В арсенале наград 90-летней Валентины Костюковец — нагрудный знак «Партизан Белоруссии», орден Трудового Красного Знамени, юбилейные медали, почетные грамоты и благодарности

«Мой дом не ведае замкоў»

Партызанскай сувязной Валянціне Касцюкавец у косы ўпляталі стужкі, на якіх алоўкам запісвалі звесткі пра ўзбраенне ворагаў

Хлебныя нівы, што раскінуліся на былых любанскіх балотах, акружаюць з усіх бакоў слынны партызанскі востраў Зыслаў. За гады вайны сюды не ступіла нага ніводнага нямецка-фашысцкага захопніка. Патаемнымі сцежкамі, пракладзенымі па дрыгве, народныя мсціўцы прабіраліся на баявыя заданні. Узрывалі варожыя чыгуначныя саставы, якія накіроўваліся на фронт. Смела нападалі на гарнізоны акупантаў. У маі 1942 года партызаны ўстанавілі двухбаковую радыёсувязь з Масквой, а ў верасні — рэгулярныя авіязносіны з вялікай зямлёй. На створаным на востраве аэрадроме прымалі самалёты з медыкаментамі, баявой зброяй, харчаваннем і адпраўлялі паветраным шляхам з акупіраванай тэрыторыі параненых, хворых і дзяцей. Тут, у тыле ворага, размяшчаліся падпольныя партыйныя органы, штаб партызанскага руху, выдаваліся падпольныя газеты «Звязда», «Чырвоная змена», «Бальшавік Палесся». Вялася грамадска-палітычная работа сярод насельніцтва, працавалі шпіталь, сталовая, пякарні. У партызанскі атрад імя Катоўскага да бацькі Апанаса Кашко наведвалася з вёскі Таль трынаццацігадовая дачушка Валянціна, якая потым стала сувязной. Яе дзейнасць адзначана нагрудным знакам «Партызан Беларусі». У пасляваенны час парадны касцюм Валянціны Апанасаўны КАСЦЮКАВЕЦ упрыгожылі ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга, нагрудны знак «Выдатнік сацыялістычнай сельскай гаспадаркі», юбілейныя медалі. Аднавяскоўцы тройчы абіралі дэпутатам сельсавета.


З  Валянцінай Апанасаўнай сустрэліся ў яе прасторным белакаменным доме ў любанскім аграгарадку Таль. Былую партызанскую сувязную тут ведае кожны жыхар. Аграгарадок на некалькі кіламетраў выцягнуўся ўздоўж ажыўленай аўтатрасы. Шырокія вуліцы ўпрыгожваюць дагледжаныя сядзібы. Многія падворкі сталі лецішчамі гараджан. Як убачыў на доме Валянціны Касцюкавец таблічку з надпісам: «Тут жыве ўдзельнік Вялікай Айчыннай вайны», міжволі ўзгадаў бацьку-франтавіка. Як памяць аб ім на бацькоўскім доме застаўся такі ж дарагі сэрцу знак. Ладны палісаднік перад домам красаваўся рознакаляровымі кветкамі. І ў агародзе за моцным парканам буялі кветкі. Каля павеці на ланцугу мой прыход па-свойму вітаў невялікі сабака. Мурожным падворкам прайшоў праз ганак у светлыя сені, застаўленыя пышнымі вазонамі. Праз адчыненыя насцеж дзверы ўбачыў гаспадыню за прасаваннем бялізны. Каля дзвярэй узвышаўся халадзільнік, з суседняга пакоя праглядалася душавая кабіна. А ў руках немаладых гадоў жанчыны драўляны прас, і на стале абмотаная выпранай бялізнай качалка.

— Гэта мой сакрэт бадзёрасці, — усмешка ўпрыгожыла твар Валянціны Апанасаўны Касцюкавец. — Рукам патрэбна пастаяннае заняцце, і бялізну не сапсуеш. Кемлівасці продкаў можна толькі пазайздросціць. З маленства праца мне не ў цяжар. Мае карані з гэтых любанскіх мясцін. Да вайны бацька працаваў бухгалтарам у Любанскім райспажыўсаюзе. Потым яго пераводзілі ў Грэск, Астрашыцкі Гарадок, Самахвалавічы. Памятаю наш дом на высокім беразе Пцічы ў Самахвалавічах. У чэрвені 1941 года бацька атрымаў прызначэнне на працу ў Мінск. І кватэру там выдзелілі, але ў яе мы так і не трапілі…

— Вайна перашкодзіла?

— Выхадны дзень, 22 чэрвеня, выдаўся сонечным. Мае бацькі з сябрамі адпачывалі на рачным беразе. Разаслалі абрус, а мяне адправілі ў краму за нейкай драбязой. Як толькі пераступіла парог, прадавец, якая мяне добра ведала, паведаміла, што пачалася вайна. Запомніўся яе ўстрывожаны твар. Не разумеючы, што гэта значыць, выляцела з крамы. Прыбегла на бераг са словам: «Вайна!» Усе ўскочылі і сталі дапытвацца, ад каго пачула такую навіну. Заплаканая стаяла і паўтарала гэтае слова. А калі наляцелі варожыя самалёты і сталі бамбіць, многія жыхары пачалі спешна пакідаць Самахвалавічы. Бацька запрог коніка. На павозку пагрузілі самае неабходнае і рушылі ў шлях. Выехалі на палявую дарогу, раздаўся гул. У небе з-за лесу вынырнуў бамбардзіроўшчык і на нізкім палёце стаў бамбіць. Людзі кідаліся хто куды. Мы саскочылі з вазка і палеглі ў жыта. Яно было яшчэ невысокае, толькі выбіваліся каласкі. Туліла да сябе малодшага брата Лёню. Ён з перапуду гучна крычаў. Побач узрываліся бомбы. Як усё сціхла, паселі на вазок і адправіліся далей. Пад вечар дабраліся да невялікай вёскі. Там ніхто не даў нам прытулку. Вырашылі вяртацца назад.

Праз некалькі дзён на самахвалавіцкіх вуліцах заляскаталі нямецкія матацыклы. Маці нас схавала ў склеп. А бацька прысеў у густым кусце за домам. Фашысты ўскочылі ў двор і ўхапілі бацьку за валасы. Мы з маці кінуліся яго ратаваць. Угаварылі адпусціць. І бацька вырашыў нас вывезці на сваю радзіму, у любанскую вёску Таль. Адправіліся мы на райспажыўсаюзаўскай палутарцы, якой кіраваў бацькін знаёмы немец. Ён жыў у Самахвалавічах і не забыў сваю мову. У дарогу ўзялі з сабой скрынку яек. Перад Слуцкам машыну спыніў нямецкі патруль. Запатрабавалі дакументы. Іх у нас не было. Немец-шафёр маме шапнуў, каб у шапку паклала яек. Ён нешта па-нямецку патрульным прамовіў і перадаў пачастунак. Нас прапусцілі. Дабраліся да бабулінай хаты ў Талі.

— На пачатку ліпеня фашысты падступалі да Мінска. Мне запомніліся расказы любанскіх партызан, як з першых дзён фашысцкай акупацыі яны не давалі спакою ворагу.

— Як пачалася вайна, мне ішоў дванаццаты год. Памятаю, акупанты бацьку прызначылі бургамістрам у Талі. Многія вяскоўцы скоса на нас пазіралі. Бацька патаемна наладзіў сувязь з партызанамі. Перадаваў ім соль, тытунь. На шаліку ў яго былі тры дзірачкі — своеасаблівы пароль для сустрэчы з пасыльнымі з атрада. За сувязь з партызанамі ворагі тройчы збіраліся павесіць бацьку. Кожны раз ад смерці яго выратоўвалі народныя мсціўцы. Зімой 1942 года ён застаўся ў атрадзе і ўзначаліў разведгрупу.

— Валянціна Апанасаўна, а як вы сталі сувязной?

— Партызанскі камандзір прыслаў за намі пару коней з фурманкай. Дзень быў марозны. Нас абклалі падушкамі і прывезлі ў вёску Сосны. Пасялілі ў барак былой камуны.

Памятаю, як акупанты ў 1942 годзе два тыдні ганялі нас па балотах каля вострава Зыслаў. Даймаў холад. Партызаны не падпускалі ворагаў да вострава. Там дзейнічаў шпіталь. Са старэйшай за мяне на два гады сваячкай Зінай Магілявец часта наведвалася з вёскі Сосны да бацькі ў партызанскі лагер, што стаяў у балоце паміж вёскамі Зялёнкі і Перасып. Байцы нас добра ведалі. Пехатой хадзілі да сваякоў у пасёлак Урэчча. У атрадзе мне пашылі палатняную кайстру. З ёю за плячыма крочылі па вёсках, наведваліся на чыгуначную станцыю Урэчча. У кайстру нам клалі кавалкі хлеба. Па дарозе ў лесе нас сустракалі партызанскія разведчыкі і забіралі хлеб. У кожным кавалачку былі замаскіраваны запіскі са звесткамі пра ўзбраенне акупантаў, час адпраўлення чыгуначных эшалонаў на фронт.

А яшчэ мне ў косы ўпляталі стужкі. На іх алоўкам запісвалі звесткі пра ўзбраенне ворагаў. У атрадзе стужкі распляталі і забіралі. Летам мы нанізвалі на травінкі суніцы і чарніцы. Ягады азначалі від і колькасць баявой зброі праціўніка.

— Ці часта здараліся крытычныя сітуацыі?

— Кожная такая вандроўка была надта рызыкоўнай. Паміж Урэччам і вёскай Таль садзіліся на полі нямецкія самалёты. Атрымалі заданне палічыць іх колькасць на аэрадроме. На чыгуначнай станцыі сувязны паклаў у кайстру кавалак хлеба. Нам трэба было сустрэцца з дзяжурным, які падтрымліваў сувязь з партызанамі. Зайшлі ў вартавую будку, ён хутка перадаў нам кавалак хлеба — і мы тут жа выйшлі. Нямецкі ваеннаслужачы падскочыў да нас. Зіна ўхапіла мяне за руку, каб разам збегчы. Але фашыст учапіўся за кайстру, якую я прыціскала да грудзей дзвюма рукамі. Я ўкусіла немца за руку. Ён нешта загергетаў, падняў мяне за каўнер і стаў біць. Дзяжурны выскачыў з будкі і накрычаў на яго. Мы шпарка рванулі ў лес.

Помніцца, як фашысты забілі партызанскіх кароў. Трапіла на тую мясціну ў лесе за вёскай Баянічы і ўбачыла жудаснае відовішча: там стаяў страшэнны смурод. Ад адной з забітых кароў адрэзала кавалак скуры і зладзіла сястры і сабе абутак.

— А як склалася ваша жыццё ў мірны час?

— Наша сям’я вярнулася ў бабуліну хату ў Талі. У першы мірны год мы асірацелі. Не стала мамы. Да вайны я скончыла тры класы, больш вучыцца не атрымалася. З сяброўкамі пачала працаваць у калгасе. Уступіла ў камсамол і ўзначаліла звяно па вырошчванні кок-сагызу. Культура патрабавала шмат догляду. Наш дзявочы камсамольска-мала­дзёжны калектыў славіўся працоўнымі поспехамі. Потым вырошчвалі лён і каноплі.

У 1950 годзе атрымала ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга. А праз год Міністэрства сельскай гаспадаркі СССР адзначыла мяне нагрудным знакам «Выдатнік сацыялістычнай сельскай гаспадаркі». Удзячна лёсу, што падараваў цудоўнага мужа Сяргея Сямёнавіча Касцюкаўца. На цагельні сваімі рукамі выраблялі блокі для дома. Выхавалі чатырох сыноў. На жаль, двое з іх рана пакінулі гэты свет. Трыццаць шэсць гадоў таму не стала і мужа. Але адзінокай сябе не адчуваю. З далёкага Іркуцка брат Лёня часта тэлефануе. Ён быў лётчыкам. Як і я, ужо аўдавелы. Пастаянна прыязджаюць да мяне дзеці, унукі, праўнукі. Ды і праца па гаспадарцы не дае мне сумаваць. Спраўляюся з агародам, кветнікамі. Пастаянна бывае ў мяне суседка Тамара Акцябрынаўна Лутава. Яна даіла калгасных кароў і цяпер на заслужаным адпачынку.

У час нашай размовы адведаць Валянціну Апанасаўну, пацікавіцца яе здароўем завітала ўрач Іна Іванаўна Сокал. Свежую перыёдыку прынесла паштальён Галіна Гардзіеня. Гаспадыня прызналася, што яе дом не ведае замкоў.

Няхай доўгім будзе ваш век, шаноўная Валянціна Апанасаўна.

subbat50@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter