Можаш трымаць у руках сякеру, струг?..

ДРАЎЛЯНЫЯ бочкі, цэбрыкі, кухлі і іншы посуд, выраблены народнымі майстрамі, сёння сустрэнеш далёка не ў кожнай хаце. Такія рэчы яшчэ захоўваюць асобныя гаспадары, прычым не абавязкова выкарыстоўваюць у штодзённым ужытку. А ў гэтых вырабаў ёсць шмат пераваг, пераканана дырэктар Іванаўскай дзіцячай школы народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Тамара ГОЛІК. Установа, якую яна ўзначальвае, сапраўды ўнікальная. Такую больш не сустрэнеш ні ў краінах Еўропы, ні на прасторах Садружнасці Незалежных Дзяржаў. І невыпадкова школе бондарства, якая ўжо шмат гадоў дзейнічае ў невялічкім палескім райцэнтры, некалькі гадоў назад была прысуджана спецыяльная прэмія Прэзідэнта Беларусі «За духоўнае адраджэнне» ў намінацыі «Народная творчасць». Такой высокай узнагародай адзначана работа калектыву ўстановы за захаванне і папулярызацыю старажытных народных рамёстваў.

У Іванава працуе адзіная ў Еўропе школа, дзе падлеткі навучаюцца бондарству

ДРАЎЛЯНЫЯ бочкі, цэбрыкі, кухлі і іншы посуд, выраблены народнымі майстрамі, сёння сустрэнеш далёка не ў кожнай хаце. Такія рэчы яшчэ захоўваюць асобныя гаспадары, прычым не абавязкова выкарыстоўваюць у штодзённым ужытку. А ў гэтых вырабаў ёсць шмат пераваг, пераканана дырэктар Іванаўскай дзіцячай школы народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Тамара ГОЛІК. Установа, якую яна ўзначальвае, сапраўды ўнікальная. Такую больш не сустрэнеш ні ў краінах Еўропы, ні на прасторах Садружнасці Незалежных Дзяржаў. І невыпадкова школе бондарства, якая ўжо шмат гадоў дзейнічае ў невялічкім палескім райцэнтры, некалькі гадоў назад была прысуджана спецыяльная прэмія Прэзідэнта Беларусі «За духоўнае адраджэнне» ў намінацыі «Народная творчасць». Такой высокай узнагародай адзначана работа калектыву ўстановы за захаванне і папулярызацыю старажытных народных рамёстваў.

СЁННЯ школу наведваюць 58 вучняў. Запісацца сюды можна толькі пачынаючы з сёмага класа. Прычым прымаюць адных хлопчыкаў.

— Чаму менавіта такія правілы? — цікавімся ў Тамары Іванаўны. — Жанчына ўзначальвае ўстанову, да таго ж сярод выкладчыкаў ёсць прадстаўнікі слабага полу…

— Але са сваімі абавязкамі спраўляюцца няблага, — заўважае наша субяседніца. — Тым не менш бондарам павінен быць мужчына. Так было спрадвеку. Хлопцы больш зацікаўлены нешта майстраваць, ды і бяром на вучобу мы не кожнага, а толькі тых, хто жадае займацца гэтай справай сур’ёзна: прысвячаць ёй вольны час, хацець вучыцца. Прымаем на вучобу з сёмага класа па простай прычыне. У такім узросце хлапчукі ўжо могуць трымаць у руках сякеру, струг ды іншыя інструменты. Зразумела, не ўсе яны стануць бондарамі, аднак у тым, што будуць добрымі гаспадарамі, можна не сумнявацца.

ЛЯ ВЫТОКАЎ стварэння такой унікальнай школы стаяў муж Тамары Іванаўны Васіль Голік. Для таго каб яна з’явілася менавіта ў Іванава, па яго меркаванні, было некалькі прычын. Галоўная з іх заключалася ў тым, што калісьці ў мясцовай вёсцы Рылавічы працавалі майстры, слава пра якіх распаўсюджвалася далёка за межы гэтага палескага краю. Іх добра ведалі яшчэ ў XVI стагоддзі, прычым ставіліся вельмі паважліва. Далёка не кожнаму майстру даручалі рабіць драўляны посуд для каралеўскага двара. Рылавіцкія бондары такія заказы выконвалі. Яны дасканала ведалі ўсе сакрэты сваёй справы і перадавалі іх нашчадкам. Таму не дзіўна, што запатрабаваны від рамёстваў жыў у вяках, кожны майстар меў свой, асаблівы, почырк. У мінулым стагоддзі, напрыклад, у Рылавічах выраблялі не толькі бочкі, дзежкі, кухлі, цэбры, на якія быў вялікі попыт у насельніцтва, але і сувеніры для кіраўнікоў краін.

З часам усё гэта пачало прыходзіць у заняпад, і Васіль Голік, многія сваякі якога працавалі з дрэвам, вырашыў, што нельга проста ўзяць і забыць унікальную народную традыцыю. Васіль Іосіфавіч быў ёй захоплены. Пасля заканчэння Брэсцкага дзяржаўнага інжынерна-будаўнічага інстытута (цяпер — Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт) ён працаваў архітэктарам і дызайнерам у Іванаўскім раёне. Ідэю аб стварэнні тут школы бондарства выношваў даўно. Сам ездзіў па міністэрствах, збіраў неабходныя дакументы, пераконваў кіраўнікоў адукацыйнага ведамства, што такая ўстанова вельмі патрэбная, і жадаючых навучацца ў ёй будзе шмат. Праграму і вучэбны план узгадняў у шасці міністэрствах. Шукаў абсталяванне, інструменты, звяртаўся за дапамогай да мясцовых майстроў, адзінкі якіх у Рылавічах і навакольных вёсках засталіся. Яны дапамаглі, вырабілі інструменты, далі неабходныя парады. Асабліва ўдзячныя іванаўскія бондары майстру з Рылавічаў Сяргею Свірэпе. Яго прыстасаванні дзейнічаюць і цяпер, а вопыт Сяргея Міхайлавіча пераймаюць падлеткі.

У 2000 годзе школа прыняла сваіх першых вучняў, а праз чатыры гады яе дырэктар раптоўна пайшоў з жыцця. Яго справу працягвае зараз жонка Тамара Іванаўна, якая ўжо дзевяць гадоў узначальвае ўстанову.

— Мне вельмі прыемна ўсведамляць, што школа бондарства існуе, — гаворыць жанчына. — У нас шмат новых планаў. Збіраемся адкрыць новыя спецыяльнасці. Напрыклад, роспіс па дрэве, якім змогуць займацца і дзяўчаты. На жаль, пакуль няма выкладчыкаў, але, мяркую, у хуткім часе гэтая праблема будзе вырашана.

Як і раней, настаўнікі школы і іх выхаванцы маюць намер удзельнічаць у выставах, фестывалях, раённых, абласных і рэспубліканскіх святах, на якія іх часта запрошваюць. Вырабы юных іванаўскіх бондараў традыцыйна становяцца прыгожым аздабленнем фестывалю «Мотальскія прысмакі», раённых і абласных «Дажынак», прафесійнага свята працаўнікоў сельскай гаспадаркі ды многіх іншых адметных падзей. Некаторыя з іх наведвальнікаў нават не вераць, што такія прыгожыя, зручныя і практычныя рэчы могуць вырабіць дзеці. Калі мы пабывалі ў школе, дык упэўніліся, што яе навучэнцам усё пад сілу. Трэба было бачыць, з якім захапленнем хлопцы выраблялі клёпкі, як старанна падганялі дэталі будучых шэдэўраў адна да другой. Канечне, падчас без дапамогі настаўнікаў не абыходзіцца, асабліва калі інструмент бяруць у рукі пачаткоўцы. Тыя ж, хто навучаецца ў школе другі, трэці год, дэманструюць сапраўднае майстэрства, дасканала ведаюць уласцівасці кожнага матэрыяла і могуць даць майстар-клас усім, хто зацікавіцца сакрэтамі іх захаплення.

Акрамя работы з дрэвам, у школе выкладаюць іншыя прадметы. Падлеткам падабаюцца ўрокі кампазіцыі, малюнка, чарчэння. Без іх добрым бондарам наўрад ці станеш, бо хлопцы на ўласным вопыце ўпэўніваюцца: набіць руку недастаткова, трэба авалодаць многімі іншымі сакрэтамі, бачыць кожны выраб у перспектыве, заўважаць самыя дробныя недакладнасці і выпраўляць іх.

ПОСУД, які яны робяць, надзейны і паслужыць доўга. Экспануецца ён пакуль толькі на выставах, хаця мець ўласны вытворчы цэх было б някепска, заўважаюць выкладчыкі. Бочкі, цэбры, бойкі для масла, дзежкі для цеста ды іншыя вырабы карысталіся б попытам. А школа мела б сродкі, каб набываць сыравіну для драўлянага посуду, якая, вядома, каштуе дорага. Пакуль жа навучальны працэс ладзіцца ў асноўным на бюджэтныя грошы. На працягу года ў школе бондарства выкарыстоўваюць каля 5 кубаметраў драўніны, якую пастаўляе мясцовы лясгас. Райсельгастэхніка, прадпрыемства «Мекасан» і іншыя вытворцы рэалізуюць метал для абручоў і іншых дэталяў. І кожны год школа развітваецца з чарговым выпускам сваіх навучэнцаў, якія за тры гады спасцігаюць асновы адной з самых цікавых прафесій. Некаторыя працягваюць вучыцца далей, удасканальваюць майстэрства. А вучні малодшых класаў з хваляваннем чакаюць, калі ж па ўзросту і яны змогуць пераступіць парог незвычайнай навучальнай установы, сесці за бондарскі станок і з дапамогай простых інструментаў зрабіць сапраўдны цуд.

Аляксандр КУРЭЦ, «БН»

Фота Сяргея ЛАЗЮКА, «БН»


 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter