Мудрасць кіраўніка абапіраецца на яго талент

Герой Сацыялістычнай Працы Лідзія Сіроткіна дала некалькі парад сваім калегам-старшыням

СІРОТКІНЫ збіраюцца наведаць родныя мясціны на Сенненшчыне, дзе ў некалі мнагалюдным Замошшы засталася адзіная жыхарка Лёля Лагунова. Непадалёку ад яе стаяў бацькоўскі дом Лідзіі Емяльянаўны, якую ў дзяцінстве землякі звалі Ліданькай. Мо таму, што ростам была меншая за аднагодкаў. Але з малых гадоў за сябе пастаяць умела. Два мясцовыя кавалеры імкнуліся спадабацца ёй, а мужам стаў горацкі хлопец Аляксей Сіроткін, лёс якога адпавядае прозвішчу. Рана памерла маці, пакінула шасцярых дзяцей на аўдавелага бацьку, які ўсіх выхоўваў сам. Аляксей паступіў у Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію, пасля трэцяга курса прыехаў у Сенненскі раён на практыку, а неўзабаве стаў замошскім зяцем. Не толькі змяніла Ліданька Дзягілева сваё прозвішча на Сіроткіну, але і праславіла яго на ўсю Беларусь.

Сёмы год ёй ішоў, як пачалася вайна. У першы дзень бацька ра-

зам з вяскоўцамі пайшоў на фронт. А праз тры дні па іх Замошшы ўжо крочылі чужынцы. Забралі і зарэзалі на мяса карову, свіней, авечак, палавілі кур і хату занялі. Ліданька з маці туліліся ў хлеўчыку, а як насталі халады, перабраліся ў маленькую лазню. На ўсё жыццё запомнілася дзяўчынцы, як нашы войскі вызвалялі іх Замошша.

— Снарады рваліся ўсюды, — узгадвае Лідзія Сіроткіна. — Мы з маці ўцяклі ў лес, схаваліся пад елку і накрыліся плашчоўкай. Непадалёку разарваўся снарад, асколкі яго крыху паранілі рукі маці, а мяне не кранулі. Мы радаваліся, што дачакаліся вызвалення. Пасля перамогі вярнуўся дамоў бацька. Ён закончыў вайну ў Кенігсбергу, а яго брат прыйшоў без нагі. Многія з нашага Замошша загінулі.

Хату фашысты спалілі. Пілавалі сосны і цягалі бярвенні. Збудавалі невялічкую хацінку. Коней у вёсцы не засталося. Упрагаліся ў плуг і аралі поле. Маці ў Латвіі купіла карову і пешшу прывяла. Калі аднавіўся калгас, бацьку прызначылі памочнікам брыгадзіра, а маці — кладаўшчыцай. Ажывала наша Замошша. У невялікай сялянскай хаце адкрылі пачатковую школу, і я пайшла ў першы клас. Не было чаго апранаць. Мамін брат прыслаў кіцель і сарочку, якую перашылі мне на сукенку. На ногі абувала гумавыя боты, яны былі такія пацёртыя, што галянішчы адрэзалі і атрымаліся галёшы. Снег набіваўся ў іх, калі ішла ў школу. Спынюся, снег павыкідаю і далей крочу.

Я вельмі добра запамінала ўсё і вучылася выдатна. А яшчэ  спявала прыгожа. Калі карова з лугу вярталася і крыху падпасвалася за ваколіцай, пакуль я чакала яе, то спявала так, што ўся вёска слухала. З павагай адносіўся да мяне наш старшыня. Ён даручаў мне абмерваць участкі, дзе касілі сена, убіралі збажыну. Гэта ў мяне добра атрымлівалася, ніхто не крыўдзіўся. І калі я выходзіла замуж, старшыня даў каня і брычку, каб ехаць у сельсавет распісвацца.

— Вяселле, вучоба ў Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі і першыя крокі самастойнай працы аграномам. Чым яны вам запомніліся?

— Пры размеркаванні я трапіла ў вельмі слабую брагінскую гаспадарку, дзе на ўрадлівых прыдняпроўскіх землях збіралі мізэрны ўраджай. Старшыня любіў выпіць і не надта дбаў пра справу. Я звярнулася да кіраўніка перадавой гаспадаркі Героя Сацыялістычнай Працы Івана Сабалеўскага, каб дапамог замяніць насенне на больш якаснае. Ён згадзіўся, і мы прывезлі дзве машыны добрай збажыны. Ураджай сабралі значна большы.

