Интересный блицопрос к Международному дню родного языка

«Мой родны кут, як ты мне мiлы!»

Заўтра адзначаецца Мiжнародны дзень роднай мовы. Беларускi дзяржаўны педагагiчны ўнiверсiтэт iмя Максiма Танка з гэтай нагоды правёў дыктоўку па беларускай мове, каб кожны жадаючы змог праверыць свой узровень ведання роднага слова. Акрамя таго, у гэты дзень у нас будзе магчымасць сустрэцца ў паэтычных гасцёўнях, накiравацца ў музеi i знакавыя мясцiны айчынных класiкаў прозы i паэзii. Карэспандэнт «Р» запыталася ў прадстаўнiкоў розных пакаленняў з розных куткоў краiны, якi твор школьнай праграмы яны запомнiлi лепш за ўсё, i папрасiла працытаваць любiмы лiтаратурны радок.

Праверыць сваё веданне роднага слова можна не толькі ў школе, але і падчас рэспубліканскай дыктоўкі

Таццяна СКIБIЦКАЯ, пенсiянерка, аграгарадок Гнезна, Ваўкавыскi раён:


— Беларускую паэтычную класiку я чула не толькi ў школе. «Сiлачом стаiць дуб разложысты, i здалёк вiдаць пышны верх яго». Гэтыя радкi верша Якуба Коласа «Дуб» ужо больш за палову стагоддзя гучаць ува мне прыгожай мелодыяй. Iх дэкламавала мама, калi я i мае два браты грэлiся на печы i сушылi мокрыя валёнкi ў такi ж марозны, як зараз, дзень. Мама была настаўнiцай беларускай мовы i лiтаратуры, а тата выкладаў у школе гiсторыю. Мову ў нас сапраўды шанавалi. А любiмы мой твор у дзяцiнстве i зараз — паэма «Новая зямля». Хто ж не памятае «Мой родны кут, як ты мне мілы!»... Мая малая радзiма i мова звязаны непарыўна. 


Максiм ЗЯНЬКО, кiраўнiк камерцыйнай арганiзацыi, Маладзечанскi раён: 

— Не магу назваць сябе прыхiльнiкам фiлалагiчных навук, асаблiва паэзii. Аднак свае ўражаннi ад аповесцi Васiля Быкава «Альпiйская балада» памятаю дагэтуль. Такi моцны, пранiзлiвы твор. Ваенная тэматыка мне як мужчыну блiзкая i зразумелая.


Кацярына РУКЕВIЧ, студэнтка, Мiнск:

— Я зараз вучуся на трэцiм курсе стаматалагiчнага факультэта медунiверсiтэта, такая плынь iнфармацыi, складаныя дысцыплiны. Таму так неспадзявана працытаваць штосьцi, пэўна, не змагу. Але вось першы твор, якi адразу прыйшоў у галаву, — «Дзiкае паляванне караля Стаха» Уладзiмiра Караткевiча, 320 старонак, як зараз памятаю, доўга вывучалi. 


Сяргей МАСЛЯК, кiраўнiк адмiнiстрацыi Заводскага раёна Мiнска:

— «О, як бы я хацеў спачатку дарогу жыцця па парадку прайсцi яшчэ раз, азiрнуцца, сабраць з дарог каменнi тыя, што губяць сiлы маладыя…» Хiба можна забыць такiя коласаўскiя радкi? Тым больш калi яны пакладзены на музыку i спяваюць iх легендарныя «Песняры». Ну i настаўнiца мовы i лiтаратуры, прызнаюся, была ў мяне вельмi патрабавальная — Святлана Дзмiтрыеўна Саковiч, таму i беларуская лiрыка жыве ў душы i памяцi праз гады.


Ларыса МЯЛЬКО, рамеснiца, Навагрудак:

— Вучылася я ў школе вельмi добра, у атэстаце былі толькi дзве чацвёркi, беларуская лiтаратура i мова значылiся сярод самых цiкавых прадметаў. З класiкаў падабалася больш за ўсё паэзiя Максiма Багдановiча. «Ад родных нiў, ад роднай хаты у панскi двор дзеля красы яны, бяздольныя, узяты ткаць залатыя паясы…» — магу цалкам расказаць яго «Слуцкiх ткачых». Можа, таму, што гераiнi твора ў чымсьцi нагадваюць мне маю цяперашнюю дзейнасць? У мяне музычная адукацыя, але зараз рукатворных спраў майстар — раблю дэкаратыўныя свечкi.

Урокі роднай мовы вучаць любіць Беларусь.

kozlovskaya@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter