Музычныя лаўры

Лепшым рок-калектывам адыходзячага года назвалі “Без Білета”, а народны хіт адшукалі ў Жыткавіцкім раёне

Лепшым рок-калектывам адыходзячага года назвалі “Без Білета”, а народны хіт адшукалі ў Жыткавіцкім раёне

Нездарма цырымонію ўручэння Нацыянальнай музычнай прэміі, арганізатарамі якой з’яўляюцца тэлеканал СТВ і Міністэрства культуры, праводзяць напярэдадні навагодніх святаў. Якраз надышоў час дарыць падарункі і... атрымліваць па заслугах. У добрым сэнсе гэтага слова, вядома ж. Хто ў адыходзячым годзе арганізаваў самы круты канцэрт, хто аказаўся лепшым у жанры фолк, чые гастролі запомніліся гледачам больш за ўсё і які з музычных альбомаў пабіў усе рэкорды продажаў, вызначылі днямi ў Палацы Рэспублікі. Нацыянальныя музычныя прэміі раздавалі лаўрэатам ажно чатыры з паловай гадзіны! Тое, што цырымонія была зацягнутай, у многім было абумоўлена ідэяй арганізатараў ператварыць мерапрыемства ў чараўніцтва. Намінацыі (а сёлета іх было пятнаццаць) “ператусоўваліся” забаўляльнымі нумарамі, дзе былі і хлопцы на хадулях, і ілюзіяністы, і пачкі балетныя, а часам і ўвогуле нейкі танцавальны трэш — бабулі ад такіх танцаў, убачыўшы іх у тэлеэфіры, будуць, відаць, у шоку.

Любімых выканаўцаў публіка сустракала на ўра. Асабліва групу “Без Білета”, якую журы прэміі прызнала лепшым рок-калектывам па выніках гэтага года. Музыкі так “запалілі” публіку, што хвалі і рухі рукамі ўверх-уніз пад мелодыю новай песні групы “На Ямайку” рабілі нават сталыя жанчыны. Аркестр ансамбля “Харошкі”, прызнаны лепшым этна-фолк-калектывам, падарыў гледачам напярэдадні Новага года песню “Юр’еў конь”. Танцоры прама на кані і выскачылі на сцэну. На саламяным, праўда. Пераможцай у намінацыі “Лепшы поп-выканаўца” стала заслужаная артыстка Беларусі Алёна Ланская, якая прадстаўляла сёлета нашу краіну на “Еўрабачанні”. Алёна падзякавала са сцэны ўсім, хто падтрымліваў яе і творчую групу, якая працавала над падрыхтоўкай да міжнароднага конкурсу. “Нашы сілы, нашы памкненні — усё было заслужана”, — расчулілася спявачка. Песняй года прызналі кампазіцыю Іны Афанасьевай “Падал прошлогодний снег”. Разынкай вечара стала суправаджэнне ўсяго канцэрта Прэзідэнцкім аркестрам Беларусі, творчы рок-праект якога “Дым над вадой” перамог у намінацыі “Лепшы канцэрт года”. Акрамя гэтага вызначылі пераможцаў у наступных намінацыях:

Лепшы музычны альбом — Traukamurauka групы Kriwi
Лепшы джаз-выканаўца — джаз-бэнд Apple Tea
Лепшы аўтар музыкі — Леанід Шырын і Юрый Вашчук
Лепшы аўтар слоў — Павел Берташ
Лепшы аранжыроўшчык — Святаслаў Пазняк
Лепшая беларускамоўная песня — песня “Танчыць” групы ili-ili
Лепшая песня для кіно — песня “Следы Апостолов” Максіма Алейнікава і Фелікса Луцкага ў аднайменным фільме
Лепшы гастрольны тур — адразу два пераможцы: туры Гюнеш і Ірыны Дарафеевай
Лепшы кліп года — кліп на песню “Станцыя” гуртоў “У нескладовае” і “Братья Грим”
Лепшы музычны крытык — Таццяна Мушынская, часопіс “Мастацтва”

Яшчэ некалькі шчасліўчыкаў журы прэміі адзначыла спецпрызамі: “За лепшую харэаграфію” — танцавальны праект “Трэнд дэлюкс”, “Новыя імёны” — Юлію Фомкіну, “Лепшы юны выканаўца” — бронзавага прызёра дзіцячага “Еўрабачання-2013” Іллю Волкава. А вось “народны хіт” журы адшукала ажно ў Жыткавіцкім раёне Гомельскай вобласці. Гэты спецпрыз атрымаў народны ансамбль народнай песні “Верас” за песню “Лісапед”: “Прадавала самагон, прадавала / Трохі грошай я сабе назбірала / На базары лісапед я прыдбала / Найкруцейшай на сяле бабай стала”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Загрузка...
Новости