Малажынская гаспадарка, дзе працавалі маладыя спецыялісты Сіроткіны, паляпшала вытворчыя паказчыкі. Галоўны аграном Лідзія Сіроткіна распрацавала севазварот, дзе чаргаваліся культуры з улікам палёў і папярэднікаў. Ураджайнасць вырасла. У маладой сям’і нарадзіўся першынец, а дзіцячага садка ў вёсцы Малажын не было. Маленькага Сашу адвезлі да бацькоў у Замошша. Сэрца разрывалася паміж працай і клопатам пра немаўля. Вырашылі вярнуцца на Віцебшчыну, дзе ёй прапанавалі пасаду галоўнага агранома ў талачынскім калгасе «Перамога», а Аляксей Андрэевіч стаў аграномам у суседнім саўгасе «Рэканструктар». Купілі дом у Талачыне, перавезлі бацькоў і маленькага сына. А хутка нарадзілася і дачка. Бацькі дапамагалі глядзець дзяцей. Маладым аграномам нішто не замінала працаваць. Лідзія Емяльянаўна наладзіла кантакты з вучонымі. На калгасных палях выпрабоўваліся самыя сучасныя сарты сельгаскультур. Поспехі не заставілі сябе чакаць. Пра эксперыменты агранома Сіроткінай загаварылі не толькі ў Талачынскім раёне.  Поўнай нечаканасцю стаў прыезд у гаспадарку Пятра Міронавіча Машэрава.

— Я толькі закончыла ранішнюю нараду і прыехала дамоў перакусіць. Бачу, пад акном чорная «Чайка» спынілася. Выбягаю на вуліцу, а там наш першы сакратар райкама Іван Міхайлавіч Цітоў і Пётр Міронавіч Машэраў стаяць каля машыны. Павіталіся. Пётр Міронавіч папрасіў, каб я паказала пасевы. Селі ў «Чайку» і паехалі. Прыпыніліся на палявой дарозе, з двух бакоў абгароджанай дротам для прагону жывёлы. З аднаго боку — ячменнае поле, з другога — лён. Пётр Міронавіч адзначыў, што такога лёну яшчэ не бачыў у Беларусі. А насупраць шчыльнай сцяной цягнуліся ў неба налітыя каласы ячменю. Пётр Міронавіч спытаў пра магчымую ўраджайнасць. Я вырашыла не гаварыць загадзя і назвала 35 цэнтнераў з гектара. А ён разгадаў маю хітрасць і сказаў, што будзе за сорак. І папрасіў пасля жніва патэлефанаваць яму і паведаміць пра намалот.

З поля мяне падвезлі да дому, і я запрасіла ўсіх на абед. Я маленькая, а Пётр Міронавіч высокі, глядзіць на мяне і пытае, чым буду частаваць? Я адказала: чым ёсць. А ён пацікавіўся, ці трымаем карову, і папрасіў па кружцы малака. Мама стаяла за брамай і чула размову. Хуценька ў хату за малаком. Прама на капоце налівалі ў кружкі і пілі. Машэраў падзякаваў за смачнае малако і паехаў.

Пасля ўборкі збожжавых я паведаміла яму, што той ячмень урадзіў —  атрымалі па 50 цэнтнераў з гектара. У чарговы прыезд Пётр Міронавіч зноў агледзеў палі і заявіў: калі атрымаем па 35—40 цэнтнераў збожжа на круг, то абяцае Героя Сацыялістычай Працы. Сярэдняя ўраджайнасць збожжавых па рэспубліцы была крыху больш за дваццаць цэнтнераў. У той год звання Героя была ўдастоена старшыня нашай гаспадаркі Лідзія Навумава. А неўзабаве і мне ў Мінску ўручылі Залатую зорку.

— За якія паказчыкі?

— За лён. Мы сабралі па 12 цэнтнераў льнавалакна і па 9 цэнтнераў насення. Гэта быў самы высокі паказчык у Беларусі. Лён вырошчвалі на 120 гектарах.

Добра праявіла сябе аграном Лідзія Сіроткіна і як арганізатар вытворчасці. Многія гады яна была першым намеснікам старшыні калгаса. Потым ёй даручылі слабы калгас імя Дзімітрава. Трынаццаць гадоў аддала гэтай гаспадарцы. І вывела яе ў перадавыя.

— Лідзія Емяльянаўна, з чаго вы пачыналі на пасадзе старшыні?

— Адразу ўзялася за дысцыпліну, таму што вельмі многа пілі. Павялічыла плошчы пад лён, пайшлі грошы. Людзі сталі добра зарабляць. У гаспадарцы было за 800 чалавек, а занята — толькі палова. Людзей многа, трэба было забяспечыць іх працай. Думала, каго куды ўладкаваць. Было многа халасцякоў. Палову пажаніла, а некаторыя і дагэтуль у бабылях.

— Якая гаспадарка вам больш запала ў сэрца?

— Калгас імя Дзімітрава, бо там я больш душы і здароўя паклала. Мне ніхто не замінаў, людзі падтрымлівалі. Ад гэтага хацелася яшчэ лепш працаваць, старацца. Уводзіла ў вытворчасць усё новае. У расійскім Інстытуце механізацыі сельскай гаспадаркі набылі карусельную сушылку, знайшлі ў Мінску спецыялістаў. За некалькі дзён яны яе ўстанавілі. Затраты сябе апраўдалі, ды і невялікія яны выдаліся.

За час кіраўніцтва гаспадаркай Лідзіяй Сіроткінай на малочнатаварных фермах усталявалі малакаправоды, усе калгасныя дарогі і мехдвары заасфальтавалі, у калгасным садзе пабудавалі новы жылы пасёлак з медыцынскім пунктам і стаматалагічным кабінетам. Кіпела і культурнае жыццё. І сёння Лідзія Емяльянаўна не губляе сувязі са сваёй гаспадаркай.

— Што б вы параілі землякам?

— Пасля мяне там ужо трынаццаты кіраўнік. Хочацца, каб знайшоўся такі, які надоўга затрымаецца і павядзе за сабой калектыў. Кожны раз, калі наведваюся ў гаспадарку, збіраюцца былыя кадры, нам ёсць пра што пагаварыць.

— Калі вы развіталіся з калгасам?

— У 1995 годзе. За год да гэтага падала заяву аб выхадзе на пенсію. Але калгаснікі мяне не адпусцілі. Яшчэ год адпрацавала, потым праехала па ўсіх вёсках гаспадаркі і папрасіла людзей, каб адпусцілі. Бацькі састарэлі, трэба было іх даглядаць, а на паўсілы я працаваць не ўмею.

— Што галоўнае для кіраўніка?

— Не будзеш працаваць з кадрамі, то ўсё марна. Калі я прыняла калгас, не ўсе спецыялісты былі з вышэйшай адукацыяй. Паехала ў Горкі, сустрэлася з рэктарам сельгасакадэміі, з дэканамі, і ў наш калгас размеркавалі выпускнікоў. Усім прадаставілі жыллё. Нават загадчыца склада ў нас была з акадэмічнай адукацыяй. Загадчыкі фермаў з дыпломамі акадэміі.

— Кіраўнік павінен быць добрым арганізатарам ці тэхнолагам?

— Трэба ўмець кіраваць і ведаць тэхналогію. Важна людзей зацікавіць. Наша гаспадарка спаборнічала з кааператывам з ГДР. Яны да нас прыязджалі, і мы іх наведвалі. Набылі ў Германіі прэсы для цюкавання сена. На адной сенажаці цюкуем, і пачаўся дождж, а ў дальняй брыгадзе суха. Мы хуценька прэсы туды перакінем і там сена цюкуем, пад павеці складаем. Да паўночы працавалі, спяшаліся. Механізатарам паабяцалі прэмію. І як толькі яны закончылі ўбіраць сена, касір ноччу па ведамасці кожнаму выдала грошы. Людзі задаволены, і справа зроблена.

— Выклікаць цікавасць да працы можна рознымі стымуламі: граматамі, медалямі, ордэнамі, грашыма. Што найбольш эфектыўна?

— Матэрыяльнае заахвочванне. Трэба добра плаціць, тады будуць кадры. Мудрасць кіраўніка складаецца ў першую чаргу з аналізу дзейнасці калектыву. Важна вызначыць, што дае найбольшы эфект, тое і развіваць. Некалі мы кормнікаў навязвалі на пашах. Але ваўкі так пагрызлі іх, што нельга было здаць на мясакамбінат. Вырашылі збудаваць лёгкія памяшканні для ўтрымання жывёлы на адкорме. За месяц узвялі танныя плёначнікі, і яны 30 гадоў стаялі.

Кіраўнік павінен бачыць перспектыву. Дваццаць гадоў таму на нашых фермах ўжо даілі па чатыры тысячы кілаграмаў малака ад каровы. Трашчалі вясы ад быкоў, калі мы іх прывозілі на аршанскі мясакамбінат. Поспех калектыву ў многім залежыць ад таленту кіраўніка. Каб кіраваць, трэба мець прызванне. Падбор кадраў трэба весці на ўсіх узроўнях. Я адчувала кожнага калгасніка і ведала, хто на што здатны, таму і быў поспех.

НА ЗДЫМКАХ: Лідзія СІРОТКІНА разам з мужам Аляксеем; у час работы галоўным аграномам калгаса «Перамога».

Уладзімір СУБАТ, «СГ»

Фота аўтара і з сямейнага архіва Лідзіі СІРОТКІНАЙ

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter