Адным з каталізатараў спрыяльных перамен стала Дзяржаўная комплексная праграма развіцця рэгіёнаў, малых і сярэдніх гарадскіх паселішчаў

Моц прыватнай ініцыятывы

Бываючы ў любым з райцэнтраў, люблю пахадзіць па вуліцах, зазірнуць у магазіны і сувенірныя аддзелы, пасядзець на лавачцы ва ўтульным скверы. Малыя гарады змяніліся і сталі цалкам не падобныя адзін да аднаго. Зрэшты, справа не толькі ў іхнім знешнім выглядзе. Многія дзякуючы інвестыцыям істотна паправілі эканамічнае здароўе. І адным з каталізатараў спрыяльных перамен стала Дзяржаўная комплексная праграма развіцця рэгіёнаў, малых і сярэдніх гарадскіх паселішчаў. Я паехаў у горад Асіповічы, каб на свае вочы ўбачыць яе вынікі.


У лабараторыі парфумерна-касметычнай фабрыкі “Сонца”

Асіповічы былі буйным прамысловым цэнтрам Магілёўшчыны і раней. Але яго эканоміка залежала ад работы прадпрыемстваў, размешчаных у іншых гарадах. Узяць, да прыкладу, мясцовы завод аўтамабільных агрэгатаў, які пастаўляе камплектуючыя на МАЗ, МТЗ. Пакуль справы на гігантах беларускай прамысловасці ішлі ўгору, асіповіцкі завод працвітаў. Але толькі партнёраў пачынала ліхаманіць, дык і тут нарасталі праблемы як снежны камяк. Сёння сітуацыя ў корані іншая. Горад ужо не залежыць ад іншых рэгіёнаў. За апошнія гады тут фактычна сфарміравалася эканоміка новага тыпу — па-сапраўднаму рыначная. Сёння ў Асіповічах, каб пералічыць дзяржаўныя прадпрыемствы, хопіць пальцаў адной рукі. Усё астатняе — у руках прыватніка, які, скарыстаўшыся прадастаўленымі дзяржавай прэферэнцыямі для тых, хто развівае бізнес у малых гарадах, прынёс свае інвестыцыі.

Параўнальна нядаўна ў горадзе стаяў недабудаваны цэх завода аўтамабільных агрэгатаў. У прадпрыемства не было сродкаў, каб скончыць будоўлю. Але да недабуду падышлі па-гаспадарску. Сёння тут размясцілася сучасная парфумерна-касметычная фабрыка “Сонца” — адно з буйнейшых прадпрыемстваў аналагічнага профілю ва Усходняй Еўропе. Калі зайшоў на яго тэрыторыю, прыемна ўразіў парадак. Не відаць курцоў, работнікаў без справы. Рабочы Юрый Савей растлумачыў:

— Сюды людзі прыходзяць грошы зарабляць. Верхняй мяжы ў зарплаце няма. У мяне ёсць свая норма. Усё, што раблю звыш, аплачваецца вельмі дастойна. Ёсць стымул не гуляць, а менавіта працаваць. Сам былы ваенны — служыў у адной з воінскіх часцей, раскватараваных у Асіповічах. Атрымліваў нядрэнныя грошы на службе. Але тут заробак вышэйшы. Плюс да гэтага забяспечваюць спецадзеннем.

Яшчэ адно прадпрыемства ў Асіповічах — “Альтымед”. У сваім родзе яно ўнікальнае: адзінае на постсавецкай прасторы, дзе выпускаюць пратэзы тазасцегнавога сустава. Дзякуючы “Альтымеду”, дарэчы, Беларусь уваходзіць у тройку еўрапейскіх дзяржаў — нараўне з Германіяй і Швейцарыяй, — якія вырабляюць такія неабходныя медыцынскія рэчы.


Фірма “Альтымед” вырабляе элементы эндапратэза тазасцегнавога суставу

Начальнік планава-дыспетчарскага аддзела “Альтымеда” Уладзімір Грунтоў расказвае, што прадпрыемства выпускае каля 6 тысяч пратэзаў у год. За кошт гэтага ў артапедычных аддзяленнях беларускіх клінік значна паменшыліся чэргі пацыентаў. Цяпер вядуцца распрацоўкі новай прадукцыі. Калі ўсё атрымаецца, як запланавана, у медыцыне — як мінімум айчыннай — будзе зроблены вельмі сур’ёзны прарыў.

Разам з першым намеснікам старшыні Асіповіцкага райвыканкама Уладзімірам Дзявойнам едзем па горадзе. Мой суразмоўца не без задавальнення паказвае:

— Вось тут стаяў кінуты ангар. Яго ўзяў прыватнік і зрабіў будмаркет. Вунь там быў магазін, які гандляваў мэбляй. Гаспадар вырашыў расшырыцца і стварыў яшчэ прадпрыемства, якое выпускае пластыкавыя вокны.

Прапаноўваю спыніцца і зайсці ўнутр. Слесар-зборшчык Ігар Сукач гаворыць аб тым, што ў свой час ездзіў у Маскву на заробкі. Але прыйшоў да высновы, што з такім жа поспехам можна працаваць і дома. Зарплата прыстойная. Побач — родныя людзі. І навошта тады чужына?

Уладзімір Дзявойна ўпэўнены ў перавагах эканомікі райцэнтра:

— Лепш, калі існуе шмат невялікіх прадпрыемстваў, чым адно вялікае. Здарацца якія-небудзь праблемы ў аднаго — іншых яны не закрануць. І людзі, і бюджэт, і адпаведна горад у выйгрышы.

Што характэрна, асіповіцкія інвестары не спыняюцца на дасягнутым. Імкнуцца да развіцця бізнесу. Прадпрыемства “Тэхсаюз полюс” сёння выпускае палімерную плёнку, якая з’яўляецца асновай для мяккага крыцця. Вядуць перагаворы аб пастаўках прадукцыі шэрагу шынных заводаў Расіі. А паралельна рыхтуюцца да рэалізацыі новага праекта — хочуць выпускаць плёнку, у якую ўпакоўваюцца цяжкія грузы на палетах. Напрыклад, цэгла або будаўнічыя блокі. Сёння такая плёнка завозіцца з-за мяжы. Калі з’явіцца айчынная, кошт яе будзе ніжэйшы як мінімум на 20 працэнтаў. Значыць, нашы прадпрыемствы акажуцца ў выйгрышы.

Прадпрыемства “Леса-Век” калісьці пачыналася як звычайная лесапілка. Але ўладальнік Мікалай Кірдун палі­чыў, што выгадней паставіць сушылку. Набыў абсталяванне. А цяпер рыхтуецца ўзвесці яшчэ і цэх, дзе будзе выпускацца новая прадукцыя.

Уладзімір Дзявойна завастрае маю ўвагу на саліднай выгадзе ад прыватнай ініцыятывы:

— Унутраны валавы прадукт раёна на 50 працэнтаў фарміруецца за кошт прадукцыі, тавараў і паслуг прыватнікаў. Прычым, заўважце, гаворка ідзе выключна пра тыя прыватныя прадпрыемствы, у якіх дзяржава наогул не ўдзельнічае. Але ж ёсць і такія, у якіх ёй належыць невялікая доля. Для параўнання: яшчэ 3-4 гады назад удзель­ная вага прыватных прадпрыемстваў у ВУП раёна не перавышала 12 пра­цэнтаў. Сёння за кошт адлічэнняў прадпрымальнікаў напалову фарміруецца і раённы бюджэт.


Афіцыйна


У Міністэрстве эканомікі адзначаюць: з 2007 па 2010 год у Беларусі ажыццяўлялася Дзяржаўная комплексная праграма развіцця рэгіёнаў, малых і сярэдніх гарадскіх паселішчаў. Было рэалізавана 170 важнейшых інвестыцыйных праектаў. Аб’ём прамысловай вытворчасці павялічыўся больш як у 1,5 раза, колькасць малых прадпрыемстваў вырасла за перыяд дзеяння дзяржпраграмы больш як у 2 разы. За гэты ж час было створана звыш 120 тысяч новых працоўных месцаў. Па выніках ажыццяўлення дзяржпраграмы Мінэканомікі канстатавала прарыў у развіцці малых і сярэдніх гарадскіх паселішчаў. Асноўная мэта развіцця рэгіёнаў сёння — павышэнне ўзроўню дабрабыту насельніцтва незалежна ад месца яго пражывання і памяншэнне існуючых адрозненняў паміж рэгіёнамі на аснове стабільнага росту эканомікі. Сёлета ўсе вобласці працуюць рэнтабельна, рост прадукцыйнасці працы перавышае рост заработнай платы. Практычна ва ўсіх рэгіёнах зніжаны затраты на вытворчасць прадукцыі, а гэта станоўча ўплывае на яе канкурэнтаздольнасць.

Павел Мінчанка
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter