Маэстра Міхаіл Казінец адзначыць юбілей канцэртам на малой радзіме

Музычны марафон з аркестрам

Народны артыст Беларусі Міхаіл Казінец рых­туецца адзначыць 80-годдзе. Юбілейны дзень нараджэння — 18 мая — маэстра сустрэне на сваёй малой радзіме: на сцэне Вілейскага палаца культуры, разам з землякамі і Нацыянальным акадэмічным народным аркестрам імя І.Жыновіча, якім кіруе ўжо больш за 40 гадоў.

— Міхаіл Антонавіч, чула, што гэта толькі пачатак юбілейнага марафону...

Народны артыст Беларусі Міхаіл КАЗІНЕЦ.
Фота Уладзіміра ШЛАПАКА.
— Так, запланавана яшчэ чатыры канцэрты. Адзін – у чэрвені ў Паставах на міжнародным фес­тывалі «Звіняць цымбалы і гармонік», які я ўзначальваю ўжо 30 гадоў. Астатнія тры – у лістападзе ў Мінску на сцэне Белдзяржфілармоніі, дзе працуе наш калектыў. Усе праграмы розныя, разам з аркестрам у іх удзельнічаюць шэраг вядомых салістаў-інструменталістаў і вакалістаў. Усе яны – былыя выпускнікі нашай Акадэміі музыкі, той пары, калі я служыў там рэктарам, а зараз — вядучыя музыканты краіны.

— А каго і што прадставіце ў канцэрце на малой радзіме?

— Мне хочацца вярнуцца туды не толькі з успамінамі, але і з музыкай на словы нашых нацыянальных паэтаў – Караткевіча, Багдановіча, Купалы, Бураўкіна, Барадуліна. Мне ахвота праз такія асобы паказаць яе землякам. Каб яны пачулі гэтую музыку ў выкананні выдатных вакалістаў нашага аркестра – Насці Рачыцкай, Марыны Васілеўскай, Андрэя Коласава, Ігара Задарожнага і запрошанага саліста Яна Жанчака, салістаў-інструменталістаў — Галіны Лазовік, Дзяніса Чорнага.

 — Выступленне перад землякамі асабліва адказнае і хвалюючае?

— Лічу, такім павінна быць выступленне для любога слухача – ці гэта на малой радзіме адбываецца, ці недзе далёка ад яе, бо павінна быць вялікая павага да тых людзей, якія прыйшлі паслухаць наша выкананне. І нам важна зрабіць яго высокапрафесійным і творча цікавым.

— На сваю малую радзіму такія канцэртныя выезды вы рабілі не раз. У свой час аркестр выконваў тут 9-ю сімфонію Бетховена, Першы канцэрт Чайкоўскага. З Вілейкі пачынаўся ваш гастрольны тур з рок-операй Уладзіміра Мулявіна «Песня пра долю»...

— Як правіла, стараюся пры­язджаць кожны год. Як там у песні: «Трэба дома бываць часцей, трэба дома бываць не госцем».

— Дарэчы, у Вілейскім раёне сёлета вы працавалі ў час рэспуб­ліканскага суботніка.

— Так. Займаліся з землякамі пасадкай лесу. Я рабіў гэта ўпер­шыню, і мне вельмі спада­балася. Спадзяюся, тыя саджанцы добра прыжывуцца. Магчыма, калісьці мае прапраўнукі будуць збіраць у тым лесе грыбы, і пра мяне ім нагадаюць пасаджаныя мной сосны.

Цэнтральная плошча Вілейкі. Менавіта з гэтага горада будучы дырыжор Міхаіл Казінец пачаў свой шлях у прафесію музыканта.

 
— А ў сваёй роднай вёсцы Цын­цавічы ці бываеце?

— Сёлета быў на Радаўніцу, пакланіўся магілам родных. Балючыя такія паездкі. На жаль, мала хто жывы застаўся ў Цын­цавічах з тых, каго я помню і хто можа помніць мяне. Хаця я рады, што вёска жывая, ёсць маладыя людзі, дзеці.

— Ваша любоў да народнай музыкі, песні таксама родам з дзяцінства і з Цынцавічаў?

— Безумоўна. Наогул, лічу, усё, што здараецца добрага, па­чы­наецца з дзяцінства, з таго, што і хто вакол цябе. Мой дзед быў пер­шы на сяле скрыпач, мама выдатна спявала, родныя мне з дзяцінства музычныя інструменты – гармонік і цымбалы, гадоў мо з дзевяці ўжо на вясковых вяселлях іграў.

— Кім у дзяцінстве марылі стаць?

— Шафёрам. Машына да нас у вёску недзе раз у тры месяцы прыязджала, дык мы, дзеці, усе беглі за ёй, каб падыхаць тым паветрам з пахам бензіну.

— А калі перамагла музыка?

— Відаць, калі пераехаў у Ві­лейку, пайшоў у 8-ы клас і пас­тупіў у музычную школу. Пасля яе заканчэння ваганняў, кім стаць, не было – выбраў Віцебскае муз­вучылішча.

— Кансерваторыю вы закончылі двойчы: першы раз як баяніст і дырыжор аркестра народных інструментаў, другі – як дырыжор оперна-сімфанічнага аркестра. А як трапілі ў аркестр да Іосіфа Жыновіча?

— Знаёмства маё з ім адбылося, яшчэ калі стаў студэнтам кан­серваторыі першы раз. У той час прафесар Жыновіч загадваў кафедрай народных інструментаў. А да яго ў аркестр я прыйшоў першы раз у 1966 годзе пасля заканчэння кансерваторыі. Ён даў мне дазвол папрацаваць. Праўда, толькі тры дні я тады падырыжыраваў і зразумеў – мала ведаў. Гэта і было прычынай паступлення ў кансерваторыю зноў. А ўжо калі вучыўся другі раз, з 4-га курса Іосіф Іосіфавіч сам запрасіў мяне працаваць у аркестр у якасці дырыжора. Гэта быў 1972 год. З 1975-га я стаў мастацкім кіраўніком і галоўным дырыжорам калектыву. Так што з аркестрам я ўжо 46 гадоў, больш за палову свайго жыцця.

— Дырыжор — прафесія скла­даная. Якая галоўная якасць па­трэбна, каб кіраваць творчым ка­лектывам?

— Дырыжыраванне – гэта до­пінг у добрым сэнсе слова. Не пера­даць адчуванне масы музычнага гучання пад тваёй рукой! А якасці? Перш за ўсё — прафесіяналізм. Па-другое, трэба ўмець псіхалагічна адчуваць кожнага з артыстаў. Яны ж жывуць не толькі музычнымі вобразамі. У кожнага свае праблемы, цяж­касці, настрой. Гэта — цэлая гама пачуццяў, адносін, якія трэба ўлічваць з разуменнем асобы. Праца дырыжора аднолькава важная і ў музычным плане, і ў псіхалагічным.

— Чым асаблівы ваш калектыў?

— Галоўнае: па складзе такога, як у нас, аркестра больш нідзе няма, ён – унікальны, адзіны ў свеце.

— Хутка заканчваецца канцэртны сезон. Як будзеце адпачываць ад музыкі?

— Я з ёй не расстаюся ніколі. Няхай сабе і на лецішчы буду займацца нейкай сваёй працай, музыка ўсё роўна са мной.

— Жывая сялянская жылка? Цікава, што расце ў вас на дачы і хто ў градах корпаецца?

— Растуць простыя культуры — бульба, буракі, часнок, цыбуля, кабачкі… Усяго пакрыху з таго, што павінна быць, што радуе вока і цепліць сэрца. А ў зямлі корпаецца Казінец Міхаіл, такая праца мне блізкая з дзяцінства. Зямля – гэта цуд! Вясной яна цёплая, рукамі яе бярэш – такая асалода!

— Сям’я ў вас склалася музычная?

— Жонка і дачка – выкладчыкі музыкі. Сын вучыцца музыцы не захацеў, паступіў у радыётэхнічны інстытут. У мяне чатыры ўнукі, і адзін з іх з вялікім задавальненнем займаецца музыкай. Пажадана б яшчэ і праўнукаў дачакацца.

— Вы задаволены, як склаўся ваш лёс?

— Думаю, што стваральнік Сусвету нядрэнна распісаў пар­тытуру майго жыцця. У ім, ка­нешне, усякае бывае, але ў цэлым, лічу, за свой лёс я магу толькі падзякаваць.

svirko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter