Думкі ўслых аб нашай мове

Мове нашай — жыць і жыць

Здарылася так, што наша сям’я ў 1957 годзе пераехала з Комі на радзіму бацькі ў Беларусь — на Глушчыну, дзе я пайшоў у беларускую школу. Бацька да вайны скончыў настаўніцкія курсы ў Мазыры і настаўнічаў на Глушчыне. У пачатку вайны быў схоплены немцамі і апынуўся ў Бабруйскім канцэнтрацыйным лагеры. Затым яго адправілі ў Германію на катаржныя работы, потым былі Францыя і Вялікабрытанія. А пасля вызвалення войскамі саюзнікаў яго за “блуканне па Еўропе” арыштаваў “Смерш” і накіраваў на лесапавал у Комі АССР.


Бацька ніколі не размаўляў па-беларуску, але спяваў беларускія народныя песні. Ведаў і чытаў не толькі вершы, а цэлыя паэмы: Купалы, Коласа і Дуніна-Марцін-кевіча. Яны былі для яго вялікай каштоўнасцю, бо лічыў сябе беларусам, часткай тых вершаў. І тое, што бацька не размаўляў на роднай мове, зусім не азначала, што ён яе забыў, што яна стала чужой. Не!

У Комі яго нават называлі “бульбашом”, і гэта мянушка за ім замацавалася надоўга.

Мне даводзілася гутарыць з людзьмі, якія беларускай мовай валодаюць дасканальна, у тым ліку з пісьменнікам Сяргеем Грахоўскім. І сапраўды нельга было наслухацца! У ёй адчувалася асалода, прыгажосць і меладычнасць. Успамінаецца і мой школьны настаўнік беларускай мовы і літаратуры Пётр Максімавіч Русакоў, які данёс да майго сэрца любоў да бацькавай мовы, якой не здрадзіў і сёння.

Але не заўжды дасканальнае валоданне мовай прыносіць асалоду слыху, як і яе знаўцу не заўсёды можна назваць інтэлігентам. Валодаеш мовай — валодай на здароўе. Навошта лезці да іншых. Няхай не кожны беларус перакладзе невялікі тэкст з рускай мовы на беларускую і наадварот. Галоўнае — каб разумеў і размаўляў на той мове, якая яму падабаецца, ад якой і з якой яму добра, якую ўспрымаюць у яго асяроддзі. Мяне і сёння ніколькі не засмучае той факт, што афіцыйныя СМІ на сваіх старонках друкуюць матэрыялы на рускай і беларускай мовах. Яны ў мяне не выклікаюць непаразумення і недарэчнасці, магчыма, як і ў большай колькасці іншых чытачоў.

У любым выпадку падчас перапісу насельніцтва Беларусі большасць яе жыхароў, у тым ліку і я, называюць сябе беларусамі, як і лічаць роднай мовай беларускую.

А калі яшчэ нехта лічыць яе мужыцкай, маўляў, непрыгожая, што з яе смяюцца, дык гэта непавага не толькі да мовы, але і да народа, да краіны.

Бываючы ва Украіне, асабліва ў Заходняй, дзе я праходзіў тэрміновую службу ў арміі, ды ў той жа Латвіі, калі лячыўся ў санаторыі Юрмалы, пераканаўся, што гэта для рускага ці беларуса — бяда. Бо ўсе СМІ — толькі на мове краіны, як і ўсе інфармацыйныя шыльды на вуліцах. Амаль усе людзі размаўляюць толькі на сваёй мове і цябе не разумеюць. Ці толькі робяць выгляд, не жадаючы кантактаваць? І вось ужо ты пачынаеш адчуваць сябе ў гэтым асяроддзі чужаком...

Тым часам гонарам беларускага народа з’яўляюцца Скарына, Тураўскі, Забражскі, Будны, Сапега, Будзіла, Полацкі і Каінскі. Уся краіна, увесь свет чытае творы Караткевіча і Быкава, Мележа і Танка. Я ганаруся і тым, што на глускай зямлі нарадзіліся адзін з пачынальнікаў жанру беларускай байкі ў рэчышчы рэалізму, перакладчык Альгерд Абуховіч, паэт Янка Бобрык, пісьменнік і паэт Сяргей Іванавіч Грахоўскі, пісьменнік і вучоны Фёдар Міхайлавіч Янкоўскі, пісьменнік Аркадзь Нічыпаравіч Марціновіч. Яны ўнеслі свой важкі ўклад у родную мову і літаратуру, і пакуль ёсць такія маякі, беларуская мова не памрэ. Бо народ як нацыя існуе ў літаратуры, фальклоры, песнях. Не апошняе месца займае паслядоўнасць пакаленняў, калі ўсё наша — роднае — перадаецца ад бацькоў дзецям і ўнукам. Таму мове нашай жыць і жыць.

Валерый Васілеўскі, Глуск
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter