Праблема са спайсамі ўразіла ўсіх нас у мінулым 2014-м. Менавіта таму, вырашылі ў БДУІР у адказ на Дэкрэт № 6 Прэзідэнта «Аб неадкладных мерах па супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў», неабходна, каб ініцыятыва ішла ад іх саміх. Гэта павінны быць не фармальныя адпіскі, а рэальныя меры. І падключылі да барацьбы з наркаманіяй у рамках ВНУ студэнцкі актыў.

БДУІР у 2014 годзе сутыкнуўся з гэтай бядой. Два хлопцы, адзін з якіх курсант ваеннага факультэта, былі абвінавачаны ў распаўсюджваннi наркотыкаў. Абодва ўжо атрымалі пакаранне: адзін адбывае яго пад вартай, другі асуджаны ўмоўна. Дарэчы, студэнта не адлічылі, вырашыўшы, што калі ён зробіць правільныя высновы, то ўстане ў першыя рады дапамогі тым, хто можа пацярпець ад наркотыкаў.
Як у ВНУ плануюць супрацьстаяць бядзе? Прыцягнуць да гэтага найбольшую колькасць студэнтаў з актыўнай жыццёвай пазіцыяй. «Гэта нашы прадстаўнікі ў студэнцкай супольнасці. Старасты груп, старасты паверхаў у інтэрнатах, студэнцкія рады факультэтаў і ўніверсітэта, — кажа рэктар БДУІР Міхаіл Батура. — Акрамя іх, куратары груп, намеснікі дэканаў і дэканы. Мы плануем пабудаваць узаемадзеянне наступным чынам: калі, скажам, стараста групы заўважыў нешта нядобрае, ён правядзе гутарку, раскажа аб магчымых страшных наступствах наркаманіі. Калі гэтага будзе недастаткова, падключыцца дэканат, і мы станем уздзейнічаць усе разам».
Дарэчы, па інфармацыі Рэспубліканскай клінічнай псіхіятрычнай бальніцы, дзякуючы агульным намаганням, накіраваным на супрацьдзеянне наркаманіі, колькасць залежных ад спайсу знізілася. Калі раней у кожным з аддзяленняў рэгулярна знаходзілася 10—12 чалавек, сёння ж 1—3.
На думку Міхаіла Батуры, увядзенне абавязковага тэсціравання на наркотыкі ў ВНУ магло б стаць панацэяй. «Яго варта ўкараняць, — перакананы ён. — Хтосьці скажа, што гэта пытанне дэмакратыі. Але ў нас няма выйсця. Тут не той выпадак, калі можна весці дыскусію. Студэнты — дарослыя людзі, і гэта для іх жа выгады».
Падтрымлівае меркаванне рэктара пяцікурснік БДУІР Дзмітрый Баранаў, які да наркаманіі і наркотыкаў ставіцца вельмі адмоўна. «Не бачу ў гэтым ніякай цікавасці, — адкрыта гаворыць ён. — Для мяне людзі, якія злоўжываюць, незразумелыя. Ёсць маса значна больш цікавых захапленняў, і вучоба ў іх ліку. Сярод маіх аднакурснікаў не ведаю рабят, хто б ужываў наркотыкі. Але ж знайсці сёння гэтыя рэчывы не праблема, асабліва калі хадзіць на начныя дыскатэкі. Галоўнае, я лічу, трымаць сябе ў руках і заўсёды казаць «не».