Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Паэтычную назву для Свята роднай мовы абралі актывісты суполкі “Голас Радзімы” з Мікалаева: “Па-беларуску сэрцайка спявае”

Мова матчына, мова душы

Ці заўважалі: дзе б ні быў, дзе б ні жыў, а дома зноў пачынаеш гаварыць на мове бацькоў. Так і ў мяне, калі бываю ў вёсцы Сімaнавічы Глускага раёна Магілёўшчыны. Там нарадзілася, там жывуць родныя мне людзі. Сама ж — ва Украіне, у Мікалаеве. І як жа добра, што й тут знайшліся беларусы-аднадумцы, і ўтварылі мы разам суполку. Поўная назва яе: грамадская арганізацыя “Мікалаеўскае абласное нацыянальна-культурнае таварыства беларусаў “Голас Радзімы”. Суполка ўжо вядомая і ў горадзе, і далей. Мы Дзень роднай мовы адзначаем — штогод. Бо даўно заўважылі, і аж да камячка ў горле, да слёз прачулі-зразумелі: менавіта ўдалечыні ад Бацькаўшчыны родная мова — гэта як “глыток паветра”, і як “бальзам на рану”, і як “светлая згадка”... Так лірычна, трохі нават “на слязе” ўспрымаюць гучанне роднай мовы далёка не ўсе. Аднак у нашай суполцы большасць — жанчыны, з чуллівымі душамі. Нам — можна даць волю пачуццям! Вось і ладзім заўсёды Дзень роднай мовы — як своеасаблівае свята для душы.

Роднае слова ў Мікалаеве — у вялікай пашане

Сёлета прыгожую, паэтычную назву для свята выбралі: “Па-беларуску сэрцайка спявае”. Дарэчы, у знакамітага ансамбля “Сябры”, здаецца, была песня з падобнымі словамі: “Паклон табе, Радзіма дарагая!/ Пад сонцам далі белыя твае./ Сама зямелька песні тут спявае/ І сэрца беларускае — пяе”. Хораша! На свята, прысвечанае Міжнароднаму дню роднай мовы, мы сабраліся 18 лютага ў Цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя М. Л. Крапіўніцкага. Ёсць там утульная кіналекцыйная зала, прычым, што ўзрушыла: людзей сабралася шмат! Мы запрасілі “на агеньчык” гараджан, жыхароў вобласці, прыехаў нават консул Генконсульства Беларусі ў Адэсе Сяргей Мяльгуй. Былі паважаныя людзі з абласной дзяржадміністрацыі, гарсавета, савета нацыянальных таварыстваў вобласці, ветэраны. Прыйшлі як беларусы, так і тыя, каго проста цікавіць наша культура, мова, літаратура.

Вельмі прыемна было атрымаць вітальны ліст на адрас нашай суполкі ад Надзвычайнага i Паўнамоцнага Амбасадара Рэспублiкi Беларусь ва Украiне Ігара Сокала. Мы зачыталі яго прывітанне і віншаванне ўдзельнікам і гасцям свята. Ігар Сяргеевіч падкрэсліў: сёлета — асаблівы, знакавы год для беларускай культуры. У Беларусі, за яе межамі ўжо ладзяцца святочныя мерапрыемствы да 135-годдзя нашых Песняроў — Янкі Купалы і Якуба Коласа. Сёлета ж мы адзначаем і 500-годдзе беларускага кнігадрукавання. Дарэчы, суполка “Голас Радзімы” таксама плануе расказаць жыхарам Мікалаева пра нашага вялікага земляка-палачаніна Францыска Скарыну. Што менавіта ён — першадрукар на ўсходнславянскіх землях, ды і ў знакамітага друкара Івана Фёдарава ёсць беларускія родавыя карані. (Гл. “Іван, сын Фёдараў — родам з Вілейшчыны”, ГР, 2.06.2016. — Рэд.)

Пад час літаратурна-музычнай кампазіцыі “Па-беларуску сэрцайка спявае” мы расказвалі пра творчасць беларускіх пісьменнікаў, чыталі іх творы. Гаварылі пра нашы прыгожыя словы, пра даўнія традыцыі беларускай культуры. А песні па-беларуску выконваў фальклорны гурт суполкі. Выдатна дапаўнялі аповед слайды, відэасюжэты пра Беларусь, запісы песень вядомых беларускіх артыстаў.

Газета “Голас Радзімы” на выставе

Падрыхтавалі мы і прыгожую дакументальна-прадметную выставу. Там былі як кнігі з фондаў бібліятэкі, так і з нашых уласных збораў, а таксама вырабы народных майстроў у нацыянальным стылі, розная друкаваная і сувенірная прадукцыя. Мы расказвалі такім чынам пра сучасную Беларусь, яе дасягненні, давалі кансультацыі наконт турыстычных маршрутаў: куды паехаць, што паглядзець. Дарэчы, з цікавасцю ўсе знаёміліся і з газетай “Голас Радзімы”, якая для нас — добры сябар, дарадца, суразмоўца. Якраз яна, казалі мы, прыносіць нам кожны тыдзень роднае слова з любімай Бацькаўшчыны.

Па вачах людзей бачылі: беларуская мова ў Мікалаеве — не чужая. Госці ж нават падпявалі фальклорнаму гурту, дарылі нам шчырыя апладысменты. Зрэшты, так і павінна быць, бо мова матчына — гэта заўсёды мова душы.

Дзякуй усім, хто ў Мікалаеве з павагай ставіцца да Беларусі, беларусаў. Акрамя кіраўніцтва бібліятэкі, нам дапамагалі здзейсніць задуманае спецыялісты з упраўлення культуры, нацыянальнасцяў і рэлігій абласной дзяржадміністрацыі ды ўпраўлення па пытаннях культуры і аховы культурнай спадчыны гарсавета, паважаныя людзі з Савета нацыянальных таварыстваў вобласці. Вельмі радуе, што ёсць у суполкі “Голас Радзімы” паразуменне, творчыя кантакты з Мікалаеўскім дзяржаўным вышэйшым музычным вучылішчам, Мікалаеўскім каледжам культуры і мастацтваў: спадзяемся, каштоўная супраца будзе мець працяг.

Таццяна Дзяменнікава, кіраўніца суполкі “Голас Радзімы”, г. Мікалаеў

Голас Радзімы № 9 (3513), чацвер, 2 сакавіка, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter