Музычнае сугучча па-мсцiслаўску

Нацыянальны канцэртны аркестр працягвае свой праект “Славутыя iмёны Беларусi”

Нацыянальны канцэртны аркестр працягвае свой праект “Славутыя iмёны Беларусi”. Мэта — адраджэнне музычнай спадчыны малых беларускiх гарадоў i мястэчак, якiя ў свой час мелi славу культурна-гiстарычных цэнтраў нашай краiны. 15-га i 16 верасня вядомы калектыў пад кiраўнiцтвам Мiхаiла Фiнберга завiтае ў старажытны Мсцiслаў, дзе адбудзецца V Беларускi фестываль камернай музыкi.

“У нашай фестывальнай прасторы сустрэлiся прадстаўнiкi дзвюх братнiх культур – рускай i беларускай, каб зноў пацвердзiць, што разам мы багацейшыя i на мастацкiя здзяйсненнi, i на творчыя здабыткi”, — адзначае маэстра Фiнберг, гаворачы аб праграме i героях мсцiслаўскага свята. 

На гэты раз славутых iмён два — Мiкалай Аладаў i Восiп Казлоўскi. Першы – кампазiтар, педагог, грамадскi дзеяч, ураджэнец Пецярбурга i выхаванец Пецярбургскай кансерваторыi, якi ўсю велiч свайго магутнага таленту падараваў Беларусi, стаў класiкам нацыянальнай музыкi 20 стагоддзя. Другi – наадварот, з маленства выхаваны на беларускай музычнай глебе, але блiскучую прафесiйную кар’еру на пачатку 19 стагоддзя зрабiў ў Пецярбургу, вызначаў сваiм мастацтвам музычнае аблiчча расiйскай сталiцы, стаў аўтарам першага расiйскага гiмна. Падчас фестывалю дзве канцэртныя праграмы з твораў гэтых выдатных кампазiтараў прагучаць у выкананнi пяцi камерных калектываў аркестра. 

Дарэчы, ён падрыхтаваў для жыхароў горада i раёна яшчэ адзiн музычны падарунак. У Мсцiславе, якi ў фестывальныя днi адзначае сваё 870-годдзе, адбудзецца вялiкi канцэрт з удзелам салiстаў — лаўрэатаў i пераможцаў мiжнародных i рэспублiканскiх песенных конкурсаў.  

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter