прысвяціў 500-годдзю беларускага кнігадрукавання дзве новыя канцэртныя праграмы, якія прэзентаваліся на сцэне Белдзяржфілармоніі ў Мінску

Музычныя вітражы эпохі Скарыны

Музыка эпохі Рэнэсанса — гэта якраз тая, што гучала ў пару падзіжніцкай дзейнасці Францыска Скарыны. Каб лепш разумець той час, варта ўслухоўвацца ў даўнія сугуччы. І 31 кастрычніка ў канцэрце, прысвечаным Францыску Скарыне і Марціну Лютэру, Аляксей Фралоў разам з доктарам тэалогіі Ірынай Дубянецкай прадставіў панараму музыкі эпохі Залатога века Беларусі. Да падзеі мастакі Мікола Купава і Аляксей Марачкін упрыгожылі фае сваімі карцінамі. Там і творчая група вернікаў у шляхетных строях вітала гасцей. Наведнікі стыльнай імпрэзы атрымалі аркушы з Бібліі Францыска Скарыны, аддрукаваныя на адноўленым варштаце.

Аляксей Фралоў з фаготам

Вечарыну адкрываў харал М. Лютэра “ Цвярдыня наша — Вечны Бог”. У выкананні сімфанічнага аркестра “Сapella Academia” і ансамбля салістаў “Вытокі” гучалі творы І.-С. Баха, Г.-Ф. Гендэля, А. Дворжака, Мендэльсона-Бартольдзі, а таксама кампазітара Вацлава з Шамотул. “Эпоха Рэфармацыі падняла новую хвалю пераасэнсавання хрысціянства, і тыя працэсы адбіліся ў музыцы нямецкіх і чэшскіх кампазітараў”, — пракаментаваў творы вядоўца праграмы. Саліст Ілья Сільчукоў выканаў два фрагменты хваласпеваў з “Любчанскага канцыяналу” 1618 года — евангелічнага нотнага зборніка, выдадзенага ў мястэчку Любча, што на Гродзеншчыне, у Навагрудскім раёне. У выкананні арганіста Юрыя Габруся гучала прэлюдыя на харал “Кyrie, Gott heiligier Geist”. Салістка Наталля Акініна (мецца-сапрана) прадставіла дзве арыі з араторыі “Месія”. Ілья Сільчукоў і Юры Габрусь выканалі гімн Дж. Ньютона “Цудоўная ласка”.

Аляксей Фралоў праявіў высокае мастацтва дырыжыравання. Ён, адчуваючы кожны інструмент у аркестры, даваў кірунак руху меладычным і вытанчаным гукам. “Гэта цудоўна арганізаваная містэрыя на Божую хвалу, — казала пасля канцэрта паэтка Ядвіга Рай. — За гэтыя 500 гадоў жыве і ўзмацняецца любоў да Бога, выяўляецца праз музыку й слова. Вельмі ўразіла высокамастацкае адлюстраванне ў гуках такога складанага перыяду, як Рэфармацыя. Мастацтва музыкантаў — на вышэйшым узроўні!”

Слухачы былі ў захапленні ад канцэрта і атрымалі вялікае эмацыйнае задавальненне. Аддавалі належнае дырыжору, папулярызатару музыкі, вельмі харызматычнай асобе. Аляксей Фралоў натхніў музыкаў на выкананне складаных, узнёслых і дынамічных твораў, хваласпеваў. Летась, дарэчы, Аляксей паспяхова ажыццявіў міжнародны праект “Карона Скандынаўскага архіпелага”.

У хуткім часе, 8 лістапада, у Белдзяржфілармоніі па ініцыятыве Аляксея Фралова ладзіўся другі канцэрт, пад назвай “TUBA MIRUM”, прысвечаны 500-годдзю беларускай Бібліі. На гэты раз музычная дзея была з удзелам духавых інструментаў. Далучыўся да праекта вядомы трамбаніст з Францыі, прафесар Жак Мажэ. У Беларусі ён наведаў і Маладзечна, дзе даў некалькі майстар-класаў для студэнтаў музычнай вучэльні.

Аляксей Фралоў прадставіў Мінскі квартэт трамбаністаў і духавы аркестр “Няміга”. На вечарыне прагучалі творы Г. Тэлемана, К. Сэн-Санса, В. Пэтэрсана, Фэрана ды іншых вядомых кампазітараў. Тыя музычныя творы вядоўца праграмы, старшы выкладчык Акадэміі музыкі Аляксей Фралоў назваў шкельцамі з вялікага вітража эпохі Рэнэсанса: “Трамбон узнік напрыканцы ХV cтагоддзя, прыблізна тады, калі нарадзіўся Францыск Скарына. Новы музычны інструмент з’явіўся ў Нюрнбергу ў сям’і Нойшэляў, дзе трубачы вынайшлі цікавы інструмент басавага тэмбра”. Паводле яго словаў, у эпоху Рэнэсансу было шэсць разнавіднасцяў трамбона, і ў ХVІ стагоддзі яны занялі сваю нішу на хорах у саборы. Неўзабаве трамбон быў заўважаны венецыянцамі — кампазітары сабора святога Марка Антонія і Джавані Габрыэлі стварылі хоры з трамбонам. Потым і ў іншых краінах Еўропы кампазітары напісалі пералажэнні для інструмента. Моцарт не мог абысціся без яго ў сваім вялікім Рэквіеме: трамбон там сімвалізуе голаса Бога. Менавіта рэквіем Моцарта “TUBA MIRUM”, удакладніў музыказнаўца, і даў назву мінскаму канцэрту.

У гонар 500-годдзя беларускага кнігадрукавання і 500-годдзя Рэфармацыі ў праграме быў прадстаўлены старажытны твор, расшуканы Святленай Немагай і Аляксеем Фраловым у Віленскіх архівах — сярод калекцый з беларускіх Барунаў, Гародні ды Пінска. Музычны твор ХVІІІ стагоддзя з тэрыторыі цяперашняга Вернядзвінскага раёна быў названы “Духавой сімфоніяй з Полаччыны”. Яго выканаў канцэртны аркестр “Няміга” пад кіраўніцтвам Аляксея Сасноўскага. 

Абедзве праграмы, арганіза­ваныя Аляксеем Фраловым, выклі­калі гарачыя апладысменты публікі. Прафесар Жак Мажэ ўразіў віртуозным выкананнем на трамбоне як старадаўніх, так і сучасных блюзавых мелодый.

Эла Дзвінская

Голас Радзімы № 44 (3548), чацвер, 23 лістапада, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter