“Музы Нясвіжа” запрашаюць на свята

У Нясвіжы ў гэтыя дні будуць іграць флейтысты і кларнетысты, спяваць эстрадныя выканаўцы і здзіўляць са сцэны прафесійныя тэатральныя акцёры. На радзіме Радзівілаў пройдзе XIX свята мастацтваў “Музы Нясвіжа — 2014”.

У Нясвіжы ў гэтыя дні будуць іграць флейтысты і кларнетысты, спяваць эстрадныя выканаўцы і здзіўляць са сцэны прафесійныя тэатральныя акцёры. На радзіме Радзівілаў пройдзе XIX свята мастацтваў “Музы Нясвіжа — 2014”.

Праграма распачнецца ўжо сёння ўвечары спектаклем “Гэта таго стоіць” па п’есе Мікалая Каляды, яго прадставіць заслужаны аматарскі калектыў тэатра імя Уршулі Радзівіл Нясвіжскага раённага цэнтра культуры і адпачынку. Заўтра адбудзецца прэзентацыя новай кнігі “Мастацкія цуды Нясвіжскай зямлі”, пройдзе навукова-практычная канферэнцыя “Беларуская думка ў пошуку новых вымярэнняў” і адкрыюцца дзве мастацкія выставы.

Упрыгожаннем свята мастацтваў стануць канцэрты Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра пад кіраўніцтвам прафесара Міхаіла Фінберга і яго камерных калектываў. 23 і 24 мая прагучаць творы Радзівілаў, а таксама кампазітараў, якія працавалі пры іх двары. Сімвалічна, што канцэрты старадаўняй айчыннай музыкі адбудуцца менавіта ў тых мясцінах, дзе калісьці тая музыка нараджалася, — у Радзівілаўскім замку і Нясвіжскай ратушы.

Яднаннем розных эпох у нясвіжскай прасторы стане канцэрт, прысвечаны юбілею першай беларускай оперы “Агатка”, створанай і пастаўленай у Нясвіжы 230 год таму. Парадуе знакаміты аркестр і спецыяльна падрыхтаванай маладзёжнай праграмай, падчас якой выступяць такія вядомыя салісты, як Юрый Вашчук, Дзмітрый Качароўскі, Наталля Тамэла, Руслан Мусвідас і іншыя.

Традыцыйна “Музы Нясвіжа” праводзяцца пры дзейснай падтрымцы Мінскага аблвыканкама і Нясвіжскага райвыканкама.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter