У Полацку адсвяткавалі Дзень пісьменства і 500-годдзе беларускага кнігадрукавання

Моц друкаванага слова

Полацк мае ўсе падставы, каб лічыцца патрыярхам гарадоў беларускіх. Так распарадзілася сама гісторыя. Але ж ён не застыў у часе, наадварот, тут, як нідзе, адчуваецца непарыўная сувязь стагоддзяў. Не выпадкова ў 2017 годзе Полацк атрымаў яшчэ і статус моладзевай сталіцы. А тыдзень таму прымаў мноства гасцей аж на тры святы: сваё 1155-годдзе, Дзень беларускага пісьменства і 500-годдзе беларускага кнігадрукавання.


Сустрэч, падзей і мерапрыемстваў было шмат — на любы густ і ўзрост, сур’ёзных і вясёлых. У адзіным у Беларусі Музеі кнігадрукавання прайшоў міжнародны круглы стол беларускіх і замежных пісьменнікаў “Дыпламатыя слова: Францыск Скарына ў сучаснай гуманітарнай прасторы”. А напярэдадні ў музеі прэзентавалі “Малую падарожную кніжыцу” — літаратурны помнік пачатку XVI стагоддзя, які праз гады вярнуўся ў нашу краіну дзякуючы Белгазпрамбанку.

У цэнтры горада на плошчы Францыска Скарыны праходзіў Фестываль кнігі і прэсы — і мы там былі! А яшчэ нястомна працаваў ужо знаёмы па мінулых святах друкарскі станок XVI стагоддзя, які ўзнавіў вядомы беларускі гісторык і калекцыянер Уладзімір Ліхадзедаў. На таямнічым беразе Заходняй Дзвіны ля Сафійскага сабора ўсталявалі памятны знак “Полацк — калыска беларускай дзяржаўнасці”. А ў самім Сафійскім саборы адбылася прэзентацыя ўнікальнага мастацкага праекта “Тры Сафіі”, арганізаванага Міждзяржаўным фондам гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД.

У нядзелю на галоўнай сцэне падвялі вынікі Нацыянальнай літаратурнай прэміі ў сямі намінацыях. У адной з самых грунтоўных — “Лепшы празаічны твор” — сёлета перамагла вядомая пісьменніца, журналіст газеты “СБ. Беларусь сегодня” Людміла Рублеўская, аўтар 4-й кнігі прыгодніцкай сагі “Авантуры Пранцiша Вырвiча, здраднiка i канфедэрата”. “Возера дзіва” Міхася Пазнякова журы прызнала лепшым творам для дзяцей. Сярод публіцыстаў перамог Зіновій Прыгодзіч. Лепшы паэт — Анатоль Аўруцін. Пераможцам у намінацыі “Лепшы твор драматургіі” стаў Васіль Ткачоў. Адзначана ўзнагародай і дэбютантка Маргарыта Латышкевіч. А Валерый Назараў названы лепшым аўтарам у намінацыі “Твор літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства”. Віншуем!

У наступным годзе Дзень беларускага пісьменства прыме горад Іванава Брэсцкай вобласці.

pepel@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter