Кому посвящал свои произведения Якуб Колас

Музы дзядзькi Якуба

Пясняр, класік, заснавальнік новай нацыянальнай літаратуры, народны паэт, грамадскі дзеяч, акадэмік. Манументальны вобраз Якуба Коласа, са дня нараджэння якога сёлета спаўняецца 135 гадоў, мы ўяўляем сабе яшчэ са школьных часоў. Але ён жа і звычайны чалавек — са сваімі думкамі, пачуццямі, радасцямі, захапленнямі. Напрыклад, ці многім вядома, што Якуб Колас вельмі ўзнёсла ставіўся да жанчын, да іх прыгажосці і абаяльнасці. Яны станавіліся яго музамі, са многімі ён сябраваў, перапісваўся, прысвячаў ім вершы. Сярод створаных ім жаночых вобразаў няма адмоўных, а большасць з іх маюць рэальных прататыпаў. У Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа шмат сведчанняў пра гэта. «Для мяне жанчына — гэта тое самае, што для набожнага хрысціяніна ікона», — піша паэт у адным з лістоў.

Якуб КОЛАС з жонкай і сынамі, Мінск, 1928 г.

Аляксандра Зотава


Яны ўпершыню ўбачыліся летам 1907-га ў Вільні. Аляксандра зайшла ў рэдакцыю газеты «Наша ніва» і сустрэла там бледнага, худога маладога чалавека з сумным поглядам. Рэдактар Уласаў расказаў, што гэта настаўнік Міцкевіч, з якім ён пазнаёміўся ў цягніку і ў якога адкрыў паэтычны талент.
Аляксандра ЗОТАВА.

Яна была вучаніцай віленскага Марыінскага вышэйшага жаночага вучылішча, дачкой віленскага настаўніка Георгія Зотава. Паэт бываў у іх дома, дзе вечарамі збіралася моладзь. Аднойчы, перад новым 1908 годам, згаварыліся паехаць у Пецярбург, каб паглядзець сталіцу. А ў выніку на зборны пункт з усёй кампаніі з’явіліся толькі двое — ён і яна. Але — паехалі, разам хадзілі па тэатрах, музеях.

5 студзеня 1908 года ён пакіне сяброўцы на памяць у альбоме лірычны верш. У маі падорыць сваю фатаграфію з подпісам. А ў верасні трапіць у турму на тры гады. Але сяброўства і перапіска з Аляксандрай працягнуцца. Некалькі разоў яна наведае паэта-вязня. А пасля ў адзін са сваіх візітаў паведаміць: «Ведаеце, Якуб! Я выходжу замуж».

«Больно мне было тогда слышать эти слова. Она больше ко мне не приходила, и с тех пор я не видел ее», — пісаў пазней Колас.

Яны сустрэліся праз 45 гадоў, у жніўні 1954-га. Дзверы яго кабiнета ў Акадэміі навук нясмела адчынiла пажылая жанчына і сказала: «Я только посмотрю на вас и уйду. Узнаете меня?» Паэт пазнаў адразу. Яна расхвалявалася і хутка пайшла. А ён разгубіўся і не затрымаў, каб пагаварыць. Прызнаваўся потым: «Мне как-то стало даже грустно — так уходит время, так уносит и молодость, и свойственную ей красоту…»

Марыя Міцкевіч


Марыя КАМЕНСКАЯ

Са сваёй будучай жонкай Колас пазнаёміўся ў Пінску на курсах настаўнікаў, якія ён вёў. Сярод іншых прыгажуню Марыю Каменскую заўважыў адразу, стаў праводзіць дадому, тайком пісаў прысвечаныя ёй вершы, але на далейшыя крокі не адважваўся. Неяк яна прапанавала яму сама: што хадзіць, Костусь, можа, пажэнімся ўжо? І яны пабраліся шлюбам у 1913-м.

У сям’і Міцкевіч нарадзіліся трое сыноў: Даніла, Юрка і Міхась. Марыя Дзмітрыеўна была клапатлівай жонкай і маці, добрай гаспадыняй, а таксама першым чытачом, слухачом, дарадцам і крытыкам твораў свайго мужа. 

«Мілы друг мой», «мая зорка», «мая добрая дружачка», «мая святыня» — так называў Якуб Колас жонку, жанчыну свайго жыцця, якая была для яго ўсiм: каханай, сябрам, паплечнiцай.

Гады вайны былі цяжкім выпрабаваннем для Марыі Дзмітрыеўны. Эвакуацыя ў Ташкент, адсутнасць вестак з фронту ад сярэдняга сына Юркі… Яна моцна перажывала, хварэла. У 1944-м Колас адвёз яе ў Маскву. Там зрабілі аперацыю, але выздараўлення не адбылося. 21 мая 1945 года Марыі Дзмітрыеўны не стала. 

Праз усё жыццё Колас пранёс вернасць і высакародства пачуццяў да сваёй Марусі. У 1952-м напіша ў адным з лістоў: «Мая нябожчыца жонка была самым лепшым другам маім. Такія жанчыны, як яна, пападаюцца не часцей, як адна на 10 000 жанчын. На маёй дарозе траплялася многа прыгожых дзяўчат і маладзіц. Шмат кім з іх я глыбока захапляўся, але перад Марыяй Дзмітрыеўнай я быў чысты. Скажу болей (а Ваша справа — паверыць ці не паверыць): і да жаніцьбы, і пасля жаніцьбы я ніколі не здрадзіў сваёй жонцы…»

Ці вось яшчэ: «Вядома, мае платанічныя захапленні не маглі аставацца незаўважанымі Марыяй Дзмітрыеўнай. Яна гэта цяжка перажывала, але яна не ведала, што болей дарагога для мяне чалавека, чым яна, не было і няма на свеце і што я быў верны толькі ёй адной».

Святлана Сомава


Аддаленасць ад Бацькаўшчыны, што засталася пад фашысцкай навалай, трывога за Юрку, слабае здароўе жонкі, бежанскія турботы і клопаты… У час эвакуацыі ў Ташкенце шчырае спачуванне i дапамогу Колас адчуў ад Святланы Сомавай, рускай паэтэсы і перакладчыцы, якая працавала ў Саюзе пiсьменнiкаў Узбекiстана. Святлана Аляксандраўна нарадзiлася ў Пецярбургу, разам з бацькамi яшчэ дзіцем пераехала ў Ташкент. Добразычлiвасць, сардэчнасць маладой таленавітай паэтэсы падтрымлівалі і натхнялі Коласа, чыё сэрца было перапоўнена скрухай у далёкiм узбекскiм горадзе. Нягледзячы на ўзроставую рознiцу, іх звязала роднасць душ. Сяброўства працягвалася з канца 1941-га і да апошнiх гадоў жыцця паэта. Сведчанне таму — узаемныя вершы-прысвячэннi, багатая перапiска, дзённікавыя нататкі песняра са згадкамі пра Святлану.

Аляксандра Кетлер


Аляксандра КЕТЛЕР


У адным з пісем 1955 года Якуб Колас піша, што з Аляксандрай Антонаўнай яны пазнаёміліся роўна 10 гадоў таму. У той час яму ўжо за 60, жонка памерла, пісьменнік цяжка перажываў страту, пакутаваў ад адзіноты. Аляксандра, Алеся, Былінка, як яе назваў Колас, стала яго аддушынай.

Пісьменнік быў старэйшы за яе на 33 гады. Яна працавала бухгалтарам у Доме друку. У яе былі муж і дачка, але гэта не перашкаджала адносінам. Ён дапамагаў ёй матэрыяльна, рабіў падарункі, едучы па справах, часта браў з сабой у Маскву. Даражыў гэтым сяброўствам, прызнаваўся, што гэтая дружба звязвае яго з жыццём і дае яму ў ім апору. Праўда, расказваюць, што Алеся, спачуваючы перажыванням Коласа, далёка не бескарысліва да яго ставілася. 

Ці было гэта яго позняе каханне? Хто дасць дакладны адказ? У адным з лістоў да Кетлер Колас піша, маўляў, людзі па-рознаму могуць гаварыць пра нас, але самі з вамі мы ведаем, што гэта чыстыя сяброўскія адносіны.

***


Ніна КУЛАКОЎСКАЯ.

Ядвіга Баранцэвіч. Ёй захапляўся малады вясковы настаўнік Міцкевіч — будучы Якуб Колас. Яна стала правобразам Ядвісі Баранкевіч, у якую быў закаханы малады настаўнік Лабановіч з трылогіі «На ростанях». 

Ніна Кулакоўская. У фондах музея захоўваецца 19 лістоў Якуба Коласа, адрасаваных жонцы пісьменніка Аляксея Кулакоўскага. У апошнія гады жыцця паэт моцна сябраваў з гэтай сям’ёй. Разам з Кулакоўскімі часта бываў у Доме творчасці пісьменнікаў у Каралішчавічах. 

Наталля Чакалінская. З ёй Якуб Колас быў знаёмы з 1921 года. Цёплыя сяброўскія адносіны яны пранеслі праз усё жыццё. Наталлі Іванаўне паэт прысвяціў некалькі вершаў. У 1950-я яна друкавала яго творы. 

Яўгенія Пфляўмбаўм, жонка пісьменніка Максіма Лужаніна, паспрабавала даць разгадку ўзаемных цёплых і шчырых адносін Якуба Коласа з жанчынамі. У 1955-м яна пісала паэту: «Наогул, я пераканалася, дарагі дзядзька Якуб, што многія жанчыны хінуцца да Вас душою. Гэта, відаць, таму, што Вы з асаблівай цеплынёю ставіцеся да іх, што Вы як паэт умееце бачыць у іх тое ўнутранае, часта прыхаванае хараство, той «кристалл», аб якім Горкі пісаў, што ён «кристаллизуется только на основе кристалла».

svirko@sb.by

Аўтар выказвае ўдзячнасць Дзяржаўнаму літаратурна-мемарыяльнаму музею Якуба Коласа за прадастаўленыя тэкставыя і фотаматэрыялы

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter