Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

У III Еўрапейскай дзіцячай алімпіядзе па гісторыі “Да 100-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі”, што праходзіла ў Рыме, паўдзельнічалі навучэнцы беларускіх школ

Моцныя ў сяброўстве

Юныя ўдзельнікі сёлетняй алімпіяды спаборнічалі ў веданні дат важных падзей у гісторыі многіх еўрапейскіх краін, звязаных з Кастрычніцкай рэвалюцыяй. Напярэдадні конкурсу школьнікі праводзілі навуковыя даследаванні пра ўплыў тых даўніх падзей на палітычнае, эканамічнае і духоўнае развіццё сваіх краін. А для таго, каб перамагчы ў паэтычным турніры, вучылі на памяць, а пасля чыталі вершы паэтаў, прысвечаныя рэвалюцыі.

Беларуская дэлегацыя на алімпіядзе па гісторыі ў Рыме

Вытрымкі з твораў Уладзіміра Маякоўскага, Валерыя Брусава, Марыны Цвятаевай, Максіміліяна Валошына дэкламавалі й беларускія ўдзельнікі. Цікава прэзентавалі школьнікі даследчую працу пра ўплыў Кастрычніцкай рэвалюцыі на развіццё роднай краіны. Выкарыстоўваючы найноўшыя мультымедыйныя магчымасці, яскрава й вобразна расказвалі пра складаныя перыпетыі беларускай гісторыі. Прыгожым і сучасным еўрапейскім горадам прадставілі сённяшні Мінск. У спаборніцтве з сямю краінамі беларуская каманда апынулася ў кроку ад перамогі.

Усяго ў алімпіядзе, прысвечанай 100-годдзю Кастрычніцкай рэвалюцыі, паўдзельнічала каля пяцідзесяці юных гісторыкаў з Расіі, Беларусі, Балгарыі, Італіі, Казахстана, Латвіі ды Малдовы. Праходзілі інтэлектуальныя спаборніцтвы ў Рыме, у памяшканні Расійскага цэнтра навукі і культуры. На адкрыцці Алімпіяды выступілі прадстаўнікі расійскай, беларускай, казахстанскай амбасадаў у Італіі Дзмітрый Гурын, Хрысціна Адамовіч, Сейліхан Айбакіраў. Сярод ганаровых гасцей была загадчыца кафедры прыкладной лінгвістыкі філфака Беларускага дзяржуніверсітэта Людміла Гербік. У падарунак рымскім школьнікам, якія навучаюцца ў рускіх школах, яна прывезла падручнікі з Беларусі. Сустрэлася Людміла Францаўна з кіраўніцтвам рускіх школ з Мілана і Турына: абмеркавалі шляхі далейшай супрацы. 

Ладзілі алімпіяду вучэбна-метадычны цэнтр па вывучэнні рускай мовы і культуры ў Рыме “Николай Гоголь”, Міжнародны культурны цэнтр “Содружество”, Расійскі цэнтр навукі й культуры ў Рыме.

Дарэчы, на пачатку лістапада своеасаблівае свята дружбы і ўзаемапаразумення для рымскіх школьнікаў правялі Міжнародны культурны цэнтр “Содружество” і ВМЦ “Николай Гоголь”. Прывітаннем дзецям былі такія словы: “Хоць нарадзіліся мы ў розных краінах, ведаем па некалькі замежных моваў, ды ў кожнага з нас свой асаблівы характар, мэты і мары... Усіх нас аб’ядноўвае тое, што мы жывем на цудоўнай планеце Зямля. І каб захаваць наш агульны дом, мы павінны сябраваць, а не ваяваць, дапамагаць і паважаць адзін аднаго”. Хлопчыкаў і дзяўчынак чакала шмат гульняў і конкурсаў. А разгадаўшы выніковую крыжаванку, дзеці прачыталі ключавое слова: “Адзінства”. На каляровых папяровых далоньках кожны з удзельнікаў напісаў свае пажаданні ўсім людзям свету жыць ва ўзаемаразуменні, павазе адзін да аднаго, міры ды згодзе.

Ніна Пашчанка, член Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа пры МЗС Беларусі

Голас Радзімы № 45 (3549), чацвер, 30 лістапада, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter