Милым другом, своей святыней называл Якуб Колас жену Марию Каменскую. Вышла новая книга о жене поэта

«Мой добры друг, мая святыня…»

У музеі Якуба Коласа прэзентавалі кнігу, прысвечаную жонцы класіка

У дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа адбылася прэзентацыя ўнікальнага выдання «Табой я жыў, табой жыву…» пра жонку Якуба Коласа Марыю Дзмітрыеўну Каменскую. Тут успаміны блізкіх, сваякоў, фрагменты ліставання, дакументы і прысвячэнні, а таксама ўнікальныя фотаматэрыялы. Укладальніцы — унучка Якуба Коласа, даследчыца яго творчасці Вера Міцкевіч і галоўны захавальнік фондаў музея, праўнучка класіка Васіліна Міцкевіч. Выйшла кніга ў выдавецкім доме «Звязда» па ініцыятыве яго дырэктара — галоўнага рэдактара, старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алеся Карлюкевіча.

Урок высокага пачуцця

— Гэтае выданне — фактычна мастацкі партрэт жонкі Коласа, яго самога і таго блізкага атачэння, у якім Пясняр сфарміраваўся як высокі і вельмі важны для нашай Айчыны талент, — звярнуўся да прысутных Алесь Карлюкевіч. — Для нашага выдавецкага дома вялікі гонар працаваць над такімі праектамі. Маем і яшчэ адзін рукапіс, чуйна ўкладзены Васілінай і Верай Данілаўнай Міцкевіч, з новым ілюстрацыйным матэрыялам, дагэтуль шырока не вядомым. Крыху раней выпусцілі кнігу, прысвечаную Юрку — сярэдняму сыну класіка. Таксама выдалі кніжку казак у апрацоўцы Якуба Коласа.

Алесь Карлюкевіч засведчыў, што, нягледзячы на шырокае развіццё коласазнаўства, гэты накірунак дагэтуль актуальны. Каля 40 гадоў запар у музеі праходзяць Каласавіны, выключна багатыя на навуковыя, творчыя адкрыцці. Так што крыніцазнаўчых матэрыялаў, па якіх даследчыкі маглі б рабіць кнігі, хапае. Следам за гэтымі выданнямі пісьменнікі і журналісты будуць адкрываць наноў Якуба Коласа, яго жыццё і творчасць, блізкіх і сяброў.

— Для нас важна, што музей і сям’я Коласа звязаны. Будзем і далей падтрымліваць гэтую сувязь, — падкрэсліла дырэктар музея Ірына Мацяс. — Класік усім больш вядомы як грамадскі дзеяч, а ў кнізе раскрыта тэма кахання, высокіх паводзін, узаемаадносін паэта з жонкай. Гэта нам як урок, якому варта павучыцца.

Якуб Колас вельмі любіў сваю жонку, на працягу 32 гадоў сумеснага жыцця яна была лепшым сябрам, першым крытыкам і дарадцам мужу.
Калі Марыі Дзмітрыеўны не стала (яна памерла ў 1945‑м неўзабаве пасля Перамогі), класік вельмі перажываў. Ён пісаў: «Адчуваю сябе так, як бы мне адсеклі правую руку і адабралі палавіну душы».
— Марыя Дзмітрыеўна цудоўна разумела, што яе спадарожнік у першую чаргу творца, паэт, навуковец, грамадскі дзеяч, — успамінае унучка Вера Міцкевіч. — Яна старалася зрабіць усё, каб муж мог тварыць, пісаць, працаваць, і гэта адбывалася ў складаных умовах сусветных узрушэнняў першай паловы XX стагоддзя.

Вера Міцкевіч — унучка Я. Коласа.

Даследчыкі сыходзяцца ў думцы, што Канстанцін Міцкевіч мо не стаў бы Якубам Коласам, калі б побач з ім не было разумнай, чулай і далікатнай жонкі.

Самыя пяшчотныя лісты

Марыя Дзмітрыеўна нарадзілася ў сям’і праваслаўнага псаломшчыка ў Ашмянах. Жыла і працавала спачатку ў Вільні, дзе бацькі пабудавалі дом. Потым пераехала ў Пінск і ўладкавалася ў чыгуначную школу. Тут жа, у прыходскім вучылішчы, працаваў і Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч. Ён ужо актыўна друкаваўся, гэта быў сталы 30‑гадовы чалавек са сфарміраваным светапоглядам.

Пазнаёміліся на лекцыях… З тае пары Канстанцін часта праводзіў маладую настаўніцу і ні слова не гаварыў пра свае пачуцці. Так доўжылася каля году, надышоў час падумаць аб уладкаванні сям’і. І дзяўчына ўзяла ініцыятыву ў свае рукі: «Костусь, а можа, мы пажэнімся?» Яе прапанову будучы класік прыняў з радасцю.

Праз нейкі час пасля вяселля Марыя Дзмітрыеўна знайшла нататнік мужа з вершамі, поўнымі кахання, і строга запыталася: «Костусь, што гэта?» Аказваецца, творы прысвячаліся ёй. На жаль, запісная кніжка згубілася. Якуб Колас пасля шкадаваў, што тыя вершы не захаваліся: «Добра было б зірнуць на ўсё тое, што я пісаў у той час пра яе. Я саромеўся тых вершаў… У друк, вядома, нічога не падаваў, няёмка адбіраць месца ў газеце і час у людзей на сваё, што толькі мне належала».

У сям’і нарадзілася трое сыноў, якія выхоўваліся ў сапраўднай сям’і.

— Нам пашчасціла, што ў бацькоў ніколі не было сварак, што ў нашай сям’і заўсёды панавала атмасфера любові і дабрыні, — успамінае сын Даніла Міцкевіч. — Якое ж гэта шчасце! Яго, тое шчасце, найперш стварала наша мілая мама. Калі хто з нас хварэў, не было лепшага лекара за яе. Догляд, смачная ежа, хатнія, няхай і дзедаўскія прыёмы і спосабы лячэння, цёплыя, спагадлівыя словы вельмі спрыялі хуткай папраўцы.

Марыя Міцкевіч, Даніла Міцкевіч, Якуб Колас, Міхась Міцкевіч. Ташкент. Лета 1942 г.

А колькі прыходзіла і прыязджала гасцей у Коласаў дом! І сваякі, і сябры, і пісьменнікі, і незнаёмыя людзі. Заўсёды сардэчна сустракала іх гаспадыня і частавала нацыянальнымі стравамі.

— Марыя Дзмітрыеўна гатавала шмат смачных страў: верашчаку, дранікі, розныя мясныя, птушыныя, рыбныя стравы. А такія прысмакі, як торт «Баўмкухен» і жэле бланманжэ, наўрад ці хто з сучасных гаспадыняў ведае, — расказвае Вера Міцкевіч.
Якуб Колас пісаў найпяшчотныя словы ў лістах да сваёй жонкі: «Адно толькі ты, мая родная, дарагая Маруся, не забывай аб сабе, аб сваім здароўі, старайся ўмацаваць свой арганізм. Такія людзі, як ты, у жыцці вельмі патрэбны, як жыватворчыя сокі гэтага жыцця, бо жывеш ты не для сябе».
На жаль, сям’я асірацела, калі Марыі Дзмітрыеўне было ўсяго 54 гады. Якуба Коласа ніколі больш не пакідала пачуццё адзіноты. Часта прыходзіў ён на магілу свайго «лепшага друга Марусі», сядзеў на лаўцы, слухаў перашэпты дрэў… І адчуваў сябе птушкай без крылаў.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter