Трывалае будучае Моталя

Моталь: што ні падворак, свой занятак

ЖАМЧУЖЫНАЙ упрыгожвае правы бераг прытока Прыпяці — ракі Ясельды — адзін з самых буйных сельскіх населеных пунктаў рэспублікі — Моталь. Упершыню ён пісьмова ўзгадваецца ў актах Літоўскай метрыкі 1422 года як прыватны маёнтак, што пазней увайшоў у склад Пінскага княства.

Пасля атрымання Магдэбургскага права і статуса мястэчка некалькі разоў на год тут ладзіліся кірмашы. У Сярэднявеччы над сялянскімі хатамі ўзвысіліся крыжы чатырох цэркваў. Неаднойчы замежныя ворагі квапіліся на заможнае ўладанне. У 1706 годзе шведскія захопнікі загубілі большасць жыхароў і зруйнавалі паселішча. Тым, каму ўдалося ўратавацца, польскі кароль Аўгуст III аднавіў прывілеі рамеснікаў. Мястэчка стала фальваркам французскай прынцэсы Бральі-Рэвель. Пасля III падзелу Рэчы Паспалітай атрымала статус цэнтра воласці Расійскай імперыі.


Крывавы след пакінулі тут французскія войскі Напалеона. І ў час паўстання 1863—1864 гадоў палалі мотальскія сядзібы. Пры фінансавай падтрымцы з царскай казны аднаўлялася мястэчка. У цэнтры паўстала мураваная Спаса-Праабражэнская царква, якая дзейнічае дагэтуль, адкрылася школа.

Не мінулі Моталь і ваенныя падзеі пачатку ХХ стагоддзя. Папераменна яго захоплівалі немцы і белапалякі. Па ўмовах Рыжскага дагавора, паселішча апынулася ў буржуазнай Польшчы. У 1939 годзе пасля ўстанаўлення савецкай улады стала пасёлкам гарадскога тыпу, якім было да 1954 года.

З першых дзён Другой сусветнай вайны тут лютавалі нямецка-фашысцкія акупанты. Актывізавалася падпольнае супраціўленне ворагу. Партызаны помсцілі за масавыя расстрэлы мірных жыхароў. Летам 1944 года савецкія войскі вызвалілі Моталь ад захопнікаў.  

У першыя пасляваенныя гады сяляне аб’ядналіся ў калгас, які паступова ўзняўся да лідараў на Брэстчыне. Гаспадарка рэфармавана ў ААТ “Моталь-Агра”.

Да нашых дзён захаваліся ўнікальныя традыцыі. Вёска адной з першых у Іванаўскім раёне стала аграгарадком. Штогадова ў жніўні збірае ўдзельнікаў і гасцей міжнародны фестываль фальклору “Мотальскія прысмакі”.

У чатырох музеях аграгарадка сабрана багатая экспазіцыя па гісторыі паселішча і землякоў. Тут нарадзіўся першы прэзідэнт Ізраіля Хаім Вейцман.

Пенсіянер Віктар ЕГІН.

НЕ аднойчы бываў у Моталі, і кожная сустрэча дорыць новыя ўражанні. Прыязджаў за абноўкай у пік моды на кажухі. Амаль у кожным падворку саматужна выраблялі аўчыны, бесперапынна страчылі швейныя машынкі. Ладна скроеныя і аздобленыя вырабы розных форм і фасонаў разляталіся па свеце. Нават з далёкай Канады прыязджалі за эксклюзіўнымі экзэмплярамі.

Пасля кажуховай “ліхаманкі” мястэчка занялося ткацтвам модных пярэстых хустак. Вясковае свята-дэгустацыя мясных далікатэсаў дало пачатак міжнароднаму фэсту “Мотальскія прысмакі”.

Выконваючы абавязкі старшыні сельвыканкама  Іван БАБРЫКОВІЧ.

Пра ўсё гэта ўзгадвалася па шляху да Моталя, дзе і сёння, што ні падворак, свой занятак.

З ЧАГО пачаць новае знаёмства з мястэчкам? Ад вялікага выбару адрасоў нават разгубіўся. З філіяла краязнаўчага музея. Сёмае стагоддзе адлічвае паселішча. І  значна раней людзі жылі тут. Пра што сведчаць экспанаты археалагічных раскопак.

Галоўны эканаміст ААТ «Агра-Моталь» Вольга ЛУКАШЭВІЧ  і эканаміст Даніла КУЛЬБЕДА.

Мінаў час, палескі край абжываўся. Урбанізацыя паглынула хутары, невялікія вёскі, а Моталь і сёння прырастае сядзібамі. У даваенныя гады пражывала каля шасці тысяч чалавек. За апошнія дзесяцігоддзі колькасць насельніцтва трымаецца на ўзроўні чатырох тысяч. Дзве сярэднія школы. Старшакласнікі раней атрымлівалі сельскія прафесіі ў вучэбна-вытворчым камбінаце і папаўнялі атрад механізатараў гаспадарак “Агра-Моталь” і “Тышкавічы-Агра”, што на тэрыторыі сельсавета.

Школьнікам атрымаў правы трактарыста-машыніста Аляксандр Маліч. Закончыў інжынерны факультэт Беларускага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта і вярнуўся дамоў. Кіраваў  ААТ “Тышкавічы-Агра”. Цяпер Аляксандр Сяргеевіч – першы намеснік старшыні Іванаўскага райвыканкама. Сельгаспрадпрыемства ўзначаліў аграном суседняга ААТ “Агра-Моталь” Мікалай Бортнік.

Завуч сярэдняй школы  Святлана МІНЮК.

Цікава, як завяршае год аднайменная гаспадарка? За падлікамі застаў галоўнага эканаміста ААТ “Агра-Моталь” Вольгу Лукашэвіч. Пасля заканчэння сталічнага ўніверсітэта вярнулася дамоў і замяніла Данілу Кульбеду, які амаль сорак гадоў кіраваў эканамічнай службай і працягвае працаваць эканамістам. Даніла Рыгоравіч кожную лічбу трымае ў памяці.

Ад яго даведаўся, што найбольш прыбытковая культура ў іх — бульба. Сёлета вырошчвалі яе на паўтысячы гектараў, і рэнтабельнасць перавысіла 20 працэнтаў.  Насенне закуплялі ў Беларускім навукова-даследчым інстытуце бульбаводства і на Пружанскай абласной доследнай насеннай станцыі. Усталявалі супрацоўніцтва з нямецкімі і галандскімі калегамі. Насенне эліты закупляюць фермеры з дзясятка расійскіх рэгіёнаў. Добры прыбытак дае і вытворчасць элітнага насення збожжавых, бабовых культур і шматгадовых траў.

Галоўны бухгалтар сельвыканкама  Зоя  БАБРЫКОВІЧ.

РЭНТАБЕЛЬНАЯ і прадукцыя жывёлагадоўлі. З выконваючым абавязкі галоўнага заатэхніка Ігарам Мацукевічам адправіліся на вячэрнюю дойку. Пакуль ехалі да фермы, Ігар Паўлавіч падзяліўся асабістымі клопатамі. У цэнтры аграгарадка ён з жонкаю Марынай Васільеўнай, якая працуе вагаўшчыком, нагледзелі дом, выстаўлены на продаж. Мелі магчымасць атрымаць бясплатны ўчастак на нізінным ускрайку. Выбралі месца ў цэнтры, дзе ўсе вуліцы заасфальтаваныя, праведзены газаправод і водаправод. Дзецям бліжэй да садзіка і школы. З дзяржаўнай падтрымкай набылі яго і заняліся будоўляй. Пакуль жывуць пад бацькоўскім дахам. Спадзяюцца ў надыходзячым годзе справіць наваселле.

Пашырыўся, дарэчы, Моталь новымі вуліцамі Паўднёвай, Сонечнай, завулкамі Крынічны і Сонечны. За жылымі кварталамі павярнулі да вытворчай зоны. Мінулі гароднінасховішча, пілараму, сталярны цэх, будоўлю станцыі абезжалезвання вады, станцыю тэхнічнага абслугоўвання аўтамашын. І вось яна – ферма.

Аператары машыннага даення ААТ «Агра-Моталь»  Надзея КСЁНДА і  Васіль РАМАНОВІЧ.

Звыш шасці тысяч галоў буйной рагатай жывёлы на пяці фермах, трэцяя частка іх – каровы. Малочных – 1390 і 555 мясных абярдзін-ангускай і лімузінскай пароды, якіх па спецыяльнай тэхналогіі гадуюць для атрымання мармуровага мяса. Вынікі пакуль рана падсумоўваць. Ігар Пятровіч упэўнены: рэнтабельнасць вытворчасці малака перавысіць 45 працэнтаў. Гадавы надой ад каровы чакаецца 7350 кілаграмаў. Увесь статак галшціна-фрызскай пароды.

Медсястра  Ала БАГДАНОВІЧ.

У даільнай зале ўвіхаліся аператары машыннага даення Васіль Рамановіч і Надзея Ксёнда. Яны абслугоўваюць 850 кароў. Тут жа дзяжурыў слесар Юрый Лемяшэўскі. Большую палову жыцця Васіль Рамановіч працуе даяром. Яго равесніцы-даяркі ў пяцьдзясят гадоў атрымалі права на заслужаны адпачынак. Васіль Васільевіч куды ні звяртаўся, адказвалі, што на мужчын ільгота не распаўсюджваецца. І жонка яго Ніна Уладзіміраўна была даяркай.  З дзяржаўнай падтрымкай іх шматдзетная сям’я пабудавала дом на пяць пакояў. І іншым шматдзетным сем’ям, а іх у сельсавеце 70, дапамагае дзяржава. Дзеці атрымліваюць адукацыю, вяртаюцца дамоў спецыялістамі. Дочкі Рамановічаў Алена і Настасся завяршаюць вучобу ў вышэйшых навучальных установах і настроены працаваць у родных мясцінах.

Сакратар ААТ “Агра-Моталь” Людміла ДЗЯМКОВІЧ.

Амаль усе спецыялісты сельгаспрадпрыемства, як і педагогі, медыкі, тутэйшыя.  Выпускнікі Ленінградскага сельгасінстытута Зоя і Іван Бабрыковічы спецыялістамі вярнуліся ў Моталь. Зоя Рыгораўна многія гады была галоўным бухгалтарам калгаса, а зараз бухгалтар сельвыканкама. Абавязкі старшыні выконвае Іван Бабрыковіч. Факультэт журналістыкі БДУ закончыла сакратар дырэктара гаспадаркі Людміла Дзямковіч. Яе матэрыялы друкуе раённая газета.

Выконваючы абавязкі галоўнага заатэхніка ААТ «Агра-Моталь» Ігар МАЦУКЕВІЧ.

Не затрымаў казахстанскі горад Джамбул Аляксандра і Алу Багдановічаў. Прыехалі ў Моталь амаль паўвека таму. Аляксандр Міхайлавіч да выхаду на пенсію працаваў тэрапеўтам. Ала Васільеўна — медсястрою. Фізік-ядзершчык Міхаіл Ксёнда памяняў далёкі Чэлябінск на бацькоўскую хату ў палескім мястэчку. Расійскі маёр у адстаўцы Віктар Егін з жонкаю адпачывалі ў беларускім санаторыі “Жамчужны”, што каля Пінска. З экскурсіяй наведалі Моталь. Пэўна, прычаравалі іх прысмакі. Пакінулі тлумную Маскву і купілі прасторны драўляны дом у аграгарадку. У іх садзе, акрамя яблынь і груш, растуць вінаград і абрыкосы.  

Юныя спартсмены Аляксандр ПТАШЫЦ  і Мікіта ЛАГУНОВІЧ.

ЗІМОВЫ вечар апусціўся на мотальскія падворкі. Ліхтары высвечвалі прасторную плошчу, якую акружаюць Палац культуры, праваслаўны храм, Музей хлеба, двухпавярховы атэль, шматлікія магазіны, якіх тут за сорак. Звонкімі галасамі поўнілася прасторная зала дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы, якой трыццаць гадоў. Трэнер Сцяпан Маргаўчук праводзіў заняткі з юнымі баскетбалістамі. Мінулым летам выхаванец школы Аляксей Каткавец стаў прызёрам чэмпіянату Еўропы па лёгкай атлетыцы сярод юніёраў, а Дзмітрый Блізнюк па скачках у даўжыню першынстваваў на Х Балтыйскіх гульнях. Чатыры мотальскія юныя лёгкаатлеты ўключаны ў нацыянальную каманду Беларусі. Па ініцыятыве школьных настаўнікаў развіваецца экалагічны турызм. Па аграгарадку пракладзены зялёны маршрут.

Урок гісторыі вядзе настаўніца Вольга РАЙКЕВІЧ.

Моталь яшчэ раз здзівіў мяне развітай інфраструктурай. Гэтым не кожны горад можа пахваліцца: эканамічна моцныя гаспадаркі, звыш 60 прадпрымальнікаў, цудоўныя дзіцячыя і школьныя ўстановы, па-сучаснаму абсталяваная бальніца, ветлячэбніца, рыбны, мясны, кулінарны цэхі, пякарня і чатыры музеі, у тым ліку і археалагічны, якому няма аналагаў у Беларусі.

Мотальскія папрадухі. Пачатак ХХ стагоддзя.

МЯНЕ вельмі цікавіла будучае Моталя. Таму ў сваёй вандроўцы па ім абавязкова шукаў сустрэч з моладдзю. Пераканаўся: яна працягвае традыцыі старэйшага пакалення. Вадзіцель ААТ “Агра-Моталь” Сяргей Мазько прывёў паказальны, можна сказаць, расклад па тэме. Сёлета ён закончыў каледж і завочна вучыцца на інжынера-механіка. Будучае звязвае з родным Моталем. Наступным летам настроены згуляць вяселле з мясцовай нявестай і будаваць свой дом. Яшчэ дзясяткі іншых сустрэч запэўнілі: трывалае заўтра ў старажытнага мястэчка.

Іванаўскі раён

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter