Музычнае благаслаўленне

Паланезы i накцюрны старадаўняга часу. Флейта i кларнет у сугуччы з фартэпiяна... Загадкавы экспрэсiўны джаз i народныя цымбалы. Гэтае каларытнае дзейства можна было ў мiнулыя выхадныя пачуць i ўбачыць на святой зямлi горада Заслаўя, дзе добрай традыцыяй стаў штогадовы музычны фестываль.

Сёмы раз у дзень святкавання святога Хрышчэння сустрэў слаўны горад сваiх гасцей. Што адметна — кожны год прыродная стыхiя як быццам адзначае музычнае свята разам з людзьмi. На гэты раз шквальны вецер iграў свой канцэрт, але гэта анiяк не пашкодзiла запланаваным мерапрыемствам. Напэўна, таму, што сем — лiчба шчаслiвая. А яшчэ дзякуючы намаганням арганiзатараў фестывалю — Мiнскаму аблвыканкаму i райвыканкаму, Заслаўскаму гарадскому савету i Нацыянальнаму канцэртнаму аркестру Беларусi.
Праграма фэсту пачалася творчай сустрэчай мастацкага кiраўнiка фестывалю, народнага артыста Беларусi, лаўрэата Дзяржаўнай прэмii Беларусi, прафесара Мiхаiла Фiнберга з заслаўчанамi. Маэстра выказаў падзяку за гасцiннасць, расказаў пра асноўныя праблемы сучаснага фестывальнага жыцця. А гэта i недахоп спецыялiстаў, i недакладнасць у правядзеннi конкурсаў (куды, напрыклад, iсцi маладому выканаўцу пасля перамогi i атрымання Гран-пры?), i недастатковая ўвага, асаблiва моладзi, да камернай музыкi. Мiхаiл Якаўлевiч упэўнены, што зроблена шмат, але мы павiнны зрабiць яшчэ больш, каб беларускую музыку ведалi ва ўсiм свеце. А для гэтага перш за ўсё трэба выхоўваць чалавека-патрыёта i музыку-патрыёта. I цi гэта не ёсць словы сапраўднага сына сваёй Бацькаўшчыны! Так i хочацца правесцi паралель з другiм патрыётам Айчыны, 200-годдзю з дня нараджэння якога i быў прысвечаны фестываль: нашаму слаўнаму суайчыннiку — Напалеону Ордзе. Як выдатна адзначыла вядучая праграмы, доктар мастацтвазнаўства, прафесар Вольга Дадзiёмава, у гэтай славутай асобе неяк нечакана спалучылiся еўрапейскi шарм i азiяцкая рашучасць (бацька Напалеона быў з беларускiх татар). За што б нi браўся наш зямляк, у яго ўсё атрымлiвалася бездакорна. Ён аўтар шматлiкiх архiтэктурных пейзажаў, па якiх дагэтуль у Еўропе рэстаўрыруюць помнiкi архiтэктуры. А яшчэ Напалеон Орда — сусветна вядомы кампазiтар. Сучаснiк Манюшкi, Шапэна, Лiста, Берлiёза, ён выдатна ведаў i адчуваў музыку свайго часу i ствараў сваю, паглыбленую i настальгiчную: пераважна паланезы, накцюрны i мазуркi.
Напалеон Орда нарадзiўся ў вёсцы Варацэвiчы, што на Брэстчыне. Вучыўся на фiзiка-матэматычным факультэце Вiленскага унiверсiтэта, браў урокi музыкi i жывапiсу. За ўдзел у рэвалюцыйнай групоўцы ў 1827 годзе быў выключаны. Пасля былi доўгiя гады эмiграцыi ў Парыжы, куды ён прыйшоў пешшу пасля падаўлення паўстання. У сталiцы еўрапейскага стылю наш суайчыннiк выступаў разам з Фрэдэрыкам Шапэнам, праявiў сябе не толькi як таленавiты пiянiст i кампазiтар, але i як выкладчык. У хуткiм часе атрымаў прапанову заняць высокi пост кiраўнiка iтальянскай оперы ў Парыжы. І... Нiшто не змагло затрымаць апантанага музыку, улюбёнага ў родны край, калi ён даведаўся пра амнiстыю ўдзельнiкам паўстання. Нiякае прызнанне па-за радзiмай не магло зрабiць яго шчаслiвым, таму ў 1856 годзе ён вярнуўся ў Варацэвiчы.
Асваенне беларускай музычнай спадчыны — справа цяжкая i даўгачасная. Шмат iмёнаў засталiся невядомымi нашым сучаснiкам. I таму асаблiвая павага Нацыянальнаму канцэртнаму аркестру Беларусi. Гэта адзiны ў нашай краiне калектыў, якi па-новаму адкрывае славутых кампазiтараў i выканаўцаў старажытнай музыкi. I гэта заўсёды атрымлiваецца якасна.
Не стаў выключэннем i сёлетнi канцэрт. У зале ўсталявалася атмасфера, якая нагадвала музычны салон часоў вялiкага майстра. У выкананнi ансамбля флейтыстаў пад кiраўнiцтвам прафесара Барыса Нiчкова i дацэнта Генрыха Гедыльтэра, ансамбля кларнетыстаў пад кiраўнiцтвам заслужанага артыста Рэспублiкi Беларусь дацэнта Генадзя Забары i камернага аркестра пад кiраўнiцтвам заслужанага артыста Рэспублiкi Беларусь дацэнта Валерыя Сарокi прагучалi лепшыя паланезы i накцюрны Напалеона Орды. У другi дзень фестывалю бiг-бэнд Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусi пад кiраўнiцтвам Мiхаiла Фiнберга парадаваў аматараў джаза. Дарэчы, хто не паспеў пазнаёмiцца з канцэртнай праграмай фестывалю, мае шанц “рэабiлiтавацца” 15 лютага ў Беларускай дзяржаўнай фiлармонii, дзе канцэрт будзе ладзiцца пад патранатам ЮНЕСКА i пры падтрымцы Мiнiстэрства культуры Беларусi.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter