Музычнае прадзіва беларускага ручніка

Жадаючыя папасці на фестываль «Маладзечна» станавіліся ў чаргу

Жадаючыя папасці на фестываль «Маладзечна-2011» станавіліся ў чаргу

У адзінаццаты раз хваля Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2011» накрыла горад. На тры дні ён стаў галоўным астраўком нацыянальнай культуры. Міхаіл Фінберг, Пётр Ялфімаў, «Стары Ольса», «J:Морс», Алена Спірыдовіч — тут сабралася нямала зорак айчыннай эстрады. Але галоўнымі героямі свята былі не яны, а пакуль што малавядомыя шырокай публіцы юнакі і дзяўчаты — удзельнікі песеннага конкурсу «Памяці Уладзіміра Мулявіна».

Галоўнай падзеяй першага фестывальнага дня стаў конкурс маладых выканаўцаў, які складаўся з двух тураў. Першую песню яго ўдзельнікі выконвалі пад фанаграму «мінус адзін», другую — у суправаджэнні аркестра пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга.

— Дзіўна, што да Гран-пры ніхто не дацягнуў, — абмяркоўвалі конкурс маладых выканаўцаў гледачы.

— Выбраць каго-небудзь аднаго было цяжка, — падзяліўся ўражаннямі з карэспандэнтам «Р» Аляксандр Бадак, паэт, член журы. — Удзельнікі ў сваёй большасці прафесійныя музыканты. Кампазіцыі Уладзіміра Мулявіна, якія яны выконвалі ў першым туры, вельмі складаныя. Гэта дало магчымасць спевакам паказаць голас. У другім туры трэба было звярнуць увагу на артыстычнасць. На жаль, тут канкурсанты недацягнулі, яны зноў зрабілі акцэнт на вакале. Аднак сучасны артыст павінен быць не толькі спеваком, але і акцёрам. Тым не менш дыпломамі І, ІІ і ІІІ ступені журы адзначыла шасцярых удзельнікаў конкурсу.

Уладальніцай першай прэміі стала спявачка з Жодзіна Кацярына Худзінец.

— Для конкурсу я абрала «Баладу пра бацьку Міная», — кажа дзяўчына. — Тую песню Уладзіміра Мулявіна, якую раней ніхто не спяваў. Праўда, кампазіцыя з альбома 1972 года, таму яе прыйшлося крыху змяніць. На жаль, новая аранжыроўка і элементы джаза, якія я дадала да песні, журы не вельмі спадабаліся. Сказалі, што нумар атрымаўся на амерыканскі манер.

Завяршыў першы дзень рок-канцэрт з удзелам гуртоў «Стары Ольса», «J:Морс», «У нескладовае». Такім чынам, да фестывалю з нацыянальным каларытам змагла дакрануцца нават часам абыякавая да беларускай музыкі моладзь.

— Хто куды, а мы ў Палац культуры! — радаваліся дзяўчынкі, праходзячы ў глядзельную залу. Спяшаліся на канцэрт дзіцячых творчых калектываў, што распачаў другі фестывальны дзень. Мільёны рэпетыцый аддзяляюць маленькіх выканаўцаў ад Уладзіміра Пугача і Ядвігі Паплаўскай. Але іх шчырасць, якая не капіруе зорак з тэлевізара, уражвае.

— Па задумцы рэжысёра 11 дзіцячых выступленняў пераплятаюцца паміж сабой, быццам ствараючы прадзіва беларускай культуры. Спадзяюся, гэты музычны ручнік застанецца ў памяці ўсіх прысутных у зале, — расказала Раіса Вайцяхоўская, дырэктар Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці.

Варта адзначыць, што людзей на фестывалі быццам магнітам цягнула да творчасці паэтаў і бардаў. Напэўна, у гэты дзень паслухаць беларускія вершы хацелася нават тым, хто апошні раз чуў пра паэзію яшчэ ў школе. Музей Янкі Купалы ў Вязынцы, дворык маладзечанскага музычнага вучылішча імя М. К. Агінскага — месцаў, дзе гучала вершаванае беларускае слова хапала.

А ў гэты час апошнія падрыхтоўкі да гала-канцэрта рабіў і маэстра Міхаіл Фінберг.

— Я разглядаю канкурсантаў з пазіцыі іх далейшых перспектыў, — сказаў ён. — Паверце, нам патрэбны не проста зоркі, а асобы, якія змогуць надаць нашай культуры індывідуальнасць. Але для гэтага патрэбна шмат працаваць.

Дарэчы, білеты на канцэрт раскупілі хутка. У Палацы культуры нават вёўся спіс тых, хто не паспеў дабегчы да касы, але ўсё яшчэ марыў набыць квіток.

Для тых жа, каму духоўнае мастацтва падабаецца больш за матэрыяльнае, арганізатары фестывалю прапанавалі наведаць тэатр, дзе маладзечанская «Батлейка» прэзентавала спектакль па п’есе Янкі Купалы «Яна і я», на які, дарэчы, завітаў і Павел Латушка, міністр культуры Беларусі.

— Асаблівасць «Маладзечна-2011» у тым, што фестываль доўжыцца на працягу трох дзён, — зазначыў Павел Паўлавіч. — Прызнацца, спачатку з-за рэспубліканскіх «Дажынак» мы планавалі перанесці яго ў іншы горад або праводзіць у наступным годзе. Але перадумалі і добра зрабілі. Пры гэтым мы пашырылі канцэпцыю свята, да прыкладу, уключылі ў праграму рок-канцэрт і тэатральныя спектаклі.

Завяршыла другі дзень фестывалю першая частка гала-канцэрта, прысвечаная творчасці Уладзіміра Мулявіна. Паслухаць песні мэтра айчыннай эстрады ў выкананні беларускіх артыстаў прыйшлі людзі розных узростаў. А некаторыя маладзечанцы, відаць, тыя, да каго не дайшла чарга ў спісе, стаялі ля амфітэатра ў надзеі трапіць сюды. Назаўтра свята працягнулася. І зноў быў «Горад майстроў», спевы, гала-канцэрт. Але на душы было неяк сумна. І не таму, што наступны фестываль «Маладзечна-2011» будзе толькі праз два гады. А таму, што ўжо на наступны дзень тут наўрад ці пачуеш столькі беларускіх слоў.

На здымку: старшыня журы Міхаіл Фінберг віншуе Кацярыну ХУДЗIНЕЦ.

Фота: БЕЛТА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter