Моцарт беларускай сцэны

Віктар Тарасаў так і не сустрэў свайго рэжысёра. Якім ён быў на тэатральных падмостках і ў жыцці? Ёсць нагода ўспомніць - 80-годдзе з дня нараджэння акцёра
Нас мала абраных...” — гаварыў пушкінскі Моцарт. “Іх мала абраных”, — можна сказаць пра акцёра-купалаўца Віктара Тарасава, самага таленавітага выпускніка Беларускай акадэміі мастацтваў за ўсе гады яе існавання. Акцёр-легенда славутага Купалаўскага тэатра. Цар, так бы мовіць, у тэатральным свеце мінулага веку, супярэчлівая, загадкавая і ціхая постаць. Многіх тэатральных герояў цяпер уяўляеш толькі са знешнасцю і чароўным голасам Віктара Тарасава, з ягонай мяккай усмешкай і поглядам, які ўсё разумее.

Віктар Тарасаў

Тарасаў амаль не ўдзельнічаў у творчых сустрэчах, не чытаў вершаў са сцэны, ніколі нікуды не ўступаў, не далучаўся. Не інтрыгаваў. Ён самадастатковы і быў жывы тым, што меў. Праўда, меў ён няшмат — толькі самае неабходнае і надта мала для артыста такога рангу.

Ні асабнякоў, ні аўтамабіляў, ні грашовых укладаў, ні паездак на замежныя курорты.

Сам надзвычай добры чалавек. І ўсе ягоныя героі пазначаны святлом міласэрнасці. Гэтым першародствам асобы тлумачыцца культ добрых сіл у бальшыні герояў Віктара Тарасава. Крыху наіўны, нязменна ўбаку ад энтузіязму свайго часу, Тарасаў сярод купалаўскіх артыстаў быў пачынальнікам новай генерацыі. Ягоная пазасцэнічная біяграфія не надта цікавая і багатая. Нейкае манаскае адрачэнне ад пабудовы ўласнага жыцця дзеля вобразаў іншых людзей. Сённяшнія аматары свецкай хронікі былі б моцна расчараваныя адсутнасцю сенсацый у жыцці гэтага фантастычна прыгожага і абаяльнага чалавека.

Між тым у 33 гады Тарасаў стаў народным артыстам БССР, а ў 48 — народным артыстам Савецкага Саюза. Яшчэ была Дзяржаўная прэмія БССР. Усё гэта ніяк не паўплывала ні на характар, ні на паводзіны. Ён застаўся такім жа вясёлым, лёгкім, легкадумным, гулякай, душой кампаніі — Моцартам, які можа ўсё. Гэта адзначаюць і яго калегі.

Кожны гістарычны час выяўляе сваё разуменне сцэнічнага вобраза ў жыцці тэатра. Тарасаў прыйшоў на купалаўскую сцэну напрыканцы пяцідзясятых, калі змяняўся тэатральны стыль, пазбаўляючыся пафасу і патэтыкі, гульні голасам. Надзвычай натуральны, стрыманы, інтэлігентны, раскаваны і выразны ў перадачы духоўнага жыцця, Тарасаў зрабіўся асобай, якую чакалі. Ён прыйшоў своечасова і пацэліў дакладна. Гэта рэдкая ўдача, унікальны збег акалічнасцей.

Яму не давялося пакутаваць у тэатры панурага бытавізму. Ён не ўдзельнічаў у забаўляльнай музычна-эксцэнтрычнай абстракцыі нашых дзён. Тарасаў ніколі не стаў бы скакаць, займацца пластыкай, злёгку крыўляцца, як прынята сёння. Ён актыўна і яскрава дзейнiчаў у пераходны перыяд тэатра, калі пачынаўся зварот да душы і сумлення чалавека, калі ў мільгаценні фарбаў і ацэнак намацаваўся адмоўна-станоўчы пачатак кожнай асобы.

Нехта слушна зазначыў, што талент дужэйшы за асобу. Тарасаў сам сябе ніколі не ведаў. На фоне дзясяткаў акцёраў, якія іграюць саміх сябе, ён, Тарасаў, заўсёды шукаў ісціну, часам нічога не разумеючы ў гэтай загадкавай матэрыі

На працягу трох дзесяцігоддзяў ён ствараў сцэнічныя вобразы надзвычайнай праўдзівасці практычна з нічога. Таму што яму не дасталося добрай тэатральнай літаратуры. Свайго сучасніка Тарасаў ляпіў спачатку з псеўдарэалістычных савецкіх п’ес, потым з інсцэніровак напаўзабароненай прозы. Там не было дасканалых характараў, а толькі накіды, намёкі, добрыя правільныя словы. Усяму гэтаму трэба было знайсці апраўданне, плоць, стрыжань, ажывіць святлом таленту.

Яму ўдавалася шмат, і кожны пастаноўшчык імкнуўся займець яго ў свой спектакль. Прысутнасць Тарасава гарантавала ўдачу. Яго літаральна расхоплівалі тэатр, кіно, тэлебачанне. Няўдача ягонага жыцця: ніводзін добры рэжысёр не ўхапіўся за яго, не паспрабаваў з дапамогай гэтага ўнікальнага акцёрскага інструмента выказаць сябе і свой час. Былі, вядома, спробы. Аднак мала каму ўдалося натуральна і натхнёна іграць на гэтым музычным інструменце, які па складанасці нагадвае арфу. Мяркую, свайго рэжысёра Тарасаў так і не сустрэў. У тэатральнага спектакля кароткае жыццё. Застаецца памяць пра яго. Яна ўваходзіць у акцёрскі досвед, у крытэрыі густу. Даўно забытыя гледачамі, тэатразнаўцамі ягоныя героі — Сяргеі, Сашы, Валерыкі, Вадзімы, Генадзі, Якавы, Жоры... І нават больш значныя: Сафонаў, Мяснікоў, Жэлябаў, Збігнеў, Зілаў, Гусоўскі.

У пару ягонай маладосці, моцы, здароўя, працаздольнасці і жаданняў у Купалаўскім тэатры амаль не ставілі класіку. Многія вобразы, выпраўленыя ў свет фантазіяй вялікіх мастакоў, так і не судакрануліся з асобай і талентам Віктара Тарасава. Яму не прапанавалі адчуць маштаб герояў Шэкспіра, Шылера, Мальера, Бамаршэ. А ён быў бы выдатным Фігара, Фаўстам, Атэла, Лірам, Донам Карласам, Тарцюфам... Народжаны для класічнага рэпертуару, акцёр не спалучыў свае здольнасці, назіранні, эмоцыі і думкі з героямі Дастаеўскага, Пушкіна, Чэхава. Вось бы падужацца з імі багаццем і глыбінёй параўнанняў! Яму не прапанавалі. Ён не прасіў.

Амаль без грыму і знешніх прыстасаванняў Тарасаў сягаў у іншую эпоху, напаўняў сцэну прыроджаным арыстакратызмам, прымушаў гледача “над вымыслом слезами обливаться”. У 1960—1980 гады яго не проста ведалі і любілі, ён быў кумірам цэлага пакалення. Экзальтаваныя прыхільніцы-глядачкі літаральна закідвалі лістамі, кветкамі, прызнаннямі ў вечным каханні.

Больш за сто роляў прайшлі скрозь душу і сэрца, спапялілі нервы і рассыпалі іскры ў глядзельную залу. Па тым, што ўмеў і рабіў Тарасаў у мастацтве нашай краіны, дагэтуль звяраюць свае практыкаванні рэжысёры і акцёры. Прыклад. Узор. Эталон. Дасягнуць бы. Зразумець.

НАРОДНЫЯ АБ НАРОДНЫМ

Марыя ЗахарэвічМарыя Захарэвіч:

— Ужо на ўступных экзаменах у інстытут было відавочна: Віктар — самы таленавіты сярод нас. Зрэшты, ён быў гатовым акцёрам, разняволены і вельмі натуральны. Побач з ім на сцэне, здавалася, немагчыма было зманіць — такая зыходзіла ад яго энергія, такая праўда. Таленавіты ад прыроды Віктар Тарасаў быў сапраўдны чалавек. У ім столькі дабрыні, столькі неабароненасці, столькі душэўнай шчодрасці, што мне здаецца, гэта самы галоўны ягоны талент.

Генадзь ГарбукГенадзь Гарбук:

— Кожная сустрэча з ім у любым спектаклі была надзвычайная. Я прыходзіў на ягоныя рэпетыцыі здзіўляцца тарасаўскаму метаду працы над роляй. Ён настолькі прасякаўся думкамі, перажываннямі, пачуццямі персанажа, што ўжо на першых рэпетыцыях здавалася — далей нельга, немагчыма. Але ж назаўтра ён сягаў яшчэ глыбей! Тарасаў быў найбольш адметнай постаццю сярод нас, ні на каго не падобны.

Генадзь АўсяннікаўГенадзь Аўсяннікаў:

— З Тарасавым мы разам паступалі ў тэатральны інстытут, пасля разам прыйшлі ў тэатр. Я гадоў дзесяць яшчэ таптаўся ў масоўках ды эпізодах, а ён адразу атрымаў ролі герояў. З таго часу я быў перакананы — на сцэне яму падуладна амаль што ўсё. Любыя ролі, ад героя да камедыйнага вобраза, ён мог сыграць з надзвычайнай лёгкасцю, як кажуць, левай пяткай. Нейкім чынам тое нададзена яму звыш. Сёння такога акцёра ў Купалаўскім тэатры няма.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter