Мой сусвет, мая радзiма

Прачынаюся не ад звычайных гукаў. Iх нiхто не чуе: цiха, вельмi цiха прыходзiць свiтанак...

Прачынаюся не ад звычайных гукаў. Iх нiхто не чуе: цiха, вельмi цiха прыходзiць свiтанак. I ўсё ж ён усiх будзiць: мяне, гаспадыню хаты, суседзяў, пеўня, карову... Я сяджу, яшчэ заплюшчыўшы вочы, i чакаю: вось-вось пойдуць чарадой знаёмыя галасы маёй вёскi.

Ага, блямкнула клямка. I адразу, быццам бы спалохаўшыся, што спознiцца на секунду, узлятае на плот певень. Узлятае з шумам, гучна б’е крыламi, нешта бурчыць (мо, голас правярае?) i галосiць на ўсё наваколле. Думае, што без яго i сонца не ўзыдзе, i дзень не наступiць.

Вось зараз адгукнуцца i iншыя пеўнi. Пачалося... Злева, справа, здалёк… У кожнага свой голас, i кожны так стараецца, быццам на якiм мiжнародным конкурсе.

Моўчкi прайшлi каровы.

— Куды? Каб цябе! — крычыць пастух. Не злосна, не звяртаючыся да канкрэтнай кароўкi, а так, для парадку.

Прабеглi хлопчыкi з вудамi — «паляваць» на плотак. Залапатаў трактар, стрэлiў матор грузавiка, нехта праехаў на веласiпедзе. Людзi размаўляюць, спрачаюцца, смяюцца…

З даху данеслася буркаванне галубоў. А вераб’i паснедалi ўжо разам са свойскiмi птушкамi i зараз гучна абмяркоўваюць планы на сённяшнi дзень.

Гукi пакрысе зацiхаюць да вечара. А потым iзноў.

Каровы, спяшаючыся да гаспадынь, вiтаюць iх гучным рыканнем. Рыпяць вароты, звонка б’юць у даёнкi тугiя струменьчыкi малака. Недзе гучна ўключылi музыку, тэлевiзар…

I ўсё паступова зацiхае: галасы людзей, рокат матораў, брэх сабак. А ад самых зорачак, што над возерам, прылятае першы салаўiны пошчак. I гэта песня, зоркi, людзi, зямля, лёгкi туман у нiзiнах, уся мая вёска — мой сусвет, мая радзiма.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter