Аляксей Церахаў нарадзіўся і ўвесь час жыве ў Расіі, аднак адчувае крэўную повязь з зямлёю продкаў-беларусаў

Моцная сіла роду

Некалькі гадоў таму ў Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага ўступіў Аляксей Максімавіч Церахаў. І адразу парадніўся з намі. Цяпер ён — адзін з найбольш актыўных членаў ІТБК, а на апошнім з’ездзе абраны і намеснікам старшыні суполкі. Жыццёвы шлях гэтага чалавека вельмі цікавы. Ён сведчыць: дзе б ні жылі беларусы, а сіла роду прыцягвае нас да зямлі продкаў надзвычай моцна.


Аляксей Церахаў

Хоць Аляксей Максімавіч на­радзіўся ў вёсцы Уладзіміраўск Зімінскага раёна Іркуцкай вобласці, аднак карані ягонага роду — з былой Магілёўскай губерні. Як вядома, цяпер сібірскія беларусы — гэта часцей нашчадкі перасяленцаў якой-небудзь адной хвалі. А продкі Церахава трапілі ў Сібір з дзвюма хвалямі перасялення: дзед ягоны, Няфёд Сямёнавіч Церахаў, пераехаў пад час Сталыпінскай рэформы — самага масавага перасялення беларусаў у Сібір. А бацька, Максім Няфёдавіч, падобна шматлікім раскулачаным беларусам, у 1929-м збег ад калектывізацыі. На сваёй новай радзіме ён ажаніўся з перасяленкай з Мінскай губерні — гэта была Пелагея Пятроўна Бобрык. З часам гаспадарлівы, працавіты беларус зноў стаў на ногі, узначаліў калгас, а ў гады вайны быў узнагароджаны ордэнам Славы і медалём “За адвагу”. Памёр у 1981 годзе, выхаваў чацвярых сыноў.

Як распавядае Аляксей Максі­мавіч, дзяцінства яго “прайшло ў выключна беларускім асяроддзі, аж да таго, што не толькі сям’я і аднавяскоўцы размаўлялі паміж сабой на беларускай мове, але нават і ў пачатковай школе настаўнікі не звярталі ўвагі на “няправільную” гаворку сваіх вучняў”. Акрамя таго, сям’я падтрымлівала сувязі са сваякамі ў Беларусі: пісалі адзін аднаму лісты і нават ездзілі ў госці.

Ды з пераходам у сярэднюю школу, што ў суседнім сяле Філіпаўск, сітуацыя змянілася. Там стаўленне педагогаў да беларускай мовы было іншым — дзяцей перавучвалі, прымушалі гаварыць у адпаведнасці з нормамі рускай мовы. Тое ж самае было і ў Зіме, дзе ў 1962-м юнак з сярэбраным медалём закончыў 11 класаў, пасля паступіў на юрфак Іркуцкага дзяржуніверсітэта. Праз два гады быў прызваны ў войска, пасля службы паступіў у Літаратурны інстытут імя М. Горкага ў Маскве і адначасова — у Маскоўскі філіял юрыдычнага завочнага навучання пры Акадэміі МУС СССР. Цяга да сваіх каранёў, аднак, заставалася моцнаю, і пад час вучобы ў Літінстытуце хлопец два гады наведваў курс па беларускай літаратуры. Асабліва палюбіў вершы Максіма Багдановіча.

Пасля вучобы Церахаў 20 гадоў служыў у структурах МУС у Маскоўскай вобласці, 10 гадоў — на Байкала-Амурскай магістралі, а ў 1992-м вярнуўся ў Іркуцк, дзе і працягваў актыўна працаваць да 2013 года. У прыватнасці, у гэтым горадзе Аляксей Максімавіч быў гендырэктарам навукова-вытворчага аб’яднання “Байкал-Усход”, кі­раўніком тэрытарыяльнага органа Дзяржкамітэта па развіцці поўначы па Іркуцкай вобласці, начальнікам аднаго з падраздзяленняў Галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў вобласці, дарадцам начальніка Усходне-Сібірскага інстытута МУС. Напружаная праца, вялікая адказнасць. Вось і не хапала часу, каб даследаваць гісторыю сям’і, глыбей вывучаць беларускую гісторыю і культуры. Часу было хіба на чытанне, і сярод любімых аўтараў беларуса заўсёды былі Васіль Быкаў, Ігар Шклярэўскі.

І вось у Аляксея Максімавіча з’явілася больш вольнага часу, каб умацаваць повязі з беларускім сваім родам. Двойчы, у 2011-м і 2013-м, ён пабываў у Беларусі. Наведаў пры тым і паўднёвую частку Гомельшчыны: адкуль сто гадоў таму перасяліліся ў Сібір ягоныя продкі. У тым рэгіёне — цэлы шэраг вёсак з сугучнымі назвамі: Церахавічы, Церахі, Цяруха, Церахоўка ды іншыя. І жыве ў іх шмат Церахавых. Удалося госцю адшукаць і некаторых сваякоў: у Беларусі жывуць яго стрыечная сястра, траюрадныя браты.

У нашай суполцы Аляксей Максімавіч — свой чалавек. Шчыры патрыёт, адданы беларускай справе энтузіяст. Ён старанна вывучае беларускую гісторыю, наведвае разам з жонкаю амаль усе імпрэзы, якія часта праводзяцца ІТБК. З задавальненнем танцуе, у курсе падзей грамадска-палітычнага жыцця Беларусі. А нацыянальны строй Аляксея Максімавіча — адзін з найбольш поўных сярод строяў актывістаў суполкі. З асабліваю ўвагаю ставіцца Аляксей Максімавіч да беларускай мовы, якую ведаў з дзяцінства.

Аляксей Максімавіч яшчэ і член Савета ветэранаў Усходняй Сібіры, член Грамадскай палаты Іркуцкай вобласці, член Зімінска-Саянскага зямляцтва (значную частку якога, дарэчы, складаюць беларусы!). Наш супляменнік — ветэран працы, мае статус “Дзіця вайны”, шматлікія ўзнагароды — як ведамасныя, так і грамадскія. Сярод іх — медалі “За бездакорную службу ў органах МУС” І, ІІ, ІІІ ступеняў, медаль Жукава, медаль “За адвагу на пажары”. А род Церахавых прадаўжаецца ў ягоных нашчадках: дачка, трое ўнукаў, праўнучка. 

Апавядаў мне Аляксей Максіма­віч пра сваё жыццё на рускай мове, а завяршыў такімі словамі па-беларуску: “Кожны сумленны чалавек павінен зрабіць што-небудзь для сваёй Бацькаўшчыны”. То спадзяемся, Аляксей Максімавіч, што мы яшчэ шмат сумесна зробім на яе карысць. 

г. Іркуцк
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter