Мова зямлі, ці Вялікая і малая літары ў геаграфічных, астранамічных назвах.

Урокі для чытачоў “НГ” вядзе загадчык кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, прафесар, доктар філалагічных навук Віктар ІЎЧАНКАЎ.

Урокі для чытачоў “НГ” вядзе загадчык кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, прафесар, доктар філалагічных навук Віктар ІЎЧАНКАЎ.

Гісторыя захоўваецца ў імёнах і назвах. Бывае, што горада ці дзяржавы даўно няма, а назва застаецца. Напрыклад, у XIII—ХVIII стст. існавала Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае (кароткая назва — Вялікае Княства Літоўскае), што стала набыткам гісторыі, а генезіс і акалічнасці ўтварэння дзяржавы застаюцца прадметам навуковых і ідэалагічных спрэчак.
Паказальна, што напісанне назвы нашай прарадзімы паводле новай рэдакцыі “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” памянялася. Раней другое слова пісалася з малой літары (Вялікае княства Літоўскае). Cёння напісанне аднесена да нормы, калі з вялікай літары пішуцца ўсе знамянальныя словы ў афіцыйных уласных назвах дзяржаў і іх аб’яднанняў: Рэспубліка Беларусь, Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае.
Слова княства можа адносіцца да родавых найменняў. Як у выпадках: Тмутараканскае княства, Мурама-Разанскае княства. Агульнымі абазначэннямі выступаюць і іншыя словы: графства Сусекс (Англія), дэпартамент Верхнія Пірэнеі (Францыя), штат Паўднёвая Караліна (ЗША), акруга Калумбія (ЗША), зямля Бадэн-Вюртэмберг (ФРГ), прэфектура Хакайда (Японія), правінцыя Сычуань (КНР).
Афіцыйныя назвы дзяржаў, якія пачынаюцца словам княства, пішуцца з вялікай літары: Княства Андора, Княства Ліхтэнштэйн, Княства Манака. Дапускалася, што асобныя словы ў афіцыйных назвах могуць ужывацца з малой літары: Вялікае княства Фінляндскае, Вялікае герцагства Люксембург, а таксама ў гістарычных найменнях: Вялікае княства Маскоўскае, Вялікае княства Цвярское, Вялікае княства Разанскае і інш.
Новае прачытанне імя ўласнага сярэднявечнай дзяржавы, якое існавала ў розныя часы на тэрыторыі сучасных Беларусі, Літвы, Украіны і Расіі (Смаленшчына, Браншчына), тлумачыцца тым, што Вялікім Княствам Літоўскім, Рускім і Жамойцкім называлася не тэрытарыяльная частка краіны, а сама дзяржава. Дарэчы, абрэвіятура ВКЛ адцяняла гэта.
Гісторыку І.Філевічу належаць надзвычай трапныя словы: “...Зямля ёсць кніга, дзе гісторыя чалавечая запісваецца ў геаграфічных назвах”. “Мова зямлі, — пісаў даследчык, — значыць для нас больш, чым творы старажытных і сярэднявечных аўтараў, больш, чым сведчыць пра сваю гісторыю сам народ... Яна не паддаецца фальсіфікацыі. Тут нічога не прыдумаеш, нічога не сачыніш. Мінулыя эпохі, зніклыя народы і культуры даверылі “мове зямлі” берагчы памяць пра сябе. І яна свята і сумленна зберагла і пранесла яе праз вялікія перасяленні, праз стагоддзі эвалюцый і трансфармацый, праз зрушэнні і перавароты”.   Такія  назвы  абу-джаюць памяць, клічуць да новых адкрыццяў.
Географы, этнографы, сацыёлагі, гісторыкі, археолагі і прадстаўнікі іншых навук вельмі часта звяртаюцца да анамастыкі (з грэчаскай мовы onomastike — “майстэрства даваць імёны”, onomastikos — “які адносіцца да імя”) — раздзела мовазнаўства аб сукупнасці ўласных імён. Часам уласнае імя можа дапамагчы вызначыць тое, што зараз нават не ўяўляецца. Паводле звестак, сучасная назва Венесуэлы звязана з Венецыяй. У свой час іспанцы на беразе лагуны пабачылі вёску, пабудаваную на п?алях (сваях). Яны яе так і назвалі — “маленькая Венецыя” (Венесуэла), што пазней стала Баліварыянскай Рэспублікай Венесуэла.
Назва можа ўказаць, дзе праходзіла мяжа паміж сушай і морам у далёкім мінулым. Так, італьянскі горад Адрыя, які даў мору сваё імя, быў важным портам. Па меры таго як дэльта По забівалася глеем, мора адступала, і для транспарціроўкі судоў у Адрыю пракладваліся каналы. З цягам часу горад стаў сухапутным і аддаліўся ад мора на 25 км.
Назвы — гэта сапраўдная гісторыя зямлі...
У наступны раз мы пагаворым падрабязна пра тое, якія геаграфічныя і астранамічныя назвы, паводле новай рэдакцыі “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”,  пішуцца з вялікай літары, а якія — з малой.

Зваротная сувязь

Дзень добры! Падкажыце, калі ласка, як праходзіць працэс нармавання запазычанай лексікі ў беларускай мове (да прыкладу, такія словы, як кіроўца, зніжкі і г.д.). Дзякуй. З павагай Улад
— Прыведзеныя словы адносяцца да наватвораў, а не да запазычаных слоў: кіраваць машынай — кіроўца, зніжаць цэны — зніжкі. Сучасныя слоўнікі фіксуюць: вадзіць машыну — вадзіцель (вадзіцельскія правы), скідаць цэны — скідкі (продаж тавару са скідкай). Наватворы застаюцца ў мове, калі становяцца агульнаўжывальнымі і трапляюць у слоўнікі. Указаныя вамі словы пакуль што толькі набытак маўлення, як і наступствы, заўзятар і шмат інш.

Прывітанне! Ці скарачаецца у пасля абрэвіятур? Напрыклад, у такім сказе: БДУ у/ў нашай краіне з’яўляецца фарпостам навукі. Дзякуй. Валянціна Пятроўна, рэдактар БДУ
— Такія выпадкі падлягаюць асноўнаму правілу: нескладовае ў пішацца згодна з беларускім літаратурным вымаўленнем пасля галосных у пачатку слова (калі гэта слова не пачынае сказ і перад ім няма знакаў прыпынку): на ўвесь дзень, моцны ўдар.
Правільна: БДУ ў нашай краіне з’яўляецца фарпостам навукі.

Добрага часу сутак! Як правільна напісаць: У 2010 г. У (ці ў?) Ванкуверы адбыліся ... Дзякуй. Marysa.
— Арфаграфічна карэктна: У 2010 г. у Ванкуверы адбыліся ...

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter