Телеведущая Наталья Бордиловская вылечилась от рака и спустя год продолжает радовать телезрителей своими репортажами

«Мой доктар – мой анёл-ахоўнік»

– Шмат хто вешае нос, але многа і аптымістаў нягледзячы на ўзрост, дыягназ. Раку нельга паказаць, што ты яго баішся. Я злосная на яго і ведаю формулу ратавання: сучасная медыцына, малітва і ўласныя намаганні. Аб гэтым мы з вамі потым запішам пераможнае інтэрв’ю, —
роўна год таму так завяршылася наша размова і газетны нарыс пра вядучую Агенцтва тэленавін Наталлю БАРДЗІЛОЎСКУЮ. Роўна год спатрэбіўся для таго, каб страшны дыягназ мінуў, а Наталля Бардзілоўская з новай прычоскай (бо са старой прыйшлося развітацца пасля хіміятэрапіі), глыбокім маральным досведам, вялікай цярплівасцю і з новым градусам жыццялюбства вярнулася ў эфір «Беларусь 1». 


ЁСЦЬ і яшчэ адна задумка, якая прыйшла да Наталлі Бардзілоўскай падчас акрыяння. Зрабіць праект пра анкалагічныя захворванні. Гісторыі выздараўлення ўзбадзёраць і паставяць на правільныя рэйкі самотных. Аніякага змроку, толькі аптымізм! А мэта самая высакародная — каб людзі верылі ў сябе, псіхалагічны настрой у перамозе грае бадай ці не адну з першых скрыпак. Таксама будзе не лішнім падкрэсліць магчымасці беларускай медыцыны — з сусветнымі стандартамі, сацыяльна арыентаванай і бясплатнай.

— У нашай краіне моцна нала­джана барацьба з анкалогіяй, шмат навуковых дасягненняў. Так прыемна верыць сваім дактарам! Мой урач Антон Алегавіч Хораў стаў для мяне сапраўдным анёлам-ахоўнікам, навуковец, з медыцынскай сямейнай дынастыі. Малады, а такі вопытны, уважлівы, міласэрны. Кожны дзень пачынаў з візітаў у палату, настройваў на аптымізм, забараняў плакаць. Адразу папярэдзіў, што будзе казаць толькі праўду і ведае, што рабіць, — абагаўляе свайго ратавальніка Наталля Бардзілоўская.

Пратакол лячэння тэлевядучай аказаўся вывераным і паспяховым: шэсць курсаў хіміятэрапіі, кожны доўжыўся па тры тыдні і ўключаў кропельніцы і таблеткі. Паміж гэтымі працэдурамі аперацыя, замацавала пазіцыі апраменьванне. Наталля была гатовая да любых праяў кепскага адчування:

— І гэта не толькі выпаданне валасоў ці ванітаванне, «хімія» ж цэліць і па здаровых органах. Быў момант, калі доктар прыпыніў тэрапію, інакш маглі забіць печань. Выратаваўшы яе, ізноў прыступілі да знішчэння ракавай пухліны. Дрэннае адчуванне кампенсуецца плёнам лячэння ад асноўнай хваробы. Доктар, выразаючы засохлую «гадасць», сказаў, што хіміятэрапія не падвяла, справілася. Даўжэй за ўсё адыходзіла ад наступстваў пасля апраменьвання. Аперацыя загойваецца, «хімія» з часам вымываецца, а вось радыяцыя ў целе застаецца. Ды не будзем пра гэта!

Наталля ўсміхаецца, што некаторыя падпісанты ў Facebook спрабавалі яе абражаць, маўляў, лечыцца па блату. Але па блату рак не адступае, забірае і знакамітых, і багатых, разбурае не толькі фізічны, але і маральны стан. Пра гэта не па чутках ведае цудоўны персанал навукова-практычнага цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі ў Бараўлянах, таму да пацыентаў ставіцца з асаблівай цярплівасцю і міласэрнасцю. Чыста, дагледжана, і пакуль канчаткова не паздаравееш — не адпусцяць.

Адкрытасць тэлевядучай і яе дзённік у Facebook многіх людзей здзівілі. Звычайна мы прывыклі перажываць свае праблемы адасоблена, а ў сацыяльных сетках выстаўляцца моцнымі і прыгожымі. Наталля Бардзілоўская паказала сябе ў тысячу разоў мацнейшай і прыгажэйшай, бо фотаздымкі і адчуванні перадавала падчас ракавОй хваробы. За пакутны для жанчыны год у Facebook назбіралася тысячы сяброў, адгукнуліся тыя, з кім даўно не кантактавалі. Дзяліліся парадамі, перажытымі на сабе наступствамі, напрыклад, ад прамянёвай тэрапіі. Таму да кожнага з этапаў лячэння Наталля Бардзілоўская была ўжо «загартаваная народам».

— Увесь гэты час мяне падтрымлівалі калегі з тэлебачання, праведвалі, збіралі грошы. У медыя­холдынгу я старажыл, працую 20 гадоў, 15 з іх — у Агенцтве тэленавін. Ведаеце, такое адчуванне, быццам і не было расставання з любімым калектывам. Але, вяртаючыся, крышку хвалявалася, не ведала, як успрымуць. Па-першае, я змянілася знешне, з’явілася сівізна — адобрылі, зрабілі стрыжку, выпрацавалі імідж, — папраўляе прычоску субяседніца.

Цяпер адчувае сябе добра, перыядычна абследуецца. Што нас не забівае, тое робіць мацнейшымі. Дыягназ прынёс цярплівасць у адносінах да фізічнага болю, да людз­ей, стасункаў:

— Ужо не зважаю на абразы — свет не пераробіш. У рэлігійным плане больш наблізілася да Бога. Супала, што і тэмай для першага рэпартажу, калі вярнулася ў рэдакцыю, стаў Заслаўскі Спас. Хачу даўжэй пражыць, спраўдзіць задуманае на працы, выгадаваць дачку, якая мужна трымалася, пакуль мяне не было дома: гатавала, цягала валізкі з магазіна, а калі я вярталася з бальніцы, то рабіла мне масаж. Яна моцна ў мяне верыла, і я не магла падвесці!

Хірург-анколаг-мамолаг, кандыдат медыцынскіх навук Антон ХОРАЎ:

— Дыягназ раку малочнай залозы для Наталлі быў шокам. Сярод новаўтварэнняў гэтае найбольш вывучанае, падыходы для лячэння вядомыя. Ды поспех залежыць не толькі ад дыягназу, але і ад тыпу пухліны, яе распаўсюджанасці, узросту пацыента і многіх іншых фактараў. Хваробу ў Наталлі Бардзілоўскай выявілі на ранняй стадыі, што вялікі плюс. Пачалі лячэнне з лекавай тэрапіі, пасля аперацыя, далей зноў прафілактычныя замацавальныя курсы хіміятэрапіі і фінальны акорд — апраменьванне. Разнавіднасць гэтай хваробы патрабуе комплекснага лячэння. Усё прайшло паспяхова, у гэтай гісторыі больш за ўсё было надзей, і яны апраўдаліся.

З пацыенткай знайшлі кантакт, прадуктыўны дыялог заснавалі на даверы — і гэта дапамагло агульнай справе. Анкалогія ў многім дае псіхалагічны адбітак, і хто ад гэтага пазбавіць — як не доктар? Толькі пазітыў і станоўчыя эмоцыі! Выконваем сваю працу якасна, на сучасным сусветным узроўні, цалкам адпавядаем усім крытэрыям. Але ўрачы не богі, і стопрацэнтныя прагнозы бывае складана рабіць. На жаль, нашы хваробы такія, што нават пасля поўнага выздараўлення трэба абследавацца. Так рэгламентавана па ўсім свеце. Пухліна ў некаторых выпадках вяртаецца, і чым хутчэй яе выявіш, тым большая верагоднасць скасаваць.
З ДЗЁННІКА НАТАЛЛІ БАРДЗІЛОЎСКАЙ У FACEBOOK: 

— Пражыты мною год ад жніўня 2019-га да жніўня 2020-га — не проста тэрмін, гэта магчымасць жыць і зараз пісаць вам!!! Калі 12 месяцаў таму мне паставілі дыягназ «рак» — зямля паплыла пад нагамі. Не толькі ад адчування смяротнай пагрозы. Але ад першага шоку, недасведчанасці: як жа я вытрымаю, пэўна, лячэнне неперадавальна дарагое, грошай няма, чула і чытала, што людзі прадаюць кватэры, бяруць крэдыты, адкрываюць рахункі з маленнямі аб міласэрнасці. У галаве раіліся дэпрэсіўныя думкі, пакуль не пачала рэальнае лячэнне і не атрымала ўласны вопыт: як у нашай дзяржаве ратуюць людзей ад анкалогіі. 

Аказалася, што як толькі беларусу ставяць афіцыйны дыягназ «рак», усе этапы, працэдуры на ўзроўні апошніх, самых сучасных дасягненняў абсалютна бясплатныя. Генетычны аналіз, КТ, МРТ, ПЭТ-КТ, гаспіталізацыя, аперацыя, рэабілітацыя, хімія- і прамянёвая тэрапія, суправаджэнне бальнічнымі лістамі (сацыяльная абарона хворага). Бараўлянскі комплекс, дзе я лячылася, паспявала «даследаваць» па-журналісцку: ён аснашчаны самым прагрэсіўным абсталяваннем, лабараторыі, навуковы комплекс вывучэння канцэрагенезу. І лячэбнае аддзяленне мамалогіі, куды памясцілі мяне разам з іншымі жанчынамі з самых розных рэгіёнаў — са Стоўбцаў, Мала­дзечна, Пастаў, з вясковай бабуляй з Вілейшчыны, да ўсіх стаўленне было роўна ветлівае і ўважлівае. Цёплыя палаты, якія мылі па два-тры разы на дзень, бясплатнае харчаванне са стравамі «на пару», свежая бялізна на ложках. 

Восем месяцаў правяла паміж Бараўлянамі і Мінскім анкалагічным дыспансерам. І сёння задумалася і пытаюся ў вас: а ці магчыма было б такое для нас, беларусаў, пры капіталізме? Ці калі б мы паехалі ратавацца ў Ізраіль і Германію, Расію? Я з восені 2019-га была падпісана ў Instagram на юную дзяўчыну-масквічку Ганну Раманаву. Бачыла, як яна не спраўлялася са сваім лячэннем, як заклікала сяброў падтрымаць яе грашыма, радавалася, калі прыходзілі ахвяраванні на яе рахунак, ёй «хімію» трэба было купляць! Памятаю, з якім адчаем яна пісала, што са шпіталя яе «папрасілі» праз гадзіну, бо не могуць болей трымаць. А яна верыла, што палепшае. І ведаеце, яна памерла на пачатку 2020-га. А я жыву!!! Лічу, што гэта не проста ўдача, гэта тая сістэма аховы здароўя, якая сфарміравалася за 26 гадоў. Менавіта наша медыцына справілася з маёй бядой, як спраўляецца з анка шматлікіх іншых беларусаў. За нас змагаюцца. А якім будзе вынік — пытанне да лёсу. Рак — такая хвароба. Наш кампазітар Алег Молчан быў знакамітым, але не ўратаваўся. Куміра мільёнаў Дзмітрыя Хварастоўскага не змаглі вылечыць, не дапамог сабе мужны, светлы доктар Андрэй Паўленка, нарэшце заснавальнік Apple Сціў Джобс памёр ад рака, нягледзячы на ўсе свае магчымасці. Светлая ім памяць. Дык вы, некаторыя таварышы, не кажыце пра прывілегіі, ацаніце лепш выхаваных за чвэрць стагоддзя беларускіх дактароў, нашу айчынную сістэму, яна не дае шматлікім людзям памерці ад хвароб. І з’явілася яна не сама па сабе.

basikirskaya@sb.by

Фота Таццяны Сталяровай
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter