Музей i яго заснавальнiк

Гродзенскi дзяржаўны гiсторыка-археалагiчны музей адзначае 90-годдзе

Першыя экспанаты ў калекцыю Гродзенскага дзяржаўнага гiсторыка-археалагiчнага музея былi сабраны 90 гадоў таму

Так часцей за ўсё здараецца: новая справа, дзе б яна нi пачыналася, увасабляецца ў жыццё дзякуючы энергii неабыякавых, творчых, адданых ёй людзей. Прысвячаючы ёй частку свайго жыцця, яны ствараюць нешта асаблiвае, тое, чаго яшчэ не было дагэтуль. I нават пасля iх адыходу распачатае iмi прадаўжаецца, развiваецца, жыве.

Можна з упэўненасцю сказаць: любому пачынанню вельмi пашанцавала, калi ля яго вытокаў стаiць такая асоба. Менавiта так дзевяноста гадоў таму пашчасцiла Гродзенскаму гiсторыка-археалагiчнаму музею. Дакладней кажучы, першай у горадзе музейнай установе, якая дала пачатак сучаснаму буйнейшаму музею Гродзеншчыны.

А калi гаварыць яшчэ больш дакладна, то ўсё пачалося з рашэння аб стварэннi ў Гродне камiсii апекi над помнiкамi мастацтва i культуры, прынятага ў 1920 годзе, i прызначэння маладога вучонага, выпускнiка Маскоўскага археалагiчнага iнстытута Юзэфа Ядкоўскага яе кiраўнiком. Па праўдзе кажучы, дзякуючы менавiта гэтаму факту сенняшняя Гродзен­шчына мае гiсторыка-краязнаўчы музей з багатымi фондамi, у якiх захоў­ваюцца сапраўдныя культурныя i гiстарычныя каштоўнасцi. Аснову яго калекцыi шмат гадоў таму залажыла праца той самай камiсii апекi пад кiраўнiцтвам Юзэфа Ядкоўскага.

Менавiта па гэтай прычыне датай свайго нараджэння Гродзенскi дзяржаўны гiсторыка-археалагiчны музей лiчыць 1920 год. Сёлета адна з найбольш цiкавых устаноў культуры Прынёманскага краю адзначае 90-годдзе.

— Сабраныя камiсiяй матэрыяльныя сведкi гродзенскай гiсторыi ляглi ў аснову збораў музея, што адкрыўся ў 1922 годзе, — расказвае дырэктар ГДГАМ Юрый Кiтурка. — Яго экспазi­цыя размяшчалася ў трох залах i на лесвiчнай пляцоўцы. Гродзенцам былi прадстаўлены археалагiчная калекцыя, старадаўнiя друкаваныя кнiгi XV—XVII стагоддзяў, рукапiсныя дакументы, палотны вядомых мастакоў, зборы нумiзматыкi. Стваральнiкам было чым ганарыцца. Напрыклад, фрагментамi знакамiтых слуцкiх паясоў, жалезнымi крыжамi XVII стагоддзя з былога дамiнiканскага касцёла, карцiнамi з рыцарскiмi сюжэтамi, верагодна, напiсанымi Ваньковiчам…

А няўрымслiвы дырэктар працягваў збiраць экспанаты. Апранаўся ў старую вопратку, вандраваў па крамах, дахах будынкаў, нават па сметнiках. Так-так! Менавiта на сметнiку непадалёку ад горада ён знайшоў старую карцiну Готлiба. Ды i шмат iншых рэчаў, якiя ўпрыгожылi калекцыю. У краме ж яму трапiўся на вочы старадаўнi мастацкi альбом. Гаспадыня загортвала ў яго лiсты масла для пакупнiкоў i доўга не згаджалася прадаць фалiянт, таму што «нiдзе больш не знойдзе такой добрай паперы». Так, па апiсаннi тага­часнай газеты, стваралася ўнi­каль­ная музейная калекцыя.

У хуткiм часе яна набыла годную «аздобу» — музей пераехаў у Стары замак, i Ядкоўскi адразу ж пачаў рабiць захады ў справе яго адбудовы. «Спадак» яму дастаўся няпросты: у час Расiйскай iмперыi тут размяшчаўся вайсковы клуб, у пачатку ХХ стагоддзя — шпiталь, афiцэрскае казiно i нават лазня, з-за чаго сутарэннi часта запаўнялiся вадой. Старому замку была патрэбна грунтоўная рэстаўрацыя. Каб папоўнiць скарбонку дзяржаўных выдаткаванняў, дырэктар музея арганiзаваў дабрачынную акцыю: ахвярадаўцы набывалi спецыяльна выдадзеныя квiткi, а грошы iшлi на аднаўленне замка i добраўпарадкаванне яго тэрыторыi.

У час гэтай справы былi зроблены сапраўдныя навуковыя адкрыццi. У ходзе земляных работ адкрылiся руiны старажытных пабудоў: Нiжняй i Верхняй цэркваў, княжацкага церама.

У тыя ж часы дзякуючы намаганням энтузiяста сфармiравалася калекцыя рэдкiх i каштоўных выданняў, якiя склалi бiблiятэку музея. Сюды ўвайшлi 905 выратаваных iм тамоў бiблiятэкi гродзенскiх дамiнiканцаў, значная частка — 10 тысяч кнiг XVI—XIX cтагоддзяў — вядомага кнiгазбору Красiньскiх—Пуслоўскiх, якую ў 1927 годзе ахвяравала музею дачка гiсторыка Пуслоўскага Марта.

У фонды трапiла таксама сабраная iм калекцыя дакументаў XVI—XVIII стагоддзяў: лiсты i прывiлеi, падпiсаныя каралямi Рэчы Паспалiтай, пачынаючы з Жыгiмонта Аўгуста. У тым лiку асаблiвым прыхiльнiкам Гродна Стэфанам Баторыем.

Большасць з iх i сёння складаюць залаты фонд музея. Старажытная шахматная фiгура ладдзi, знойдзеная ў час раскопак на замчышчы, тры iнкунабулы — кнiгi, надрукаваныя да 1500 года, каля трох дзесяткаў палеатыпаў — выданняў 1500—1550 гадоў, бюро i бюст апошняга караля Польшчы Станiслава Аўгуста Панятоўскага (вернутыя з Масквы дзякуючы намаганням Ядкоўскага), рукапiс Канстытуцыi Рэчы Паспалiтай 1793 года, цэхавыя харугвы гродзенскiх шаўцоў i млынароў XVIII—XIX cтагоддзяў, саламяныя Царскiя вароты XVIII cтагоддзя…

Зараз гродзенцы i госцi горада над Нёманам маюць рэдкую магчымасць убачыць некаторыя з гэтых унiкаль-ных рэчаў — яны ўвайшлi ў склад юбiлейнай выставы «Прысвячэнне заснавальнiку», якая адкрылася ў дзвюх залах Новага замка. Усё тут сапраўдныя каштоўнасцi. Але асаблi­вую ўвагу прыцягваюць два экспанаты. Першы з iх — скульптура XVIII стагоддзя «Хрыстос выкуплены», знойдзеная Ядкоўскiм у Расii ў час яго працы ў Румянцаўскiм палацы i вернутая на радзiму. Яна належала неiснуючаму ўжо гродзенскаму касцёлу i цiкавая тым, што экпануецца ўпершыню. Асаблiвасць ёй надае яшчэ i прыналежнасць да так званага трынiтарскага тыпу. Яна пазначана знакам ордэна трынiтарыяў, якiя займалiся выкупам хрысцiян з мусульманскага палону. Згодна з гiсторыяй, аднойчы манахi ўбачылi ў паслядоўнi­каў Карана скульптуру Хрыста i па­жадалi выкупiць яе таксама. Тыя ж загадалi заплацiць золатам — столькi, колькi заважыць скульптура. Аказалася, што патрэбна ўсяго адна манетка. Так Iсус патрапiў у Мадрыд, дзе пад назвай «Хрыстос Выкуплены» захоў­ваецца дагэтуль, а культ трынi­тар­скай скульптуры распаў­сюдзiўся ў свеце.

I яшчэ адзiн неадназначны твор знайшоў месца на выставе. Арыгi­нальны абраз «Танец смер­цi», напiсаны, магчыма, бернардзiнскiм манахам Францiшкам Лякшыцкiм у XVII стагоддзi. Ён складаецца з шаснаццацi жахлiвых выяў пекла, кожная з якiх сцвярджае: перад смерцю ўсе роўныя i кожнаму прый­дзецца адказваць за свае грахi. «Шчаслiвы той, хто ад танца са смерцю адпачне ў небе, а той, хто трапiць у пекла, усклiкае: «Бяда», — так павучае аўтар, адначасова ўвасабляючы страшныя сюжэты пякельных пакут. Да 20-х гадоў ён вiсеў у калiдоры кляштара Святой Брыгiты. У пачатку 20-х Ядкоўскi выратаваў абраз ад вывазу за мяжу, i зараз iм зноў апякуюцца брыгiткi.

На працягу многiх дзесяцiгоддзяў наступныя пакаленнi супрацоўнiкаў Гродзенскага дзяржаўнага гiсторыка-археалагiчнага музея з пашанай ставiлiся да яго заснавальнiка, бераглi i прымнажалi створаныя iм багатыя фонды.

— Сёння наш музей пашырыўся, ён займае не толькi Стары замак, але i значную частку Новага замка, у асобным будынку на былой вулiцы Раскоша, якая зараз носiць iмя Элiзы Ажэшкi, размяшчаецца фiлiял, прысвечаны гiсторыi горада эпохi старасты Антонiя Тызенгаўза, — распавядае Юрый Кiтурка. — У нашых зборах — амаль 94 тысячы экспанатаў. Штогод музей наведвае каля 145 тысяч чалавек.

Сучасныя музейшчыкi, як i яго заснавальнiк, знаходзяць шляхi ўзбагачэння сваёй калекцыi. Ужо ў наш час у Гродне з’явiўся, да прыкладу, аўтэнтычны слуцкi пояс, вытканы рукамi тых самых апетых Багдановiчам майстрых. Тут сабрана багатая калекцыя зброi мiнулых стагоддзяў, сапраўдныя прадметы з мiнулага склалi выдатную экспазi­цыю «Старадаўнi iнтэр’ер». Асаблi­вае месца займаюць рэчы, якiя затрыманы беларускiмi мытнiкамi i пагранiчнiкамi пры спробах нелегальнага вывазу за межы нашай краiны. З iх складаецца экспазiцыя «Выратаваныя каштоўнасцi». Падзеяй па праву можна лiчыць i перадачу ў фонды ГДГАМ унiкальнага выдання славутай паэмы Мiколы Гусоўскага «Песня пра зубра». Гэта кнiга — сумесны праект гродзенскага мастака-графiка Юрыя Яка­венкi i сусветна вядомага iталь­янскага друкара Джулiана Якамучы — выйшла ў 2009 годзе ў Iталii тыражом усяго 75 экзэмпляраў. I адзiн з iх зараз знаходзiцца ў Гродне.

Наперадзе ж у гродзенскiх музейшчыкаў яшчэ адна доўгачаканая падзея, важнасць якой пераацанiць цяжка. Дакладны час яе пакуль што абазначыць нельга, але ў музеi ўпэўнены, што рэканструкцыя Старога замка будзе здзейснена. Пакуль што вядомым беларускiм архiтэктарам Уладзiмiрам Бачковым створаны ар­хiтэктурны праект. Як будзе выглядаць замак Баторыя, можна ўбачыць на макеце — яго музейшчыкi прадэманстравалi гродзенцам у час традыцыйнай акцыi «Дзень i ноч у музеi». Зараз макет экспануецца ў фае Старога замка.

Увогуле ў калектыву ГДГАМ шмат добрых надзей i цiкавых планаў. I гэта зразумела. Калi за плячыма такое багатае мiнулае, будучае проста абавязана быць не менш дастойным.

На здымку: залы Гродзенскага дзяржаўнага гiсторыка-археалагiч­нага музея размешчаны ў Новым замку.

Фота: Лiлiя НАВIЦКАЯ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter