22 і 23 мая «Музы Нясвіжа» збяруцца на свой 20-гадовы юбілей

Музы мастацтваў ляцяць у Нясвiж

Нясвіж часта называюць маленькім Парыжам, некаранаванай сталіцай Вялікага Княства Літоўскага. А 20 гадоў таму гэты старажытны горад быў абвешчаны сталіцай асветніцкага свята мастацтваў «Музы Нясвіжа».


Праводзіць яго тут было вырашана не без падстаў. Роля Нясвіжа ў развіцці, у прыватнасці нацыянальнай музычнай культуры, выключная. Магнацкі род Радзівілаў, які валадарыў некалі ў гэтых мясцінах, нястомна імкнуўся да набыцця горадам славы аднаго з буйнейшых культурных цэнтраў Еўропы. Менавіта Нясвіж у XVII—XVIII стагоддзях з`яўляўся месцам прыцягнення лепшых музычных сіл, тут стваралася, а пасля распаўсюджвалася па свеце музычная плынь, якая адмыслова спалучала ў сабе элементы мясцовай і заходняй культур.

Вярнуць слухачам творы тых часоў — незаслужана забытыя, малазнаёмыя, а часцей зусім невядомыя — узяўся Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр на чале з яго мастацкім кіраўніком народным артыстам краіны Міхаілам Фінбергам. І гэтая ініцыятыва адразу была падтрымана мясцовымі ўладамі. З тым, каб пацвердзіць: гісторыя нашай музыкі пачалася не з 1917 года, як некалі вучылі ў кансерваторыі, а значна раней. І ствараліся тут паланэзы, мазуркі, санаты і оперы, не горшыя за прызнаную еўрапейскую класіку. Дзякуючы праведзенай за гэтыя гады велізарнай творчай і навуковай працы сёння мы ведаем сваю музычную спадчыну пачынаючы з XVII стагоддзя.

Адроджаныя з нябыту сачыненні Міхала Клеафаса Агінскага, Яна Голанда, Міхала Ельскага, Напалеона Орды, Восіпа Казлоўскага, Станіслава Манюшкі, Мечыслава Карловіча, Мацея і Антонія Радзівілаў, якія некалі гучалі на балях у замках, выконваліся ў шляхецкіх сядзібах, а іншы раз і разыходзіліся адсюль далей па свеце, знайшлі ў Нясвіжы свайго ўдзячнага слухача. Насуперак меркаванню, быццам акадэмічная, альбо так званая сур`ёзная, музыка не прываблівае масавую аўдыторыю, тым больш за межамі Мінска. Пацвярджэнне гэтаму — нязменныя аншлагі ў час нясвіжскіх канцэртаў на працягу ўсіх фестывальных гадоў. Асабліва ж маэстра Фінберг ганарыцца тым, што прыходзяць на такія імпрэзы ўжо дзеці тых, хто некалі быў слухачом першых музычных свят.


Аншлаг абавязкова будзе і зараз, калі 22 і 23 мая «Музы Нясвіжа» збяруцца на свой 20-гадовы юбілей. Мерапрыемствы пройдуць у цэнтральнай раённай бібліятэцы, гарадской ратушы, цэнтры культуры і адпачынку, тэатральнай зале Палацавага ансамбля. Гледачоў запросяць на разнастайную, цікавую, пазнавальную праграму, у якой ёсць месца і абмену навуковымі думкамі, і знаёмству з творамі выяўленчага мастацтва, і, канешне, новым сустрэчам з добрай музыкай.

Дваццаць гадоў для творчага праекта — гэта сведчанне яго сталасці і запатрабаванасці. У дачыненні да «Муз Нясвіжа» — выснова відавочная. Фестываль не толькі развіваецца сам, збірае новых прыхільнікаў, выхоўвае свайго слухача. Ад яго эстафету адраджэння нашай невядомай музычнай спадчыны перанялі многія іншыя невялікія гарады краіны, адметныя сваім гістарычным і культурным мінулым. Свята «Музы Нясвіжа» стала папярэднікам фестываляў, якія цяпер штогод ладзяцца аркестрам у Заслаўі, Мсціславе, Тураве, Чачэрску, Пінску, Хойніках. Усяго — у 21 раённым цэнтры.

Арганізаваць і правесці адметнае музычнае свята — справа ня-простая. Зрабіць яго традыцыйным — складаней утрая. Але заснавальнікі нясвіжскіх імпрэз упэўнены: старадаўняя і сучасная нацыянальная музыка павінна гучаць тут і надалей. І значыць, у наступным маі музы зноў завітаюць у сваю гасцінную сталіцу.


ДАРЭЧЫ

Свята мастацтваў «Музы Нясвіжа» грунтуецца на трывалым навуковым падмурку. Удзел у ім і яго падрыхтоўцы прымаюць вядучыя спецыялісты краіны ў галіне гісторыі, архітэктуры, музычнага, тэатральнага, выяўленчага мастацтва. Плён іх даследчыцкай працы ўвасобіўся сёлета ў кнігу «Музы Нясвіжа»: 20 гадоў мастацкага асветніцтва». Яе прэзентацыя адбудзецца ў час навукова-практычнай канферэнцыі, якая спадарожнічае святу ад заснавання.
Ірына СВІРКО

isvirko@mail.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter