Мсцiслаўскiя сустрэчы

Хутка пачнецца VIII фестываль мастацтваў “Мсцiслаў-2009”

VIII фестываль мастацтваў “Мсцiслаў-2009”, якi носiць iмя народнага артыста Беларусi Мiкалая Чуркiна, адкрыецца ў старажытным горадзе 26 чэрвеня i будзе прысвечаны 140-годдзю гэтага славутага пачынальнiка айчыннай кампазiтарскай школы.

Спецыяльна да юбiлею класiка Нацыянальным канцэртным аркестрам Беларусi пад кiраўнiцтвам народнага артыста краiны прафесара Мiхаiла Фiнберга, якi даўно i плённа працуе дзеля адраджэння нашай музычнай спадчыны, падрыхтавана прэм’ерная праграма “Мiкалай Чуркiн. Вяртанне”. Як расказаў маэстра Фiнберг, упершыню менавiта на Мсцiслаўшчыне яна прагучыць нездарма. Менавiта тут у 1922 годзе нарадзiлася першая беларуская опера “Вызваленне працы”, напiсаная Мiкалаем Чуркiным, якi на той час працаваў у гэтых мясцiнах настаўнiкам i кiраваў мастацкай самадзейнасцю. Менавiта Мсцiслаўшчына i, шырэй, Магiлёўшчына далi Чуркiну той творчы iмпульс, якi дазволiў яму, ураджэнцу Арменii i выхаванцу Расii, стаць сапраўдным класiкам беларускага музычнага мастацтва.

Разам з тым у гонар 65-годдзя вызвалення Беларусi ад нямецка-фашысцкiх захопнiкаў, а таксама аб’яўленага ў краiне Года роднай зямлi заслужаны калектыў Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусi падорыць жыхарам Мсцiслава спецыяльную канцэртную праграму з удзелам сваiх лепшых салiстаў, якая прагучыць увечары на цэнтральнай плошчы горада.

Ладзiць адметнае музычнае свята Нацыянальнаму канцэртнаму аркестру Беларусi дапамагаюць Мiнiстэрства культуры, Магiлёўскi аблвыканкам i яго ўпраўленне культуры, Мсцiслаўскi райвыканкам.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter