«Мужчынскія забавы» не пазабаўлялі

Паляўнічы-расіянін страляў па дзіку, а трапіў у таварыша.

Старшы інспектар па дазваляльнай рабоце Мядзельскага РАУС Данііл Клімовіч распавёў, што здарэнне адбылося ў лесе паблізу вёскі Нарач падчас загоннага палявання на дзікіх кабаноў. Яго арганізавалі супрацоўнікі НП «Нарачанскі» для расіян. У ім удзельнічалі 10 грамадзян з суседняй  Расіі і 4 супрацоўнікі «Нацпарку».

Адзін з паляўнічых — генеральны дырэктар ЗАТ 1983 года нараджэння з Санкт-Пецярбурга, які меў дазвол на нашэнне і карыстанне зброяй — выстраліў па дзіку. Куля адрыкашэціла і трапіла ў ніжнюю сківіцу таварыша — 37-гадовага жыхара горада на Няве, які знаходзіўся непадалёк. Расіянін быў дастаўлены ў мядзельскую бальніцу, дзе ўрачы дасталі небяспечны прадмет. Сёння яго жыццю нічога не пагражае.

Паляванне праводзілася ў адпаведнасці з заканадаўствам. Падчас «мужчынскай забавы» застрэлены 7 кабаноў.

Аляксандр СЯНЮЦЬ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter