
На свяце ўпершыню быў выкананы своеасаблівы гімн Скарыны на старабеларускай мове “Понеже от прирожения” на музыку кампазітара Алега Чыркуна. Праспявалі яго хор Беларускага радыё і ансамбль “Алімпія-класік”.
З віншавальнымі словамі выступілі прадстаўнікі розных хрысціянскіх канфесій. Пад час Скарынаўскіх чытанняў вядомыя навукоўцы і даследчыкі скарыніяны зрабілі навуковыя паведамленні. Былі разгорнуты банэры з цікавымі выслоўямі Скарыны, працавалі выставы кніг розных выдавецтваў. Цёпла сустрэлі гледачы выступленні ансамбля “Тутэйшая шляхта”, гурта “Балцкі Субстрат”, хора “Голас душы”.
Што да гімна, то ў ім гучаць знакамітыя скарынаўскія словы, вядомыя нам са школы — з прадмовы да Кнігі Юдыты. На сучаснай мове гучаць так: “Як ад нараджэння звяры, што ходзяць у пустыні, ведаюць ямы свае; птушкі, што лятаюць у паветры, ведаюць гнёзды свае; рыбы, што плаваюць па моры і ў рэках, чуюць віры свае; пчолы і тым падобныя бароняць вуллі свае — так і людзі, дзе нарадзіліся і ўскормлены, да таго месца вялікую ласку маюць”.
Мне падаецца, што мудрыя развагі Францыска Скарыны — каштоўны напамін і ўсім беларусам замежжа. Нібы зярняткі, рассеяны нашы супляменнікі па свеце. І далёка не ва ўсіх, на жаль, духоўныя повязі з Бацькаўшчынай спрацоўваюць, як кажуць, на ўзроўні генаў, інстынктаў. То варта ўслухацца, паглыбіцца ў Скарынавы словы, каб зразумець: усялякі раз, робячы крок да родных мясцін, мовы, звычаяў — мы робім крок да саміх сябе. І несучы плады сваёй дзейнасці, заняткаў на алтар Бацькаўшчыны — мы й сябе узвышаем, душу сваю прасвятляем.
Галіна Івуць, супрацоўніца Інстытута культуры Беларусі
Голас Радзімы № 33 (3537), чацвер, 31 жніўня, 2017 у PDF