Опера “Сівая легенда” да гэтага часу адзін з самых яркіх спектакляў на сцэне Вялікага тэатра

Моц супраць святла

Большую частку рэпертуару любога опернага тэатра складае сусветная класіка, малую — творы сучасных аўтараў, і ўжо зусім мізэрную — нацыянальныя спектаклі. Наша краіна ў гэтым плане не выключэнне. Але апошні пункт тут заўсёды на асаблівым кантролі. У Вялікім нацыянальным рэпертуар заўсёды доўга выношваюць, трапятліва над ім працуюць, а потым гадуюць, як самае любімае дзіця. Менавіта таму ўсе беларускія балеты і оперы такія прыкметныя на нашай сцэне, атрымліваюць столькі ўзнагарод. Апошняя наша опера «Сівая легенда» намініравана на Дзяржаўную прэмію ў галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры. Давайце больш уважліва да яе прыгледзімся.

Масавыя сцэны — несумненнае ўпрыгожванне спектакля.

Праз трыццаць гадоў


— Вяртаючыся ў тэатр пасля яго рэканструкцыі, задумаліся над сваім оперным рэпертуарам і заўважылі, што з нацыянальнага ў нас толькі «Дзікае паляванне караля Стаха», якому ўжо больш за 25 гадоў, — першы намеснік генеральнага дырэктара Уладзімір Рылатка акунаецца ў перадгісторыю. — Гэтая опера па-ранейшаму карысталася поспехам, але ўжо зношвалася. А нацыянальны тэатр павінен абавязкова мець у сваім рэпертуары нацыянальныя творы. Таму паўстала пытанне: што будзем ставіць?

Адказ на гэтае пытанне ўвесь час шукаюць усе тэатры свету. Моцарт, Вэрдзі, Вагнер, Чайкоўскі і іншыя класікі заўсёды складаюць рэпертуарную аснову. Але павінны быць і нейкія нацыянальныя адрозненні. Таму ўсе тэатры свету пастаянна знаходзяцца ў пошуку сучасных опер, пажадана тых, якія датычацца жыцця пэўнага народа. Сказаць, што ў беларусаў у гэтым плане велізарны выбар, значыць схлусіць. Хутчэй наадварот. Таму ў той сітуацыі позірк упаў на «Сівую легенду» Дзмітрыя Смольскага.

Любка ў выкананнi Аксаны ВОЛКАВАЙ — адна з самых яркiх роляў опернай спявачкi.

Справа ў тым, што гэтая опера ўжо ішла на сцэне нашага Вялікага, і лібрэта да яе напісаў сам Уладзімір Караткевіч. Прэм’ера адбылася ў 1978 годзе. Сваё дзесяцігоддзе яна аджыла. Але было відавочна, што ў тым варыянце яна не можа вярнуцца на сцэну. Там шмат чаго трэба было мяняць, дапрацоўваць. З гэтым быў згодзен і сам кампазітар. Як аказалася, тады, у 1970-я, Смольскі і Караткевіч пісалі оперу ў спешцы. Яе раптам тэрмінова спатрэбілася прадставіць на чарговай дэкадзе беларускага мастацтва.

Цяперашні галоўны хормайстар тэатра народная артыстка Ніна Ламановіч —  адна з нямногіх, хто працаваў і над цяперашнім, і над першым варыянтам «Сівой легенды». Яна добра памятае, якой сумбурнай была праца над операй сорак гадоў таму. Бывала, хор нешта вывучвае, а праз тыдзень даведваліся, што гэта выкінулі, а літаральна перад прэм’ерай тэрмінова давучваюцца нейкія кавалкі. Але ўсё гэта нівеліравалася непасрэднай працай з кампазітарам. Пастаноўшчыкі Сямён Штэйн, Уладзімір Машэнскі знаходзіліся ў пастаянным кантакце з Дзмітрыем Смольскім, спрабавалі максімальна дакладна данесці яго задуму. Дарэчы, праз два гады кампазітар атрымаў Дзяржаўную прэмію СССР менавіта за гэтую оперу.

Лірычная лінія на першым плане


Але «Сівая легенда» сёння і трыццаць гадоў таму — гэта, як той казаў, дзве вялікія розніцы. У кампазітара было дастаткова часу, каб шмат што пераасэнсаваць, выправіць недахопы. Па сутнасці, была зроблена другая рэдакцыя. Ва Уладзіміра Караткевіча гэта эпічны, больш гісторыка-драматычны твор, які ахоплівае самыя трывожныя старонкi  беларускай гісторыі. Смольскі ж зрабіў акцэнт на лірычнай лініі — ахвярнай любові, але дзякуючы яго музыцы першапачатковая ідэя пісьменніка вельмі выразна чытаецца ў новай пастаноўцы:

— Мяне вельмі захапіла ідэя вярнуцца да гэтай оперы. У другой рэдакцыі многае змянілася ў драматургіі і аркестроўцы партытуры — за мінулыя гады ў мяне з’явіліся вопыт, веды, прафесіяналізм. Акрамя таго, я шмат у чым салідарны з пастаноўшчыкамі спектакля, мне надзвычай блізкія сцэнаграфічная задума, ідэя супрацьпастаўлення замка моцы і храма святла. І сёння я бачу гэтую гісторыю менавіта ў такім афармленні.

Спадабалася кампазітару і кандыдатура тады яшчэ малазнаёмага беларусам пастаноўшчыка  — Міхаіла Панджавідзэ, а сёння галоўнага рэжысёра тэатра. Уладзімір Рылатка такі выбар тлумачыць проста: маўляў, гэта вельмі маштабны і тэмпераментны чалавек, яго ўяўленне пра гэтую оперу адразу заінтрыгавала кіраўніцтва Вялікага. Панджавідзэ хацеў зрабіць нешта накшталт «Хаваншчыны» Мусаргскага. Ён не толькі паглядзеў экранізацыю аповесці Караткевіча, але не без задавальнення прачытаў саму аповесць на беларускай мове:

— Ёсць музыка, якая можа пры любой дэпрэсіі ўсё роўна ўнесці гэтае адчуванне святла ў канцы тунэлю. І гэта менавіта той выпадак. Я вельмі шчаслівы, што мне давялося працаваць з гэтым матэрыялам. У апошнія дзесяцігоддзі мы пазбаўленыя магчымасці і задавальнення працаваць з кампазітарам-сучаснікам, які знаходзіцца разам з табой у зале і з якім ты разам з’яўляешся не проста інтэрпрэтатарам, але і суаўтарам. Мне выпала шчасце працаваць з сучасным, хай ужо і немаладым, кампазітарам, але які працягвае заставацца, на мой погляд, у мэйнстрыме музычнага мыслення.

Калі  страляюць  гарматы


Мастак-пастаноўшчык Аляксандр Касцючэнка таксама паглыбіўся ў гэтую тэму з галавой. Ён прыдумаў вобраз былой велічы, якую раз’ядаюць іржой супярэчнасці. Невыпадкова з’явіўся іржавы метал, які нясе сваю энергетыку. Падчас дзеяння амаль па-сапраўднаму страляюць гарматы, гараць дровы ў камінах і факелы на сценах старадаўняга замка. Касцюмы Элеаноры Грыгарук падкрэсліваюць не толькі эпоху, але і ўсю драматычнасць сюжэта.

Шчымлівасць гісторыі падкрэсліваюць і масавыя батальныя сцэны. Рухомы хор, які не толькі ўдзельнічае ў бітвах, але і танцуе, робіць оперу яшчэ ярчэй і пранізлівей. Усё гэта разам з відэапраекцыяй, яшчэ адным навамодным метадам, адрознівае сённяшнюю «Сівую легенду» і робіць яе вельмі сучаснай, відовішчнай. Сённяшняй публіцы, асабліва маладой, трэба менавіта гэта.

Цікава, што самі салісты, а тады на галоўныя ролі былі выкліканы самыя яркія выканаўцы, літаральна гарэлі гэтай операй. Заслужаная артыстка Беларусі Аксана Волкава, якая выступала на самых прэстыжных оперных сцэнах свету, можна сказаць, чалавек спакушаны ў гэтай справе, і тады і цяпер падкрэслівае, наколькі гэтая гістарычная беларуская тэма добрая для выканання опернага твора:

— Цудоўна выпісаны вобразы, як жаночыя, так і мужчынскія. Вядома, трупа вельмі чакала гэтай працы. Спяваць спектакль было па-сапраўднаму прыемна.

Сцэнічнае жыццё спектакля пачалося досыць ярка. У першыя месяцы «Сівую легенду» паглядзела ўся інтэлігенцыя Мінска. Тысячная зала заўсёды была поўная. Ніна Ламановіч і сёння глядзіць гэтую оперу як добры фільм. А калі ў галоўных ролях Анастасія Масквіна і Аксана Волкава, якія дзеляць паміж сабой Станіслава Трыфанава і Сяргея Франкоўскага, гэта не можа быць зроблена дрэнна. А беларуская мова, што ліецца з іх вуснаў, робіць твор лірычным. Дзіўна, як мякка і прыгожа яна кладзецца на слых.

Новая традыцыя


Уладзімір Рылатка распавядае, што дзякуючы гэтай оперы ў тэатры з’явілася новая традыцыя. Тут доўга шукалі варыянты, як стварыць антураж вакол пастаноўкі, знайшлі некалькі, і амаль усе яны зараз знаходзяць сваё ўвасабленне перад чарговым спектаклем. Запрашаюць невялікія беларускія музычныя калектывы. Публіка спецыяльна збіраецца загадзя, каб паслухаць дуду, скрыпку, акарыны і патанцаваць пад іх. Свае ўнікальныя экспанаты прадстаўляе музей старажытнай беларускай культуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, а яго дырэктар Барыс Лазука займальна распавядае пра іх гісторыю. Гэтыя нечаканыя, але вельмі прыемныя сустрэчы будуць працягвацца і далей. Прычым гэты імправізаваны клуб беларускай культуры будзе дзейнічаць і падчас іншых нацыянальных пастановак. Іх у Вялікім няшмат (яшчэ балеты «Вітаўт», «Страсці»),  але кожную беражліва захоўваюць, усяляк папулярызуюць і імкнуцца максімальна падоўжыць іх жыццё. «Сівую легенду» ўжо правезлі амаль па ўсіх абласных цэнтрах, паказалі ў Нясвіжскім замку. Хутка пачнецца і яе замежная гісторыя. У планах паказаць яе ў Расіі, Літве, Польшчы — краінах, дзе наша культура блізкая і зразумелая. Шчаслівай дарогі табе, «Сівая легенда»!

Дарэчы


Падзеі ў оперы адбываюцца, як і ў аповесці Уладзіміра Караткевіча, у Магілёве і яго наваколлі ў пачатку XVII стагоддзя. Падчас палявання ў гонар вяселля нобіляў Кізгайлы і Любкі на лясной паляне збіраюцца прыгонныя дзяўчыны Кізгайлы. Сярод іх  Ірына, у якую без памяці закаханы сябар жаніха нобіль Раман. Ён просіць аддаць яму дзяўчыну, каб ажаніцца з ёй. Кізгайла не без сумненняў, але пагаджаецца на гэта. Любка, даведаўшыся пра рашэнне мужа, люта пярэчыць яму і забараняе вызваляць Ірыну. Кізгайла поўны самых змрочных прадчуванняў, адмова ад абяцання можа прывесці да вайны і смерцяў на роднай зямлі. Але Любка непахісная: хай будзе вайна і кроў, няхай згіне панства — Ірыне не быць жонкай Рамана. Бо яна сама спадзяецца стаць яго каханай…

stepuro@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter