Нашы вучоныя распрацавалi коўдру, якая абараняе дзяцей ад шкодных выпраменьванняў

Мой ложачак — мая крэпасць

Як жа выдатна для сучаснага чалавека, калі сувязь ёсць усюды. Мабільны інтэрнэт у смартфоне, дома ёсць інтэрнэт-роўтар, Wi-Fi — на вакзалах, у аўтобусах, кафэ і ўніверсітэтах. Лепш не прыдумаеш. Аднак ёсць і іншы бок медаля.

Прафесар Цімафей БАРБОЦЬКА ўпершыню паказаў для «Р» унікальную навінку.

Аказваецца, што Wi-Fi ўплывае на арганізм чалавека праз выпраменьванне звышвысокачастотных электрамагнітных хваль. І ў большай ступені гэта ўздзейнічае на дзяцей. Навукоўцы БДУІР распрацавалі для іх абароны ўнікальную коўдру.

Адны вучоныя кажуць, што ступень уздзеяння хваль, якiя ствараюцца тым жа тэлевізарам, вышэй, чым ад бесправадных сетак інтэрнэту. Іншыя запэўніваюць, што выпраменьванне ад Wi-Fi згубна ўплывае на наш сон, рэпрадуктыўную i сардэчна-сасудзістую сістэмы і рост дзяцей і ў цэлым на стан здароўя любога чалавека, таму што дзейнічае пастаянна. Пагадзіцеся, часцей мы не выключаем Wi-Fi-роўтары — ні днём, ні ноччу. Каб абараніць дзяцей ад пастаяннага выпраменьвання, навукоўцы БДУІР распрацавалі сістэму занальнага экранавання, якое дазваляе знізіць узровень выпраменьвання на чалавека.

Доктар тэхнічных навук, прафесар, загадчык кафедры абароны інфармацыі БДУІР Цімафей Барбоцька, перш чым паказаць унікальную распрацоўку, паказвае на смартфон:

— З дапамогай устаноўленай на ім праграмы-аналізатара сетак Wi-Fi кожны можа даведацца, колькі ў дадзеным памяшканні ёсць кропак доступу ў інтэрнэт. Вось мы з вамі на пятым паверсе, і толькі ў нашым кабінеце мы — глядзіце — можам падключыцца да чатырох кропак, каб зайсці ў інтэрнэт. Так і ў кватэрах. Знаходзячыся ў сваёй, вы можаце ўбачыць, колькі электрамагнітных хваль ад маршрутызатараў вашых суседзяў «дастае» да вас. Нават адключыўшы дома на ноч Wi-Fi, вы не зможаце пазбавіцца ад уплыву бесправадной сеткі тых, хто жыве, напрыклад, над вамі. Таму навукоўцы і пранікліся ідэяй стварэння абароны, якая зберажэ ад уплыву хваль маленькіх дзяцей.

А колькі ў вашай кватэры кропак доступу ў інтэрнэт?

— Ёсць звесткі, што на маладым пакаленні гэтае выпраменьванне можа ў некаторай ступені згубна адбівацца, — працягвае Цімафей Валянцінавіч і дастае нешта з пакета. Вуаля — тая самая незвычайная коўдра. — Так, мы вырашылі выкарыстоўваць занальнае экранаванне ў памяшканні, пры якім у пэўнай вобласці кватэры электрамагнітнае выпраменьванне будзе з узроўнем значна меншым, чым ад першаснай крыніцы. Над сістэмай экранавання мы працавалі больш за дзесяць гадоў і нават не думалі, што гэта спатрэбіцца ў побыце. 

Давайце пазнаёмімся з распрацоўкай падрабязней. Напэўна, вы знаёмыя з так званымі бамперамі/борцікамі для дзіцячага ложачка — гэта нешта накшталт тоўстай коўдры, якая абараняе дзіця ад удару аб саму канструкцыю ложка. Коўдра БДУІР таксама вонкава падобна на такі бампер, але складаецца не толькі з бавоўны.

— Разам з кампаніяй «Дэльфорд», якая займаецца тэкстыльнай прадукцыяй, мы распрацавалі матэрыялы і канструкцыю такога бампера для ложкаў. Коўдра знешне звычайная — стандартная тканіна з дзіцячымі малюнкамі. Але ўнутры мы змясцілі канструкцыю экрана, які забяспечвае абарону ад знешніх фактараў выпраменьвання таго, хто ляжыць у ложку.

Гучыць проста, але на справе ўсё не так. Борцікі-коўдры для ложачкаў адносяцца да вырабаў лёгкай прамысловасці, таму пры распрацоўцы неабходна было выканаць мноства патрабаванняў. Напрыклад, важна было ўлічыць, што матэрыялы не павінны электрызавацца,  таму выкарыстоўваць металы для абароны ад выпраменьвання бесправадных сетак было нельга. Неабходна было зрабіць такую ахоўную коўдру, якую можна мыць.

— Расказаць, што ў складзе экранавання, мы не можам, бо гэта наша ноу-хау, аналагаў якому няма, — Цімафей Барбоцька не раскрывае ўсе карты. — У складзе — кампазітны матэрыял з некалькіх элементаў. Аснова экрана — валакністы матэрыял, унутры шэраг кампанентаў і часціц, якія забяспечваюць зніжэнне ўзроўню электрамагнітнага выпраменьвання, якое праходзіць праз такую канструкцыю. Як вынік, коўдра зніжае колькасць выпраменьвання мінімум у дзесяць разоў. Выпрабоўвалі дзейснасць яе ў лабараторыі БДУІР. Вымяралі дыяпазон частот мабільнай сувязі, Wi-Fi, іх уплыў і эфектыўнасць экранавання. 

Мяккі борцік ложачка абароніць дзяцей ад выпраменьвання і днём, і ноччу

Для бесправадной Wi-Fi-сувязі выкарыстоўваецца пэўны дыяпазон частот — каля 2,4 гігагерца, гэта значыць, даўжыня ўплыву хвалі складае прыкладна 30 сантыметраў. Пры гэтым хваля можа абгінаць перашкоды. Гэта значыць, чым даўжэй хваля, тым больш, вышэй, шырэй павінна быць абарона ад яе. Таму выкарыстанне экранавання для дзіцячага ложачка, які мае маленькія памеры, — гэта толькі пачатак для вучоных. Каб абараніць чалавека па максімуме, неабходна павялічваць плошчу экрана, а гэта ўжо іншае пытанне.

— Ёсць праблема. Якая? Дзе дзейнічае абарона ад электрамагнітнага выпраменьвання інтэрнэт-сетак, там не будзе працаваць ваша тэхніка. А хіба зараз нехта да такога гатовы? — пытае прафесар. — На жаль, ёсць правіла: дзе бяспечна — там нязручна. І наадварот. Пакуль мы зрабілі вялікі крок у абароне тых, каму яна сапраўды неабходна, а далей будзем думаць над іншымі варыяцыямі экранавання.

Зараз універсітэт актыўна наладжвае кантакты па выпуску нанакоўдры ў прамысловых маштабах. Кошт яе не будзе значна адрознівацца ад кошту звычайнай. 

alinakasel@gmail.com

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter