Шарковчане торжественно отметили 80-летие образования района

Моцныя ніткі паміж учора і сёння

Напрыканцы мінулага тыдня шаркаўшчане ўрачыста адзначылі 80-годдзе ўтварэння раёна і назвалі лаўрэатаў звання «Чалавек года Шаркаўшчыны — 2019»

Лаўрэаты звання «Чалавек года Шаркаўшчыны — 2019».

Ва ўмяшчальнай зале Дома культуры ніводнага свабоднага месца. Тут сабраліся тыя, хто ствараў слаўную гісторыю раёна, хто працягвае яго летапіс сёння і хто будзе прадаўжаць у будучым. На сцэне самадзейныя артысты ў хвалюючых тэатральных эпізодах узнавілі галоўныя этапы жыцця раёна: ад стварэння першых калгасаў да нашых дзён. Асабліва пацярпелі жыхары края ў гады Вялікай Айчыннай вайны: 1100 чалавек не вярнуліся з франтоў, загінулі 2000 мірных жыхароў і 1500 вывезены ў Германію.

У пасляваенны час шаркаўшчынская зямля абнавілася, расквітнела дзякуючы нястомнай стваральнай працы яе жыхароў. Даволі сказаць, што за працоўныя заслугі 18 шаркаўшчан узнагароджаны ордэнам Леніна, 8 — ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі, 93 — ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, 120 — ордэнам «Знак Пашаны», 45 — ордэнам Працоўнай Славы III ступені, 4 — ордэнам Працоўнай Славы II ступені і адзін шаркаўшчанін — поўны кавалер ордэна Працоўнай Славы.

Раёну шанцавала на кіраўнікоў: як самага высокага рангу, так і старшынь калгасаў, дырэктараў прадпрыемстваў. Найвялікшы ўклад у яго развіццё ўнеслі Мечыслаў Сезянеўскі, Мечыслаў Морхат, Пётр Чабатаронак, Алег Ліпскі, Вадзім Мядзелец, Станіслаў Верушэўскі, Раман Паўловіч, Мікалай Косар, Аляксандр Баговіч, Сцяпан Пармон, Эдмунд Альсевіч.

Старшыня Шаркаўшчынскага райвыканкама Дзмітрый Ламака ўручае ганаровую грамату Мечыславу Морхату, які ўзначальваў вертыкаль раёна з 1999 па 2012 год.

Амаль тры гады таму мясцовую вертыкаль узначаліў Дзмітрый Ламака. Нягледзячы на тое што ў раёне няма вялікіх прамысловых прадпрыемстваў, а сугліністая глеба на палях пасля частых капрызаў надвор’я стварае дадатковыя цяжкасці для хлебаробаў, ён здолеў разам са сваёй дружнай камандай, з усімі працаўнікамі зрабіць значны крок наперад. За мінулы год раён атрымаў не толькі больш сельгаспрадукцыі, прыцягнуў інвестыцыі ў асноўны капітал, але і выйшаў на чысты прыбытак. Ён займае шостае месца ў вобласці па выкананні асноўных паказчыкаў за 4 гады пяцігодкі, а ў бягучым — на... другім!

Павялічылася колькасць суб’ектаў малога і сярэдняга бізнесу. Адкрылася 5 новых прадпрыемстваў. У малым і сярэднім прадпрымальніцтве занята амаль трэць эканамічна актыўнага насельніцтва раёна, якое забяспечвае каля 70 працэнтаў экспарту паслуг, больш за 80 працэнтаў новых рабочых месцаў, на 100 працэнтаў экспарт тавараў і паступленні замежных інвестыцый. Рэалізуюцца такія праекты, як будаўніцтва новага вытворчага аб’екта ТАА «М-Вуд Экспарт», адкрыццё дрэваапрацоўчай вытворчасці ТАА «Шаркава», стварэнне інавацыйнай экспартна арыентаванай вытворчасці экалагічна чыстых драўляна-модульных і монаблочных дамоў, зробленых з мясцовай драўніны на ТАА «Шаркаўшчынскі домабудаўнічы камбінат».

Выступаючы на мерапрыемстве, старшыня райвыканкама Дзмітрый Ламака падзякаваў прысутным за працоўныя набыткі, уручыў пасведчанні лаўрэатам звання «Чалавек года Шаркаўшчыны», а таксама падзяку ветэранам.

След на малой радзіме

Ад механізатара да старшыні райвыканкама на роднай бацькаўскай зямлі вырас Мечыслаў Морхат. Ён узначальваў вертыкаль раёна з 1999 па 2012 год. Падчас яго кіраўніцтва рэалізаваны маштабны праект па водазабеспячэнні пасёлка, пабудаваны мост праз Дзісну і завершана будаўніцтва цэнтральнай раённай бальніцы, адной з лепшых у вобласці і рэспубліцы. Менавіта ён заключыў буйны інвестыцыйны дагавор з замежнай кампаніяй па перапрацоўцы торфу.

Кавалер трох ордэнаў Працоўнай Славы Дзмітрый Дабравольскі.

Асаблівую ўвагу ўдзяляў ён працаўнікам сяла: пабудаваў 13 аграгарадкоў. У адным Лужкоўскім сельсавеце ажно тры: ці не адзіны факт у вобласці і краіне. Чаго гэта яму каштавала, ведае толькі ён. Мечыслаў Віктаравіч клопаты аб людзях і іх дабрабыце працягваў, калі быў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

За значны ўклад у станаўленне і развіццё раёна Мечыслаў Морхат на ўрачыстым сходзе ўзнагароджаны Ганаровай граматай Шаркаўшчынскага райвыканкама. У яго зваротнай прамове прагучалі, у прыватнасці, такія словы:

—  Мы з вамі працавалі, стваралі ра­зам. Былі цяжкасці, радасці. І прыемна бачыць, што ўздым, станаўленне працягваюцца. Мне вельмі прыемна, што Дзмітрый Ламака адбыўся як кіраўнік раёна. Ідзе мадэрнізацыя, ствараюцца холдынгі. У раёне робіцца шмат, каб падтрымаць людзей, павялічыць іх дабрабыт.

«Я пра ордэны не думаў...»

На свяце прысутныя міжволі звярталі ўвагу на пажылога, але яшчэ даволі рухавага стройнага чалавека з трыма ордэнамі Працоўнай Славы на пінжаку. Былы механізатар калгаса імя Леніна Дзмітрый Дабравольскі нарадзіўся ў адзін год з утварэннем раёна і сёлета таксама адзначыць 80-годдзе.

Вось што ён расказаў пра сябе:

— Нарадзіўся ў вёсцы Глісцёнкі. Бацькі — сяляне. З дзяцінства цягнула да тэхнікі. Гэта і вырашыла мой жыццёвы лёс. У пятнаццаць гадоў я стаў прычэпшчыкам на плузе ў МТС (машынна-трактарнай станцыі). Што тады была за тэхніка, цяпер хіба можна ўбачыць у кіно. Я сядзеў на трохкорпусным плузе і ўручную рэгуляваў яго. У вочы — пыл, гразь. Трактар быў на колах без гумы, з жалезнымі шыпамі. Удваіх рабілі розныя рэгуліроўкі, падцяжкі. Норму сваю па ворыве давалі. Здаралася, як з’явіліся ўжо гусенічныя трактары, абстаўлялі часам іх...

Што тычыцца маіх ордэнаў, то з імі атрымалася так. Мы бралі на кожную пяцігодку абавязацельствы, спаборнічалі як са сваімі механізатарамі, так і раёна: колькі даць мягкага ворыва. На дасягнутым не спыняліся. Вось і атрымалася ў мяне больш. У 1975 годзе атрымаў ордэн Працоўнай Славы III ступені. На наступны — другі. А роўна праз дзесяць год выклікаюць у раён: «Віншуем вас з ордэнам Працоўнай Славы I ступені!» Скажу шчыра, я пра ордэны ніколі не думаў. Проста сумленна рабіў на зямлі, на тэхніцы.

У лаўрэаты вывела... каманда!

У Шаркаўшчынскім раёне стала добрай традыцыяй вызначаць лепшых у розных галінах дзейнасці, тых, хто праявіў найбольшую гаспадарлівасць, прафесіяналізм, творчасць — «Чалавека года Шаркаўшчыны». За 8 год, з даты ўстанаўлення гэтага звання, яго лаўрэатамі сталі 117 чалавек. Трэць з іх — работнікі сельскай гаспадаркі.



Не стаў выключэннем і 2019 год.

Амаль 30 год працуе заатэхнікам у ААТ «Шаркаўшчынскі агратэхсэрвіс» Марына Хаданёнак, прычым апошнія 15 — у якасці галоўнага. Гаспадарка нарошчвае надоі малака. Толькі за два месяцы гэтага года яны павялічыліся на 10 працэнтаў. Сваім «дзіцём», як яна называе, лічыць стварэнне статка буйной рагатай жывёлы герыфордскай мясной пароды. У ім 400 кароў, ад якіх атрымліваюць амаль столькі цялят у год. Бычкоў гадуюць, і праз паўтара года яны дасягаюць вагі паўтоны і больш. Прадаюць на мясакамбінат як мармуровае мяса, што каштуе куды больш, чым звычайны бык. У разы больш атрымліваюць і за цёлак. Іх прадаюць да сотні ў год. Гэты герыфордскі статак, а таксама не маленькі малочны з’яўляюцца моцным падмуркам у эканоміцы прадпрыемства.

Прысваенне ганаровага звання «Чалавек года Шаркаўшчыны — 2019» Марына Хаданёнак лічыць не толькі асабістай заслугай, а ўсёй каманды: дырэктара Міхаіла Кавалёнка, загадчыцы фермы «Пашкі» Людмілы Сіпко, начальніка комплексу Клаўдзіі Дылевіч, начальніка райплемстанцыі, каардынатара работы па мясной жывёле Юрыя Аляхновіча і ўсіх жывёлаводаў гаспадаркі.

Сааўтарам свайго лаўрэацтва механізатар ААТ «Княж» Сяргей Млечка лічыць дырэктара Уладзіміра Буду, пры якім ні разу не давялося стаяць без гаручага і рэгулярна выплачваецца зарплата. Так і ўдалося перадавому механізатару выпрацаваць за год ажно 3129 умоўных эталонных гектараў.

Званне «Чалавек года Шаркаўшчыны» атрымалі таксама трактарыст Шар­каўшчынскага прадпрыемства мелія­ратыўных сістэм Сяргей Цітовіч, які на бульдозеры перавыканаў гадавы план у паўтара раза; Міхаіл Марозаў, начальнік вытворчага аддзялення № 1 ААТ «Даватарскі», які дабіўся самай высокай ураджайнасці.

Лаўрэатамі звання «Чалавек года Шаркаўшчыны — 2019» сталі: будаўнік Раіса Валеўка, слесар-рамонтнік Уладзімір Федуковіч, вадзіцель аўтобуса Уладзімір Блажэвіч, выхавальніца дзіцячага сада Ірына Васілеўская, старшая медыцынская сястра Таццяна Альсевіч і іншыя. Усяго 14 чалавек. Па добрай традыцыі названы «Вучні года» школ раёна, пераможцы абласных і раённых алімпіяд. Ім, а таксама іх педагогам і бацькам уручаны падзякі старшыні райвыканкама.

— Мінулае, сённяшняе і будучае неразрыўна звязаны нябачнымі, але моцнымі ніткамі, — зазначыў кіраўнік райвыканкама Дзмітрый Ламака. — Гісторыя Шаркаўшчынскага раёна працягваецца, і наперадзе будзе чакаць яшчэ шмат добрых значных юбілеяў. Але гэта магчыма толькі пры ўмове, калі кожны з нас будзе адчуваць асабістую адказнасць за лёс сваёй малой радзімы.


Фота Алены Ананіч і Сяргея Райчонка
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter