Моцны локаць Лакоткі

У мінулым годзе Дзмітрый Лакотка быў пераможцам сярод маладых камбайнераў у рэспубліканскім спаборніцтве. Узнагароджаны легкавым аўтамабілем “Волга”. І з сёлетніх рэспубліканскіх “Дажынак-2010” вярнуўся таксама з каштоўным падарункам за пачэснае трэцяе месца.

— Механізатарам даводзіцца выконваць самыя розныя справы: араць, сеяць, касіць, жаць, грузы перавозіць — усяго і не пералічыць. А таму недастаткова ім толькі ведаць тэхніку, трэба яшчэ і мець навыкі ў выкананні шматлікіх работ, — кажа галоўны аграном СВК “Гвардзейскі” Міёрскага раёна Міхаіл Вікенцьевіч Іваноў. — У нас кожны трактарыст — спецыяліст шырокага профілю. Несумненна, у каго стаж большы, таму лягчэй з заданнем спраўляцца, але і маладыя хутка вучацца, і ўжо самі вопытам з іншымі могуць падзяліцца. У ліку такіх Дзіма Лакотка. Працоўны стаж у яго яшчэ невялікі: прыйшоў у гаспадарку ў 2004-м, яшчэ да арміі. Калі адслужыў, вярнуўся назад, атрымаў камбайн і трактар.

— Вясной Дзіма працаваў з плугамі, а калі пачалася касьба, зачапіў за МТЗ-3025 шыроказахопную ротарную касілку, клаў травы ў пракосы, забяспечваў аб’ём работы корманарыхтоўчаму камбайну: на КВК-800 працаваў яго бацька Іван Іосіфавіч, — адзначае кіраўнік раслінаводчай галіны. — Затым адвозіў зялёную масу. Трактар у яго магутны і прычэп ёмісты — ПС-45.

Калі ж пачалося жніво, то бацька з сынам сталі сапернічаць на хлебнай ніве. І абодва па выніках жніва аказаліся ў ліку чатырох “тысячнікаў” раёна.

Эліза БЛАЖЭВІЧ

НА ЗДЫМКУ: Дзмітрый ЛАКОТКА.

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter