Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Таленавіты піяніст з Гродна Кірыл Кедук выступае на вядомых сцэнічных пляцоўках, знаходзіць час і дома пайграць — разам з сусветна вядомымі выканаўцамі

Музычныя падарункі землякам

Бывае так: толькі выйшаў малады спявак, выканаўца на міжнародны ўзровень творчасці — і ўжо дома, у Беларусі ягоных выступленняў не пачуеш ды не ўбачыш. А малады піяніст з Гродна, які цяпер паспяхова выступае па ўсім свеце, і Бацькаўшчыну не забывае. У 2013-м, напрыклад, менавіта па ягонай ініцыятыве ў Гродне прайшоў першы Фэст класічнай музыкі пад незвычайнай назвай TyzenHouse. На запрашэнне Кірыла прыехалі вядомыя выканаўцы. Так  нарадзілася традыцыя, і яна доўжыцца. А названы фэст у гонар гарадзенскага старасты, вядомага мецэната Антонія Тызенгауза. Менавіта ж ён яшчэ ў канцы XVIII стагоддзя шмат зрабіў для Гародні: адкрыў мануфактуры, музычную школу і тэатр, пабудаваў цэлы раён горада. Дарэчы, ужо ў 2014-м гродзенскі фэст сваім музычным крылом закрануў і Мінск: заключны канцэрт паўтараўся на сцэне Беларускай дзяржфілармоніі.

Піяніст-віртуоз Кірыл Кедук

А вось паведамленні з прэсы ўвесну мінулага года: піяніст Кірыл Кедук выступае ў Брэсце. Калегі нагадваюць, што наш зямляк — пераможца  конкурсу Уладзіміра Гаровіца, лаўрэат 15 іншых міжнародных конкурсаў. Ён выступаў з вядомымі аркестрамі Расіі, Германіі, Швейцарыі, Італіі ды ЗША. У адным з тэкстаў аглядальніцы газеты “Культура” Надзеі Бунцэвіч чытаем, што яшчэ падлеткам пасля перамогі ў Кіеве Кірылу прапанавалі прадоўжыць навучанне за мяжой, і ён абраў Польшчу. А лаўрэацтвы ў Германіі (“Kissinger Klavier Olymp”, дзе арганізатары самі выбіраюць удзельнікаў сярод наймацнейшых піяністаў свету) і, асабліва, Англіі (“James Mottram International Piano Competition”) мелі працягам шматлікія гастрольныя туры.

Адна з цікавых музычных падзей у Беларусі з удзелам пiяніста-вiртуоза была прымеркавана да 25-годдзя падпісання Дагавора паміж Беларуссю і Польшчай аб добрасуседстве і дружалюбным супрацоўніцтве. 29 чэрвеня прайшоў канцэрт “Класiка i джаз” у Вялікай канцэртнай зале Белдзяржфілармоніі. Для мінчан і гасцей горада ігралі легенда сусветнага джазу польскі пiяніст Лешак Можджэр, лаўрэат мiжнародных конкурсаў Кірыл Кедук і Дзяржаўны камерны аркестр Беларусі. Ладзілі канцэрт разам з філармоніяй і аркестрам Амбасада Польшчы ў Беларусі, Польскі інстытут у Мінску, Музычны дом “Класiка”, кампанія “AMICA”. Гучалі творы беларускiх i польскiх кампазiтараў.

У праграмцы канцэрта ёсць словы піяніста Джона О’Конара, што Кірыл Кедук — адзін з найцiкавых маладых пiяністаў сучаснасцi, а дырыжор Томас Зандэрлінг лiчыць яго “выбiтным выканаўцам з велiчэзным патэнцыялам для грандыёзнай мiжнароднай кар’еры”. 

Вось некаторыя з канцэртных пляцовак свету, дзе беларус выступае: Steinway Hall у Ню-Ёрку, Зальцбургскi Мацартэум, Вялiкая зала Маскоўскай кансерваторыi, Зала Каралевы Елiзаветы ў Антвэрпэне, Канцэртная зала Марыiнскага тэатра ў Пецярбурзе, Зала Вэрдзi ў Мiлане, Bridgewater Hall у Манчэсцеры, Тэатр Гарыбальдзi ў Палерма, Маскоўскi мiжнародны Дом музыкi ды Hamarikyu Asahi Hall у Токiа...

Нарадзіўшыся ў Гродне, Кiрыл пачаў займацца музыкай у 6 гадоў, а ў 10 — упершыню выступiў з Сiмафанiчным аркестрам. Вучыўся ў Пётры Палечнага ў Музычным унiверсiтэце ў Варшаве, у Барыса Петрушанскага ў Мiжнароднай фартэпiяннай акадэмii Incontri col Maestro (г. Iмала, Iталiя), закончыў аспiрантуру ў класе Грэма Скотта ў Каралеўскiм Паўночным каледжы музыкi ў Манчэсцеры.

І яшчэ адзін штрых да партрэта Кірылы Кедука. У Дзятлаўскай райгазеце “Перамога” змешчана інтэрв’ю з ім. Піяніст кажа: “У Дзятлаве жыве мой дзядзька, а ў суседніх Хадзяўлянах бабуля. Я вельмі люблю прыязджаць да іх, наведваць Дзятлава. Як і суседні Навагрудак. Гэта прыгожыя гістарычныя мясціны”.

Голас Радзімы № 29 (3533), чацвер, 3 жніўня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter