Мецэнаты робяць свой ўклад у развіццё нацыянальнай культуры

Моцны поціск шчодрай рукі

Яшчэ некалькі год таму слова “мецэнат” у лексіконе беларусаў азначала чалавека, які жыў у далёкім мінулым, калі багатыя прамыслоўцы, банкіры, захапляючыся мастацтвам, збіралі вялікія калекцыі жывапісу і дарылі іх пасля грамадству, дзяржаве. Прыйшоў час, калі зноў з`явіліся такія людзі. Яны ахвяроўваюць грошы на рэстаўрацыю помнікаў культуры, набыццё каштоўных рэчаў для музеяў, на правядзенне фестываляў — тэатральных, фальклорных, рыцарскіх.

У замку Радзівілаў у Нясвіжы падчас фестывалю опернага і балетнага мастацтва “Вечары Вялікага тэатру ў замку Радзівілаў”

Ахвяроўваюць сродкі на развіццё культуры і банкі, і мабільныя аператары, і прадпрыемствы. Цяпер відавочна, што гэта не адзінкі, а вялікая колькасць заможных людзей і фірмаў.

Дзяржава, якая раней адна несла на сабе цяжар адказнасці за захаванне нацыянальнай спадчыны і падтрымку сучасных талентаў, вырашыла аддзя­чыць прадпрымальнікам. Міністэрства культуры заснавала прэмію “Мецэнат культуры Беларусі”. Сёлета ёю адзначылі найбольш шчодрыя камерцыйныя кампаніі краіны.

Якія ж праекты найцікавейшыя з тых, што былі рэалізаваны ў краіне з дапамогай фундатараў?

Авацыі пану Тадэвушу

У чэрвені 2014 года ў Парыжы адбылася прэм`ера спектакля “Пан Тадэвуш” Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Янкі Купалы. Пастаноўка ажыццёўлена Мікалаем Пінігіным паводле аднайменнай паэмы Адама Міцкевіча, польска-беларускага паэта, ураджэнца Беларусі.
“Пан Тадэвуш” акурат напісаны Міцкевічам у Парыжы. Там жа ён упершыню апублікаваны — у 1834 годзе. А ў 1859-м ужо быў перакла­дзены на беларускую мову. Увогуле ж гэты твор, які апісвае звычаі шляхты, пераствораны на 33 мовах.

“Пан Тадэвуш” у інтэрпрэтацыі тэатра імя Янкі Купалы стаў першай у гісторыі пастаноўкай беларускага рэжысёра на парыжскай сцэне. Мерапрыемства было прымеркавана да 180-годдзя напісання ў Парыжы паэмы Міцкевічам.

Спектакль наведала больш за 600 гледачоў. Відовішча адбывалася ў тэатры МС93 на беларускай мове з французкімі субтытрамі. Для сцэнічнага ўвасаблення спектакля выкарыстаны пераклад Язэпа Семяжона, для транслітарацыі на французкую мову — пераклад Рабэра Буржуа.

Публіка на працягу 10 хвілін стоячы авацыямі вітала выступленне беларускага тэатра ў Парыжы.
Але ўсё гэты было немагчыма без падтрымкі дзяржавы і мецэнатаў. Больш за 10 кампаній зрабілі ўклад у праект.

А цяпер спектакль можна пагля­дзець і ў Мінску.

Дзе збіраюцца сябры

Ужо каторы год запар у вёсцы Александрыя адбываецца фестываль “Александрыя збірае сяброў”. Гэтае мерапрыемства ладзяць на Купалле. А з`язджаюцца на яго госці не толькі з Беларусі, але і з суседніх раёнаў Расіі ды іншых краін. На сцэне выступаюць сапраўдныя зоркі эстрады. 
У маляўнічым месцы на беразе Дняпра разгортваецца "Александрыйскі кірмаш" рамеснікаў, дзе адбываюцца тэматычныя майстар-класы, выстаўкі. Ладзяцца экскурсіі, выступленні калектываў мастацкай самадзейнасці.

Свята наведвае Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. На яго думку, месца для ладжання ўсебеларускага Купалля выбрана невыпадкова: “Свята "Купалле" і сама рака Дняпро, на беразе якой яно праходзіць, аб`ядноўваюць тры славянскія народы — Беларусі, Расіі і Украіны”.

Летась тут сабраліся 60 тысяч чалавек. Дзеля іх камфорту было створана многа выгод. Апрача таго, што пра гасцей парупіліся мясцовыя ўлады, падтрымку надалі і бізнесмены.

Справу Скарыны працягваюць нашчадкі

У 2017 годзе Беларусь адзначыць 500-годдзе выхаду першай беларускай друкаванай кнігі. Гэтую справу ажыц­цявіў у Празе выхадзец з Полацка Францыск Скарына.

Цяпер Нацыянальная бібліятэка разам з адным з банкаў выдае поўны збор кніг, якія публікаваў у свой час Скарына.

Прэзентацыя і ўрачыстая цырымонія перадачы факсімільнага выдання “Кніжная спадчына Францыска Скарыны” цяпер праходзіць у многіх гарадах краіны

Прэзентацыя і ўрачыстая цырымонія перадачы факсімільнага выдання “Кніжная спадчына Францыска Скарыны” цяпер праходзіць у многіх гарадах краіны, дзе дзейнічаюць вышэйшыя навучальныя ўстановы. Стаіць мэта забяспечыць іх поўнымі камплектамі першых беларускіх кніг.
Першым у падарунак факсіміле скарынаўскай Бібліі атрымаў Полацкі дзяржуніверсітэт. Паводле слоў намесніка дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Алеся Сушы, серыя прэзентацый невыпадкова пачалася ў Полацку:

— Гэты горад, як вядома, даў свету Францыска Скарыну. Усе кнігі, надрукаваныя Скарынам у Празе (1517-1519) і Вільні (1522-1525) перавыдадуць да 2017 года. Для праекта выкарыстоўваюцца электронныя копіі найлепш захаваных кніг, што зберагаюцца ў бібліятэках і музеях Беларусі, Расіі, Украіны, Германіі. Выданні суправаджаюцца каментарыямі навукоўцаў. Упершыню зроблены пераклады прадмоў і пасляслоўяў Скарыны на сучасныя беларускую, рускую і англійскую мовы. Тыраж кожнай кнігі складае 1 тысячу асобнікаў, 100 з якіх выпушчаны ў скураной вокладцы.

Дарэчы, у фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі захоўваецца толькі 10 “пражскіх” кніг Бібліі Скарыны, у цэлым жа ў свеце выяўлена каля 360 друкаваных асобнікаў гэтага ўнікальнага выдання.

Сола ў замку

“Вечары Вялікага тэатра ў Нясвіжскім замку” — гэта ўжо традыцыйная культурная акцыя, якая адбываецца ў двары колішняй рэзідэнцыі Радзівілаў, наймагутнейшых магнатаў Усходняй Еўропы. Падтрымліваюць мерапрыемства не толькі дзяржава, але і банк, адзін з мабільных аператараў.
Гэты культурны праект, які пра­цягвае папулярную ў іншых краінах Еўропы і ў Беларусі традыцыю фестываляў пад адкрытым небам, за гады існавання набыў свой індывідуальны стыль і стаў культавым як у заўзятых меламанаў і тэатралаў, так і ў турыстаў і аматараў адпачынку на прыродзе ў гістарычным антуражы. 

Новая экспазіцыя “Музей вайны — тэрыторыя міру” ў мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой”

Калі ў 2010 годзе партэр ва ўнутраным дворыку замка налічваў толькі 600 месцаў, то ў 2014-м гэта лічба перасягнула паўтары тысячы. Канцэрты і спектаклі Вялікага тэатра ў Нясвіжы наведваюць гледачы з Беларусі і замежжа.

Уладзімір Грыдзюшка, генеральны дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета, адзначыў, што цікавасць да спектакляў і канцэртаў у Нясвіжы з кожным годам узрастае:
— Канцэртныя праграмы, творчыя вечары салістаў Вялікага тэатра, оперныя і балетныя спектаклі беларускіх, рускіх і еўрапейскіх кампазітараў — палітра забаў для аматараў культурнага адпачынку на "Вечарах" увесь час вельмі разнастайная.

Трэба дадаць, што яшчэ ў XVIII стагоддзі Францішкай Уршуляй Радзівіл у Нясвіжы быў заснаваны адзін з першых у Беларусі тэатраў.

Ноу-хау для крэпасці-героя

У 2014 годзе ў мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой” (у паўднёва-ўсходняй частцы абарончай казармы) была адкрыта новая экспазіцыя. Яе назва “Музей вайны — тэрыторыя міру”. Яе аўтары — намеснік дырэктара па навуковай працы комплексу Ларыса Бібік і мастак Юрый Сухаў. Вялікая роля ў стварэнні новай экспазіцыі належыць і спонсару, без якога ідэя і цяпер заставалася б на паперы. Гэта адна з вялікіх газавых кампаній. Яна выдаткавала на праект 15 мільярдаў рублёў.
У новай экспазіцыі выкарыстаны самыя сучасныя формы прэзентацыі матэрыялу: сэнсарныя экраны, гукавыя эфекты, інсталяцыі. 

Па словах дырэктара мемарыяльнага комплексу Рыгора Бысюка, Брэсцкую крэпасць летась наведалі амаль 400 тысяч чалавек.

* * *
Традыцыі мецэнацтва ў Беларусі ідуць з глыбіні стагоддзяў. Прападобная Еўфрасіння Полацкая ў XII стагоддзі заказала ў кіеўскага ювеліра Лазара Богшы напрастольны крыж з каштоўных металаў для полацкай Спаскай царквы. Заможныя жыхары Вільні фінансавалі выданне кніг Францыска Скарыны ў Вільні на пачатку XVI стагоддзя. Ян Луцкевіч на пачатку ХХ стагоддзя за свае грошы набываў прадметы даўніны, якія сталі асновай Беларускага музея ў Вільні, які дзейнічаў у 1921-1944 гадах. Дзякуючы дапамозе спонсараў у наш час актыўна папаўняецца старадрукаванымі выданнямі Музей гісторыі Магілёва, карцінамі — Нацыянальны мастацкі музей, рарытэтнымі рэчамі — Нацыянальны гістарычны музей у Мінску. Прыватныя асобы ахвяруюць уласныя сродкі на аднаўленне старадаўніх сядзіб, храмаў. Прыкладаў падтрымкі заможнымі людзьмі агульнанацыянальных культурных праектаў мноства. Калі-небудзь пра гэтых шчодрых ахвярадаўцаў напішуць кнігі. Такія справы не мінаюць незаўважанымі. Сёння іх адзначае добрым словам дзяржава, заўтра — нашчадкі і гісторыкі. Сапраўдныя каштоўнасці і ўчынкі жывуць у вяках.

Віктар Корбут

Аўтарытэтна

Міністр культуры Барыс Святлоў:

— Мецэнацтва — прыклад дзяржаўна-прыватнага партнёрства, і для многіх людзей такое партнёрства стала справай жыцця. Дзяржава ўдзячная калектывам і асобным грамадзянам за душэўную шчодрасць і высокае пачуццё сацыяльнай адказнасці. Імёны гэтых людзей будуць ўпісаны ў найноўшую гісторыю Беларусі. У 2014 годзе сума спонсарскай дапамогі склала амаль 50 мільярдаў рублёў. За кошт сродкаў спонсараў рэалізаваны такія маштабныя культурныя праекты, як Калядны оперны форум, форум Teart, выстава “10 стагоддзяў мастацтва Беларусі”, пастаўлены прэм`ерныя спектаклі ў тэатрах. “Славянскі базар у Віцебску”, кінафестываль “Лістапад”, Міжнародны фестываль Юрыя Башмета — гэта ўсё добрыя прыклады супрацоўніцтва дзяржавы і бізнесу. Дык чым жа мы можам аддзячыць гэтых лю­дзей? Павагай і прызнаннем таго ўкладу, які яны ўнеслі ў развіццё беларускай культуры.

Віктар Бабарыка, дырэктар банка:

— Мецэнацтва і дабрачыннасць — гэта свабодны выбар кожнага. Хтосьці займаецца дабрачыннасцю ад пачуцця спагады, у кагось гэта ад фа­набэрыі, хто-ніхто спадзяецца, што яму “залічыцца”. Але любы разумны матыў, якi прымушае чалавека несці карысць іншым, павінен быць выкарыстаны грамадствам. Па сутнасці — гэта спроба змяніць свет у лепшы бок. Уся культурная спадчына свету была створана альбо на грошы забяспечаных заказчыкаў, альбо ў грамадствах, што квітнелі. Таму багацце грамадства з`яўляецца абавязковай крыніцай багацця культуры.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter