«Мужык Марэй» з Палесся?

ПАБЫВАЦЬ у Дастоева Іванаўскага раёна і не наведаць мясціны, дзе стаяў маёнтак славутых людзей, — недаравальна. І вось настаўнік-гісторык, дырэктар народнага музея Дастаеўскага Анатоль БУРАК вядзе мяне за ваколіцу, паказвае на ўзгорак, дзе захавалася купка дрэў: — Там і стаяла будыніна. А да маёнтка вяла палявая дарога. І вось мы на месцы, дзе стаяў маёнтак продкаў Фёдара Дастаеўскага. Мой гід здымае шапку, нібы кланяецца тутэйшым прасторам, і пачынае ўспамінаць: — Мы тут у маленстве гулялі. Вакол раслі чаромха, бэз, крыху далей стаялі збуялыя кусты парэчак, агрэсту...

Фёдар Дастаеўскі не наведваў вёску Дастоева ў Іванаўскім раёне, але ведаў, што тут яго карані.

ПАБЫВАЦЬ у Дастоева Іванаўскага раёна і не наведаць мясціны, дзе стаяў маёнтак славутых людзей, — недаравальна. І вось настаўнік-гісторык, дырэктар народнага музея Дастаеўскага Анатоль БУРАК вядзе мяне за ваколіцу, паказвае на ўзгорак, дзе захавалася купка дрэў: — Там і стаяла будыніна. А да маёнтка вяла палявая дарога. І вось мы на месцы, дзе стаяў маёнтак продкаў Фёдара Дастаеўскага. Мой гід здымае шапку, нібы кланяецца тутэйшым прасторам, і пачынае ўспамінаць: — Мы тут у маленстве гулялі. Вакол раслі чаромха, бэз, крыху далей стаялі збуялыя кусты парэчак, агрэсту...

ЗАХАВАЛІСЯ рэшткі глыбокага склепа. Там з вучнямі рабілі раскопкі, знайшлі экспанаты для школьнага музея: відэльцы, лыжачкі, кавалкі кафлі, цагліну з адбіткамі пальцаў, манеты, фрагменты посуду.

А ці вядома, што ўяўляў сабой маёнтак Дастаеўскіх? Аказваецца, ёсць цікавая папера, якая захоўваецца ў Цэнтральным архіве Украіны. Гэта інвентар 1754 года, дзе падрабязна апісана сядзіба Дастаеўскіх у беларускай вёсцы. Была яна абнесена драўляным частаколам, а збоку параднай брамы — цаглянай сцяной. Галоўны ўезд быў збудаваны ў форме двух’яруснага гонтавага шатра. За ім — драўляны маёнтак літарай “П”. У ім — прасторныя сенцы, сталовая, зала для ўрачыстых прыёмаў, кафляная печка, шафа з посудам. У доме — пяць жылых пакояў, хатняя капліца, гаспадарчыя памяшканні. Асобна стаялі пабудовы з кухняй, каморай, стайняй, карэтнай, склепам. У фальварку жылі абслуга, рамеснікі. Ну, і, вядома, меўся свой бровар, дзе рабілі квас, піва, гарэлку.

— Каторы год мару аднавіць сядзібу Дастаеўскіх. Там можна было б і музей размясціць, бо тром тысячам экспанатаў даволі цесна ў школьных сценах. На месцы былога маёнтка можна пабудаваць гасцінны двор, кавярню і бровар з нацыянальнымі стравамі і напоямі, зробленымі па старажытных рэцэптах. А ўсіх гасцей сюды даставяць коні, якіх разводзяць у СВК “Дастоева”, — кажа Анатоль Іосіфавіч.

Анатоль Бурак завёў і ў музей. На маё пытанне: “Адкуль ёсць і пайшоў род Дастаеўскіх, як яны апынуліся тут?” — настаўнік-гісторык паказаў мне цікавы стары дакумент, які быў выдадзены пінскім князем Фёдарам Яраслававічам 6 кастрычніка 1507 года. Згодна з той граматай, якая замацавана подпісам самаго караля Жыгімонта, князь падараваў свайму баярыну Данілу Іванавічу Ірцішчаву некалькі дворышчаў у вёсках Дастоева, Полкацічы, Парэчча, Востраў, Моладава. За што атрымаў такі падарунак Даніла Іванавіч? За ваенную службу і, напэўна, за нейкі подзвіг. Бо не ўсе верныя слугі яго вялікасці атрымоўвалі такія вялізныя кавалкі зямлі, ды яшчэ ў тых чароўных мясцінах, дзе любіў адпачываць сам князь.

Адным словам, Ірцішчавы пасяліліся ў абжытай мясціне, якая ўзгадваецца ў літоўскай метрыцы ў 1452 годзе, хаця на самой справе яна значна старэй. І, відаць, пад уплывам таго, што пінскі князь сяліў у Дастоева паважаных, дастойных людзей, якія абслугоўвалі яго і гасцей падчас паляванняў і баляванняў, новыя ўладары вёскі пачалі пісаць у дакументах і называць сябе Дастаеўскімі. Анатоль Бурак удакладняе:

— Паданне гаворыць, што прозвішча Ірцішчавы пайшло ад таго, што адзін з продкаў меў вялікі род. Яно, хутчэй за ўсё, не падабалася ўладальнікам. І сыны Данілы Іванавіча — Іван і Сямён — пісаліся і называліся Дастаеўскімі. Праўда, потым Сямён ажаніўся, каралева Бона падаравала яму землі ля вёскі Полкацічы. І ён ужо называўся ў дакументах як Сямён Полкацічаўскі. А Іван застаўся тут, у Дастоеве. І ад яго пайшоў шматлікі род Дастаеўскіх. Мноства знакамітых асоб было ў ім. Найбольш вылучыліся маршалак пінскі Пётр, падстароста оўруцкі Яраш, суддзя гродскі-пінскі Пётр, падчашы пінскі Бенядзікт, харунжы валынскі Андрэй. І Дастаеўскія тут жылі да другой паловы XVIII стагоддзя. У іх быў славуты герб “Радаван”.

Але не ўвесь час шчасціла Дастаеўскім. Казакі Багдана Хмяльніцкага спалілі маёнтак. Гаспадары паспрабавалі яго аднавіць, але залезлі ў вялікія даўгі. У выніку страцілі дваранства, перайшлі ў духоўнае саслоўе. У пошуку лепшай долі пераехалі ва Украіну. І ўжо бацька пісьменніка, Міхаіл Андрэевіч, нарадзіўся ў вёсцы Вайтаўцы. Зараз гэта Вінніцкая вобласць. А хлопчык Фёдар з’явіўся на гэты свет у Маскве. Так што ён, так бы мовіць, сын трох народаў.

— А ці наведваў пісьменнік  Дастоева?

— Не, але ён ведаў пра свае карані. Федар Міхайлавіч нават падкрэсліваў, што яго прозвішча не Дастаеўскі, а Дастоеўскі. Ёсць кніжка “Нарадзіцца ў Расіі”. Яе аўтар Ігар Волгін, расійскі філолаг, гісторык, старшыня расійскага фонду Дастаеўскага. Ён напісаў кнігу “Апошні год жыцця Дастаеўскага” і прыводзіць сведчанне сучасніка, які распавёў пра сустрэчу са славутым пісьменнікам. Маўляў, бачыў, як на сцэну выйшаў невялікага росту мужычок з рыжавата-русаватай барадой, які паходзіў на зачуханага беларуса з невялічкай вёскі. Вось так! Не вельмі прыгожае, але цікавае параўнанне. А пісьменнік Уладзімір Ліпскі нават ўбачыў беларускі след у творчасці Фёдара Міхайлавіча. Асабліва яго ўразіла апавяданне “Мужык Марэй”. Ён лічыць, што напісана яно пад уражаннем далёкага ўспаміна пра нашых палескіх людзей ці апавядання, якое было пачута ў дзяцінстве.

Пасля смерці Фёдара Міхайлавіча другая яго жонка, Ганна Рыгораўна, пісала мясцоваму святару Кульчыцкаму, што нябожчык, муж, цікавіўся мясцінамі, адкуль пайшоў яго род. Прасіла паведаміць больш падрабязна пра Дастоева. Ліст быў дасланы ў 1887 годзе. Але адказа мы пакуль не знайшлі.

— Анатоль Іосіфавіч, а калі музей узнік? Чыя тут заслуга?

— Калі ў школу хадзіў, мы цікавіліся, чаму наша вёска так называецца і ці не звязана яе назва з прозвішчам славутага пісьменніка. Але так і не ведалі дакладна. А потым выйшла кніга Леаніда Гросмана з серыі знакамітых людзей, прысвечаная Дастаеўскаму. У той кнізе мы прачыталі, што, сапраўды, род Дастаеўскіх — з вёскі Дастоева Іванаўскага раёна. Пачалі збіраць матэрыялы, наведвацца ў архівы. Да пошуку падключыліся школьнікі, настаўнікі і проста няўрымслівыя жыхары вёскі. Успамінаю з любоўю і ўдзячнасцю Івана Крапчука, Мікалая Раманава.

І ў 1982 годзе быў адкрыты музей. Я афіцыйна з’яўляюся заснавальнікам яго фондаў. А яшчэ дырэктарам, экскурсаводам. Наш музей — не только музей Дастаеўскага, ён лічыцца літаратурна-краязнаўчай установай. У наступным годзе яму споўніцца трыццаць гадоў.

Музей цікавы. Ужо шэсць гадоў ён носіць званне народнага. У ім больш за тры тысячы экспанатаў. Сярод іх — унікальныя. Збіралі, як кажуць, усім светам. Самае цікавае, практычна ўсе экспанаты знойдзены ў нашай мясцовасці. Неслі іх бацькі, дзеці, настаўнікі. Акрамя таго, у мяне былі і засталіся моцныя сувязі з расійскімі дастаяведамі, з музеямі. Напрыклад, з пецярбургскім, маскоўскім. Ёсць музеі ў Омску, Сяміпалацінску, Новакузнецку. Ёсць у Падмаскоўі. Дарэчы, там бацька пісьменніка купіў дзве вёсачкі. У той час доктар у Расіі быў не бедны чалавек. Але купіў вёскі бацька пісьменніка на сваю пагібель: у адной з іх, Баравое, сяляне забілі Міхаіла Андрэевіча, бо ён быў жорсткім чалавекам.

— Што цікавага ёсць у вашым музеі?

— Арыгінальны здымак Дастаеўскага 1878 года! Гэты падарунак мы атрымалі з Пецярбурга. У нас ёсць аўтограф сына Дастаеўскага — Фёдара. А таксама выданне Дастаеўскага 1812 года. З іншых экспанатаў — нацельны крыжык, люлькі таго часу, “Падарожная кніга манаха” з Кіева-Пячорскай лаўры, яна яшчэ ў драўляных вокладках, абцягнутых скурай, картаграфічны матэрыял сялянскіх надзелаў у 1865 годзе.

У 2007 годзе да нас прыязджаў праўнук Дастаеўскага — Дзіма — з жонкай з Пецярбурга. Тры дні гасцяваў у нас. І казаў, што мае 18 прафесій!

У нас па традыцыі раз у некалькі год праходзяць Міжнародныя канферэнцыі, прысвечаныя Дастаеўскаму. А сёлета будзе адзначацца 190-годдзе з дня нараджэння Фёдара Міхайлавіча. Ён прыйшоў на свет Божы 11 лістапада. Але свята мы праводзім звычайна ў кастрычніку, калі далёкія продкі пісьменніка атрымалі зямлю ў нашай вёсцы.

У музей часта прыязджаюць госці з розных краін! Ёсць і кніга водгукаў, дык там запісы на ўсіх еўрапейскіх мовах. Прыязджалі госці з Амерыкі, з арабскіх краін, з Кітая. Але больш за ўсіх бываюць у музеі нашы суайчыннікі.

Яўген КАЗЮКІН, “БН”

Фота Валерыя ХАРЧАНКІ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter