Музы ў горадзе

Нацыянальны аркестр правёў чарговы фестываль «Музы Нясвіжа»

Культурна-асветніцкае свята ў Нясвіжы працягвае аднаўленне гістарычнага шляху айчыннага музычнага мастацтва

«Музам Нясвіжа» — 16. Менавіта столькі гадоў ладзіцца ў старажытным горадзе асветніцкае свята мастацтваў, якое стала першай ластаўкай у справе здзяйснення Нацыянальным акадэмічным канцэртным аркестрам Беларусі і яго нястомным кіраўніком Міхаілам Фінбергам высакароднай мэты — аднаўлення недаравальна забытых, а іншым разам і зусім невядомых старонак айчыннай музычнай спадчыны, імёнаў і твораў таленавітых кампазітараў — старадаўніх і сучасных, ураджэнцаў беларускай зямлі і тых, хто ў розныя часы на ёй жыў і працаваў.

За гэтыя гады прайшло многа цікавых канцэртаў. Але, як слушна адзначае маэстра Фінберг, важна, што ўсе яны грунтуюцца на моцным навуковым падмурку, і ўсе 16 гадоў «Музам Нясвіжа» спадарожнічаюць навукова-практычныя канферэнцыі з удзелам лепшых беларускіх гісторыкаў, музыказнаўцаў, мастацтвазнаўцаў. 16 зборнікаў навуковых даследаванняў выпушчана за гэты час. Гэтыя кнігі — сапраўдныя падручнікі гісторыі нацыянальнай музычнай культуры.

Дарэчы, як мяркуе старшыня Нясвіжскага райвыканкама Іван Крупко, ёсць задумкі ў наступным годзе пашырыць кола ўдзельнікаў навуковай канферэнцыі: выдзеліць для яе правядзення больш прасторную залу, каб запрасіць зацікаўленых слухачоў і з суседніх з Нясвіжчынай раёнаў. Па яго словах, не выключана, што і галоўныя канцэрты «Муз Нясвіжа — 2012» змогуць адбыцца на новым месцы — ля сцен радзівілаўскага Нясвіжскага замка. Агульнабудаўнічыя работы на ім плануецца завяршыць да сёлетняга ліпеня, а ў лістападзе—снежні — закончыць рэстаўрацыю.

Як адзначыў, вітаючы гасцей і ўдзельнікаў свята, намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Віктар Шчэцька, у Нясвіжскім раёне і па вобласці ў цэлым сёння шмат робіцца для культурнага развіцця рэгіёна і яго жыхароў. А дзякуючы канцэртам «Муз Нясвіжа», па словах Віктара Уладзіміравіча, ён і сам пачаў лепш разбірацца ў музыцы. Як заўважыў жартам, яшчэ гады праз тры, дык і на якім з інструментаў зайграе.

Сёлетняе свята «Музы Нясвіжа», якое ладзіцца Нацыянальным акадэмічным канцэртным аркестрам Беларусі ў садружнасці з Міністэрствам культуры, Мінскім аблвыканкамам, Нясвіжскім райвыканкамам, не адышло ад асветніцкіх традыцый аднаўлення гістарычнага шляху айчыннага музычнага мастацтва. Творы беларускіх кампазітараў-юбіляраў даўніх эпох і ХХ стагоддзя (ад Мацея Радзівіла і Мячыслава Карловіча да Дзмітрыя Лукаса, Аляксея Туранкова, Рыгора Пукста) прагучалі ў выкананні камерных калектываў аркестра — ансамбляў флейтыстаў, кларнетыстаў, трубачоў, салістаў на драўляных духавых інструментах, вакальнага. Струнны аркестр прэзентаваў праграму «Поры года» з музычнага праекта «Нясвіж у цэнтры Еўропы» з сачыненнямі Вівальдзі, Чайкоўскага, Пьяцолы. У гарадской ратушы адбылося выступленне беларускага віртуоза кларнета лаўрэата міжнародных конкурсаў Уладзіміра Солтана.

Свята мастацтваў доўжылася тры дні. Яркімі яго старонкамі сталі таксама Музычная асамблея, якая на гэты раз сабрала прыхільнікаў ансамблевага выканання, спектакль Мінскага абласнога драматычнага тэатра, мастацкая выстаўка выхаванцаў дзіцячай студыі Палаца культуры Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода. Завяршыў праграму фэста гала-канцэрт папулярных эстрадных песень і джаза.

— 16 гадоў таму распачаты ў Нясвіжы фестываль быў у пэўнай ступені эксперыментальным. Сёння ён мае плён, і я ганаруся, што за гэты час на нясвіжскай зямлі нам удалося выхаваць пакаленне шчырых прыхільнікаў і слухачоў беларускай музыкі, — гаворыць маэстра Фінберг.

Нагадаем, што нясвіжскі «эксперымент» распаўсюдзіўся па краіне. Сёння па ініцыятыве Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра падобныя культурна-асветніцкія імпрэзы праводзяцца ўжо ў 15 так званых малых гарадах, сярод якіх Заслаўе, Мсціслаў, Пінск, Хойнікі, Мір, Чачэрск, Тураў, Іванава.

На здымку: струнны аркестр Нацыянальнага акадэмiчнага канцэртнага аркестра Беларусi пад кiраўнiцтвам Валерыя САРОКI.

Фота: БЕЛТА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter