«Мудры чалавек сказаў: не будзе грошай – прадай карову, а сыноў вывучы»

ВОДАРАМ свежых пакосаў, налітым хлебным коласам, грыбнымі цёплымі дажджамі адыходзіць чэрвень, пакідаючы самыя розныя ўспаміны пра сёлетні пачатак лета. Якімі б ні былі ўспаміны, яны вяртаюць нас да тых самых вытокаў. А калі гэтыя вытокі яшчэ сагрэты мацярынскім цяплом, тым больш яны нам дарагія. І кім бы ты ні стаў у жыцці, якіх бы вяршынь ні дасягнуў, але родныя вытокі заўжды кранаюць сэрца.

У былой даяркі агракамбіната «Сноў» Нясвіжскага раёна Людмілы Мікалаеўны РАДАМАН і цяпер душу трывожаць самыя розныя ўспаміны няпростага яе сялянскага жыцця.

ВОДАРАМ свежых пакосаў, налітым хлебным коласам, грыбнымі цёплымі дажджамі адыходзіць чэрвень, пакідаючы самыя розныя ўспаміны пра сёлетні пачатак лета. Якімі б ні былі ўспаміны, яны вяртаюць нас да тых самых вытокаў. А калі гэтыя вытокі яшчэ сагрэты мацярынскім цяплом, тым больш яны нам дарагія. І кім бы ты ні стаў у жыцці, якіх бы вяршынь ні дасягнуў, але родныя вытокі заўжды кранаюць сэрца.

— Людміла Мікалаеўна, мы з вамі сустракаемся не першы раз. Ведаю, што ў вас сялянскія карані. А побач у мястэчку Сноў жыла пераважна шляхта, якая, як і вашы продкі, шчыравала на зямлі. Толькі гонару было, што шляхта.

— А як жа. У тыя далёкія часы не кожны шляхціц першы з табой павітаецца. Мае ж вытокі са звычайнага сялянскага роду Дудко. Спрадвеку мае продкі на зямлі працавалі. Бацькі рана асірацелі і дапамагаць ім не было каму. Зямлі мелі толькі чатыры гектары, ды і тая была на горцы: пясок, гліна, а больш — суцэльная камяніца. Не параўнаць з урадлівымі радзівілаўскімі палямі. На сваёй ніве мы збажыны шэсць коп нажыналі. А ў кожнай капне — па 60 снапоў. Капа давала па 6 пудоў збожжа, і ўсяго мы намалочвалі 36 пудоў. Гэтым хлебам трэба было карміцца да новага ўраджаю, і яшчэ на насенне адкласці. Жылі бедна, пасля зімы ўжо свой хлеб рэдка калі быў. Добра, што бацька сталярнічаў. Сваю пілараму зладзіў, і выручалі заказы: лес распілаваць ці якую сталярку зрабіць. Бацька ўсё выконваў акуратна, людзі разлічваліся збожжам, бульбай, іншымі сялянскімі харчамі. Так і перабіваліся з году ў год. Мы, чацвёра дзяцей, падрасталі і з маленства стараліся бацькам ва ўсім дапамагаць. Я ў сем гадоў ужо самастойна кароў пасвіла. А пазней разам з маці ўсё рабіла, аніякай працы па гаспадарцы не цуралася. Такім я памятаю той далёкі даваенны час, калі мы жылі пад панскай Польшчай.

Ніколі не забуду ваеннае ліхалецце, як мы на сваім хутары калаціліся, трымцелі ад страху. Навокал усё грамыхала, ракаталі танкі. Летам 1944 года, пасля вызвалення нашай мясцовасці ад нямецка-фашысцкіх акупантаў, бацьку, як і многіх яго равеснікаў, прызвалі ў дзеючую армію на фронт. У перапынках між баямі ён нам пісаў пісьмы, расказваў пра сябе і сваіх баявых сяброў, цікавіўся нашым вясковым жыццём. Мне тады ішоў ўжо дзясяты год. Разам з маці і сёстрамі ўпраўляліся на полі, па гаспадарцы. Якраз падышло жніво. Памятаю, як мазоліў далоні серп. Ледзьве трымала яго ў сваіх яшчэ зусім дзіцячых руках. Млела спіна. А маці мяне і сясцёр падбадзёрвала, каб не спыняліся. Гаварыла, як закончым жаць збажыну на сваім полі, то будзе што бацьку на фронт напісаць, што справіліся са жнівом, і ён будзе гэтаму радавацца.

Пасля Перамогі бацька жывы-здаровы вярнуўся з вайны, і мы з нашага хутара пачалі перабірацца ў вёску Грузкова, што побач са Сновам. Дом і хлеў перавезлі і склалі на выдзеленым нам паселішчы. На пачатку пяцідзясятых гадоў у нас утварыўся калгас. У той час я і замуж выйшла за вяскоўца Вячаслава Радамана, двух сыноў нарадзіла. Муж мой быў чалавек апантаны працай. Я на жывёлагадоўчую ферму пайшла працаваць, кароў уручную даіла, даглядала. І дома вялікую гаспадарку трымалі: карову, свіней, авечак, птушку. Усё гэта трэба было дагледзець. Быццам і не цяжкая работа. Але яе ніколі не пераробіш. З малых гадоў сыноў да працы міжволі прывучалі. Коля з шасці гадкоў пасвіў нашых авечак, а падрос крыху, то ўжо і кароў яму давяралі. Праўда, я баялася, каб якая неспакойная карова не баднула майго пастушка. На досвітку Колька смела ішоў за статкам. Штовечар, калі каровы вярталіся з пашы, сустракаў сваю.

Бывала зімою прыйду позна вечарам стомленая з калгаснай фермы і ледзьве на нагах стаю, а ў хаце цёпла, хлопцы ўжо грубкі напалілі, сечкі карове нарэзалі і запарылі, свіней, авечак дагледзелі. А пра ўрокі я іх ніколі так і не пытала. Самі ўсё вучылі, стараліся быць лепшымі ў школе. Мне ў такі вечар заставалася толькі карову падаіць ды цялятка напаіць сырадоем.

Вячэру варылі ў печы, бо яшчэ не было ў нас газу, не было радыё, тэлевізараў. Працавалі ад цямна да цямна, і дзеці разам з намі.

Зусім маладой, у 34 гады, я аўдавела, раптоўна памёр мой гаспадар. З намі тады яшчэ жыў і мой састарэлы бацька. Усе гаспадарчыя клопаты ляглі на яго. Гэта адчувалі мае сыны. Калі пасля смерці мужа трэба было араць агарод, Коля стаў за плуг. Яму тады ішоў толькі трынаццаты гадок. Мы з бацькам усяляк адгаворвалі яго, але нічога не выйшла. Росту сынок быў невялікага. Шчупленькі, у шапачцы і самаробным паліто ледзьве выглядаў з-за плуга. Моцна ўчапіўся за ручкі, і конь прайшоў адну баразну, другую… Коля стараўся з усяе моцы, так хацеў дапамагчы дзеду, які яго падмяняў за плугам. Стаміліся абодва, але поле ўзаралі.

— Цяжкі лёс удавы на вёсцы?

— Нялёгкі, але людзі былі дабрэйшыя. Дапамагалі, хто чым мог. Мае сёстры вельмі падтрымлівалі. Разам палолі поле, убіралі ўраджай. А хлапчукі з маім бацькам больш мужчынскую работу цягнулі. Касілі, поле аралі, дровы нарыхтоўвалі.

— А яшчэ і асноўны іх занятак — школа…

— Усюды паспявалі, стараліся і ніякай шкоды нікому ніколі не рабілі. Калі не стала майго бацькі, уся мужчынская работа поўнасцю легла на іх. Я днямі была на калгаснай ферме. Лічылася адной з лепшых жывёлаводак гаспадаркі, мяне ўзнагароджвалі, прэміі давалі. А дома ў мяне быў надзейны тыл — сыны, якім ва ўсім давярала. Яны ведалі, дзе ляжаць у хаце грошы, на абы што іх не трацілі. Што трэба, купяць, а здачу нясуць дамоў. Аднойчы не ўтрымаліся і купілі цукерак падушачак, падзялілі іх паміж сабой і мне пакінулі. Я ледзьве не заплакала за тыя падушачкі, але нічога ім не сказала. Больш яны такога сабе не дазвалялі. Ніколі не курылі, не бадзяліся без справы. Мо раз ці два за навучальны год я хадзіла ў школу на бацькоўскія сходы і толькі добрае чула ад настаўнікаў пра іх. Асабліва паспяхова вучыўся Коля. Любіў матэматыку, фізіку.

— А калі падыходзіла заканчэнне школы, як выбіралі іх далейшы шлях?

— Некалі мне адзін мудры чалавек сказаў, каб усяляк старалася вывучыць сыноў. Калі раптам стане так цяжка, што не будзе грошай — прадай карову, а сыноў вучы. Нават калі зусім прыцісне — хату прадай, а вывучы. Старшыня табе дасць нейкі куток. Галоўнае — сыноў вывесці ў людзі. Тады наш калгас імя Калініна, якім кіраваў Герой Сацыялістычнай Працы Якаў Васільевіч Аляксанкін, набіраў тэмпы росту. Пра нас усюды пісалі ў газетах, па радыё і тэлебачанні расказвалі.

— Усё аддавалі Снову і вашы былыя кіраўнікі. Нездарма цяпер іх імёнамі названы сноўскія вуліцы.

— Так, у нас шануюць іх памяць. Якаў Васільевіч 37 гадоў узначальваў нашу гаспадарку. А Міхаіл Аляксандравіч Карчміт — шаснаццаць. Абодва яны за руплівую працу сталі Героямі. Я вельмі ганаруся, што іх справу цяпер працягвае мой сын Мікалай Радаман. Хачу вам сказаць, што, пэўна, невыпадкова на яго выпала весці штурвал гэтага магутнага карабля. Само жыццё яго рыхтавала да такой важнай справы. Яшчэ школьнікам старэйшых класаў Мікалай штолета працаваў у калгасе. Пасля школы без асаблівых цяжкасцей паступіў у інстытут механізацыі, што ў Мінску. З першага курса і да заканчэння вучобы атрымліваў павышаную стыпендыю і папаўняў мой калгасны заробак. Дома ўсе разам вырашалі, што ў першую чаргу трэба купіць. Ні ў каго ні рубля не пазычалі, абыходзіліся тым, што мелі. Наш старшыня Якаў Аляксандравіч Аляксанкін, які грымеў тады на ўсю дзяржаву, часта прыязджаў да нас на ферму, любіў з намі пагутарыць, пажартаваць. Толькі-толькі мы пераходзілі на даенне апаратамі, а ўсю астатнюю работу па догляду кароў яшчэ выконвалі ўручную. Аднойчы падышоў, якраз я заканчвала даіць сваю групу, і жартаўліва кажа мне: «Пэўна, у гэтыя цыцкі ты ўлюбілася, не адарваць цябе ад кароў. Пераходзь ва ўчотчыцы. Лягчэй будзе». Як жа я магла пакінуць даенне, дзе заробкі большыя, а мне ж кожная капейка не лішняй была!.. Вось так і жылі. Ведала толькі працу, і сыны ў яе ўцягваліся.

— Праца працай, на адной ёй жыццё не спынялася. Ды і з роднымі, суседзямі, калегамі па працы трэба адносіны падтрымліваць. Як вы гэта робіце?

— Радня ў мяне была вялікая. Я ўсіх паважала, калі трэба было ім штосьці ў працы дапамагчы, не была ў баку. А вось на гулянкі не даводзілася мне хадзіць. Нават калі самая блізкая радня запрашала ці то на вяселле, ці на радзіны, не магла пайсці.

— Так ужо былі заняты сваёй працай?

— Не. Час магла б выкраіць, і для душы патрэбен адпачынак. Але скажу вам шчыра, мо і не паверыце — не было чаго апрануць. Ды і не было з чым ісці. У нас жа традыцыя — несці кош з гарэлкай, рознымі прысмакамі, пірагамі. А яшчэ і падарыць на каравай грошы трэба. Я гэтага сабе дазволіць не магла.

Я даіла калгасных кароў, сыны вучыліся. Нейкая капейка ў сям’і была, але і вялікую падмогу нам давала свая гаспадарка. Сала, малочныя прадукты, гародніна, бульба — усё сваё. Агуркоў да 30 трохлітровых слоікаў закручвала. Коля зімою частаваў хлопцаў па студэнцкаму інтэрнату.

— У працы выхоўвалі вас бацькі, гэтаму ж вы вучылі сваіх сыноў. А як нявесткі прынялі вашы сямейныя традыцыі?

— Мне вельмі пашчасціла на нявестак і на сватоў. Яшчэ студэнтам Коля закахаўся ў нашу мясцовую дзяўчыну Галю. Памятаю, як аднойчы прыйшоў з клуба такі ўчарнелы. А праз некалькі дзён мы ў Баранавічы паехалі паліто яму купляць, і па дарозе Коля мне расказаў, што ўся вёска бачыла, як на танцах дзяўчына адмовілася з ім танцаваць. Сябры яго падбухторвалі адпомсціць ёй. А я параіла пачакаць. Час пакажа сваё. І неяк скора пасля гэтага вяртаецца Коля аж пад раніцу дамоў і ўвесь ззяе. Адразу ж мне і гаворыць, што тая дзяўчына яго запрасіла сама на белы танец. Дамоў правёў яе: «Галяй завуць, пасля інстытута ўжо. Працуе ў Нясвіжскім райкаме камсамола. Прыстойная». Коля ж яшчэ студэнт, але неўзабаве пажаніліся. Я сыну ў першы ж дзень выказала сваё пажаданне, каб не крыўдзіў жонку. Бацькі ў яе паважаныя людзі ў нашай вёсцы. Свацця — былая акушэрка, а сват — лепшы калгасны агароднік. Мы са сватамі ўжо маем не толькі ўнукаў, а і праўнукаў. Гэта вялікае шчасце.

— Якія зараз маеце сямейныя традыцыі?

— На святы ці ў нядзелю я пяку пірагі і частую дзяцей, унукаў, праўнукаў, усіх, хто завітае ў гэты дзень у мой дом. І гэта ўжо стала традыцыяй, што пяку і чакаю гасцей. І едуць, частуюцца. А мне прыемна і радасна на сэрцы, што не пустуе мой вялікі дом.

А дом у Людмілы Мікалаеўны і сапраўды прасторны, драўляны. Дыхаецца ў ім лёгка. Яшчэ некалі з мужам узводзілі. Паабапал яго насадзілі пладовых дрэў. Прасторны палісаднік з боку вуліцы буяе рознакаляровымі кветкамі. Усё да ладу на чыстым парослым мурагом падворку: каля хлеўчыка корпаюцца куры, ў агародзе лапушыцца бульба, нібыта пад лінейку высаджана гародніна, чырвонымі каралямі ўсыпаны вішні.

«Нешта сёлета садавіна не ўрадзіла ў нас», — пазіраючы на чародку яблынь, заклапочана вымавіла гаспадыня сядзібы і запрасіла ў хату.

Даматканыя ходнікі, беласнежныя вышытыя покрыўкі на акуратных ложках і высачэзныя разлапістыя фікусы ды іншыя заморскія вазоны выдатна адчуваюць сябе ў светлай на чатыры акны зале. Я міжволі ўзгадаў сустрэчу ў гэтым пакоі з малодшым сынам Людмілы Мікалаеўны — Юрыем Радаманам, вытрыманым інтэлігентам. Так склаўся тады яго жыццёвы лёс, што пасля бурнага сталічнага жыцця яго прыняла бацькоўская хата. Але нядоўгім выдаўся яго век. Пяць гадоў таму Людміла Мікалаеўна ледзьве вытрымала страту сына. Падкасіла гэта яе.

«Так трымалася ўсё жыццё, а цяпер нешта ўсё пайшло як з крутой горкі. Толькі сёлета ўжо тры разы ляжала ў бальніцы», — у голасе гаспадыні адчуўся неспакой і горыч вялікай страты.

Каб неяк зняць напружанне, пераводжу размову на фотаздымкі, якімі шчодра ўпрыгожаны буфет.

Партрэты дзяцей, унукаў, праўнукаў…

— А можа, лёс падорыць, і прапраўнукаў дачакаецеся, — звяртаюся да Людмілы Мікалаеўны.

— І так удзячна Усявышняму за такі доўгі век. Мой бацька пражыў 94 гады, — з гонарам адзначае яна і дадае: — А колькі каму наканавана, толькі на нябёсах вядома. Вось на самым пачатку лета папрасіла Колю, каб у нядзельку да царквы падвёз. Якраз у яго быў дзень нараджэння, і я дзякавала Богу за шчаслівы лёс сыночка. Штодня да мяне залятае. І я па першых кроках ужо адчуваю, з якім ён настроем. Вось толькі перад вамі быў, увесь узрушаны. Гасцей Надзея Каткавец вязе сюды з бліжняга замежжа. Едуць паглядзець на сноўскую гаспадарку. Вось і хвалюецца, каб усё ўдалося.

— Як некалі вы хваляваліся, калі пасля Міхаіла Карчміта тут выбіралі новага кіраўніка?

— Я тады хвалявалася, каб не выбралі майго сына, і яму не раіла нават выстаўляць сваю кандыдатуру на гэту пасаду. Мая душа была б спакайнейшая. Сёння быць кіраўніком — справа нялёгкая, а тым больш такой складанай гаспадаркі, дзе ўсё абсталявана па-сучаснаму. Гэта ж трэба ва ўсім разбірацца, быць не толькі арганізатарам, але і прафесійным тэхнолагам. Трэба дасканала ведаць кожную дробязь.

— І ваш сын усё ж выставіў тады сваю кандыдатуру. Хаця сапернікі былі даволі вартыя...

— Ён прыехаў да мяне, стаў на калені і кажа, калі выберуць, то мой лёс такі. І Аляксанкін і Карчміт яго паважалі! Міхаіл Аляксандравіч Карчміт, калі ехаў за мяжу глядзець новыя тэхналогіі, новыя лініі, заўсёды браў з сабою і Мікалая, які тады працаваў галоўным энергетыкам у Снове. Усю Еўропу аб’ездзілі яны, столькі перанялі для сябе. Кожны раз, як толькі Мікалай вяртаўся з такой камандзіроўкі, ляцеў да мяне і падоўгу дзяліўся ўражаннямі.

Цяпер яго гаспадарка ў параўнанні з той, якую ён прымаў, стала значна большай і магутнай. У два разы павялічылася пагалоўе буйной рагатай жывёлы, толькі сёлета ўводзіцца яшчэ пяць сучасных птушнікаў, завяршаецца будаўніцтва другой жывёлагадоўчай фермы з робатамі, якія замяняюць даярак. Я ніколі не бачыла і не магла ўявіць, як гэта кароў дояць тыя робаты. Нават папрасіла Мікалая, каб мяне завёз на гэту ферму паглядзець, і я сваімі вачыма бачыла, як працуе той робат. Каровы адна ў адну, пародзістыя, закуплялі іх у Венгрыі. У памяшканні прыбрана, паветра чыстае. Вада ў жолабах, як з крыніцы, празрыстая. Калі падыходзіць час даення, карова ідзе да кармушкі з канцэнтратамі, і аўтамат запускае яе туды. Пачынаецца даенне. Апарат падыходзіць пад вымя, абмывае яго і цёплым паветрам сушыць. Потым здойваюцца першыя цуркі, і другі апарат ужо доіць карову. Тут жа камп’ютар вызначае тлустасць і чысціню малака. Жывёла падасланая, спакойна выгульваецца па прасторным памяшканні. Стойлы не трэба чысціць, як некалі мы рвалі спрасаваны каровамі гной. У асобным памяшканні размешчана радзільнае аддзяленне. Цяляткі таксама ў ідэальных умовах. Каля вёскі Друскаўшчызна ўзводзіцца другі такі комплекс з робатамі. Вось Мікалай зараз вельмі заклапочаны гэтай будоўляй. А я яго супакойваю, што ўсё вырашыцца выдатна.

— А куды ж пойдуць працаваць учарашнія даяркі? Людміла Мікалаеўна, чым заняць іх, калі робаты бяруць на сябе іх працу?

— Усім спраў у сноўскаім агракамбінаце хопіць. Сёння сюды на працу едуць з Баранавіч і Стоўбцаў, Гарадзеі і Нясвіжа і з многіх навакольных вёсак. Тут замкнуты цыкл вытворчасці, і рабочыя рукі патрэбны ўсюды. Пра гэта Мікалай мне пастаянна расказвае. Яго клапоціць, адкуль браць сродкі. Каб падымаць заробкі людзей на ўсіх вытворчых участках: ад камбайнера ў полі да галоўнага спецыяліста. Вельмі дорага ўсё зараз каштуе. А гэта кладзецца на сабекошт прадукцыі. Калі раней пры Аляксанкіну і Карчміце была праблема павелічэння валавога аб’ёму прадуктаў харчавання, то цяпер Мікалай і яго каманда штодня сутыкаюцца з праблемай рэалізацыі выдатнай сноўскай прадукцыі. Беларускі рынак перанасычаны, вось і шукаюць замежныя калідоры рэалізацыі.

Я слухаю Людмілу Мікалаеўну Радаман — шчырую сялянку з пакручанымі ад цяжкай працы рукамі, маці вядомага беларускага аграрыя, кіраўніка буйнейшага сучаснага беларускага агракамбіната — міжволі захапляюся яе дасведчанасцю пра справы калектыву, дасканалым веданнем усіх гаспадарчых дробязей флагмана сельскагаспадарчай вытворчасці Беларусі, дзе самыя сучасныя сусветныя тэхналогіі. Паспяхова кіруе гэтым складаным магутным калектывам яе сын, той вясковы хлапчук, што некалі ў шэсць гадкоў сустракаў золкі з авечкамі на сноўскім лузе, а ў трынаццаць — змяніў бацьку за плугам, выдатна закончыў сярэднюю школу, з адзнакай — Беларускі інстытут механізацыі і электрафікацыі сельскай гаспадаркі, вучань і паслядоўнік слынных беларускіх аграрыяў Якава Аляксанкіна і Міхаіла Карчміта — Мікалай Вячаслававіч Радаман, якому некалі па сямейнай традыцыі далі імя дзеда, каб зберагчы родныя вытокі.

— І ўсё ж, Людміла Мікалаеўна, вы даўно на заслужаным адпачынку, але ніяк не можаце адарвацца ад жыцця роднай гаспадаркі.

— А як жа можна не цікавіцца справамі, калі ўсё ў мяне звязана з гэтай зямлёй. маімі землякамі, пра якіх я ведаю ўсё, і яны — пра мяне. У вёсцы ўсё навідавоку. На маіх вачах уздымаўся Сноў, мацнеў, развіваўся. Цяпер да нас адусюль едуць вучыцца гаспадарыць на зямлі. Канешне, аснову станаўлення нашай гаспрадаркі зрабілі Герой Сацыялістычнай Працы Якаў Аляксанкін і першы Герой Беларусі ў аграрным сектары Міхаіл Карчміт, а так, як кажуць, сышліся зоры на небе, што майму сыну працягваць справу гэтых слынных людзей зямлі беларускай.

— І вы нямала старання і сіл аддалі за свой век гэтай гаспадарцы. Амаль пяцьдзясят гадоў адпрацавалі тут. Як вы лічыце, якая зараз галоўная рыса характару павінна быць у кіраўніка сучаснай аграгаспадаркі?

— Быць чалавекам. Гэта залатое правіла на ўсе часы і на любых пасадах. І чым вышэй твая пасада, тым больш трэба памятаць пра гэта.

Уладзімір  СУБАТ, «БН»

Агракамбінат «Сноў» Нясвіжскага раёна

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter