В стране начался мотосезон: с какими трудностями встречаются инспекторы ГАИ

Мота сабе на вус

Час матацыклістаў надышоў. Доўгачаканы гул магутнага матора і спадарожны вецер... Яны выязджаюць у горад асцярожна, каб прызвычаіцца да язды пасля зімы. Аднак без здарэнняў не абыходзіцца — у зводках ДАІ мільгаюць аварыі з удзелам матацыклістаў. На жаль, ёсць першыя ахвяры. Толькі ў Мінскай вобласці з пачатку года адбылося ўжо тры ДТЗ, у выніку якіх два чалавекі загінулі і яшчэ адзiн атрымаў траўмы, прычым дзве аварыі з трох здарыліся па віне матацыклістаў. Карэспандэнт «Р» разам з інспектарамі ДАІ Цэнтральнага раёна Мінска праверыла, ці ўсе вадзіцелі падрыхтаваліся да мотасезона-2020.

Матацыкліст на чорным Suzuki — прыхільнік бяспечнай язды. Ён заклікае да гэтага сваіх калег.

Накіроўваемся на вуліцу Арлоўскую. Па дарозе інспектар ДПС ДАІ Цэнтральнага раёна Мінска Ігар Ермакоў сцісла апісвае праблему:

— Часцей за ўсё аварыі з матацыкламі адбываюцца з-за ліхацтва, а таксама недахопу навыкаў кіравання. Гэта датычыцца ў першую чаргу бяспраўнікаў і тых, хто толькі што атрымаў катэгорыю. Асноўныя парушэнні — перавышэнне хуткасці, ігнараванне патрабаванняў дарожных знакаў і разметкі, праезд на забараняючы сігнал святлафора, выезд на сустрэчную паласу, парушэнне правілаў манеўравання і кіраванне матацыклам без адпаведнай катэгорыі вадзіцельскіх правоў...

Увечары рух на вуліцы Арлоўскай ажыўлены. У патоку аўтамабіляў час ад часу праносяцца вёрткія матацыклісты. Правяраем аднаго, другога, трэцяга... Аляксандр на чорным Suzuki пазіцыянуе сябе як прыхільнік бяспечнай язды і заклікае да гэтага сваіх калег. Калі замаразкі змянілі цёплае надвор’е, ён перасеў з аўтамабіля на матацыкл і не хавае радасці з гэтай нагоды:

— Катаюся пакуль асцярожна: дарогі яшчэ не цалкам гатовыя для камфортнай язды. Іх чысцяць ад пяску, а ён, як вядома, не лепшы сябар матацыкліста. Плюс ноччу тэмпература апускаецца да нуля, а значыць, пакрыццё астывае, і гума дубее, адпаведна счэпныя якасці пагаршаюцца ў разы.

На жаль, не ўсе матацыклісты ўлічваюць асаблівасці язды ў міжсезонне, у выніку здараюцца аварыі. У Мінску на вуліцы Аэрадромнай 27-гадовы вадзіцель матацыкла Suzuki не справіўся з кіраваннем, выехаў на сустрэчку, урэзаўся ў Peugeot і пацярпеў.

Кантынгент на чоперах у зводкі трапляе рэдка: рухаюцца павольна, атрымліваючы асалоду ад відаў, а не ад хуткасці.

Пакуль мы дзяжурым на праспекце Пераможцаў, прыходзіць інфармацыя, што смяротнае ДТЗ з удзелам матацыкліста здарылася ў аграгарадку Васілішкі Шчучынскага раёна. 14-гадовы падлетак раптоўна выбег на дарогу перад матацыклам. За рулём Suzuki знаходзіўся 26-гадовы хлопец. Ён не змог пазбегнуць сутыкнення і збіў падлетка. Пешаход загінуў на месцы.

— Наезды на пешаходаў як былі, так і застаюцца самымі частымі ДТЗ, прычым, па даных за 2020 год, больш за 27 працэнтаў аварый з пешаходамі адбыліся па іх жа ўласнай віне, — агучвае статыстыку старшы інспектар ДПС Максім Какоеў. — Як правіла, такія здарэнні адбываюцца на пешаходных пераходах.

Ігар Ермакоў складае партрэт сярэднестатыстычнага матацыкліста-парушальніка:

— Часцей за ўсё гэта матацыклісты з невялікім стажам, ва ўзросце ад 20 да 30 гадоў, на магутных спартыўных байках. Яны не маюць вадзіцельскіх правоў неабходнай катэгорыі і часта перавышаюць хуткасць. А вось п’яных матацыклістаў на дарозе практычна няма. Гэта парушэнне, якое для іх не характэрна. Для кіравання матацыклам патрэбна добрая каардынацыя рухаў.

Матацыклістаў на Арлоўскай становіцца менш. Неўзабаве высвятляецца, чаму. Спынены намі Аляксей на зялёным Kawasaki патлумачыў, што многія матацыклісты знаходзяцца ў адпаведных суполках. Ледзь адзін з іх заўважае экіпаж ДАІ на дарозе, як перадае таварышам, што маршрут лепш змяніць. Дарэчы, для гарантавання спакою і бяспекі дарожнага руху ў Мінску нароўні з іншымі экіпажамі ДАІ гэтым летам будуць несці службу інспектары на матацыклах. Яны адпрацуюць найбольш аварыйна небяспечныя ўчасткі горада, дзе зафіксаваны ДТЗ і дзе любяць збірацца «шумныя» матацыклісты.

Зрэшты, калі парушэнняў няма, можна атрымліваць асалоду ад відаў без страху быць спыненым, як гэта зрабілі наступныя 3 правераныя намі матацыклісты. З дакументамі ў іх поўны парадак — пытанняў няма. Затое іх было шмат да вадзіцеля белага Triumph. Інспектараў насцярожылі дзіўныя паводзіны матацыкліста. Заўважыўшы патрульную машыну, ён нечакана кідаецца ў левы рад і ідзе на разварот. Не праходзіць і пары хвілін, як мы даганяем яго на вуліцы Кальварыйскай, для якой 150 км/ч на заднім коле — карціна звыклая. Падчас праверкі дакументаў высветлілася, што ў хлопца няма тэхагляду. Ён грубіяніць і не хавае свайго негатыву. Дарэчы, у яго «актыве» — каля 10 штрафаў за перавышэнне хуткасці. Атрымаўшы чарговую квітанцыю, раззлаваны парушальнік з’язджае.

...На вуліцы ўжо сцямнела. Мы працягваем правяраць дакументы ў вадзіцеляў і неўзабаве на вуліцы Нававіленскай знаходзім яшчэ аднаго парушальніка. Хлопцу на спартыўным Racer няма і дваццаці гадоў. Вадзіцельскага пасведчання ён ніколі не атрымліваў. Прычым за язду без правоў яго ўжо каралі ў сакавіку. Але малады чалавек зноў сеў за руль. Матацыкл інспектары адганяюць на штрафстаянку, а парушальніку пагражае буйны штраф — ад 20 да 50 базавых — ці адміністрацыйны арышт.

Падвядзём вынік вечаровага дзяжурства. Мы праверылі дакументы ў 15 матацыклістаў. У аднаго адсутнічаў тэхагляд, другі апынуўся бяспраўнікам, яшчэ да дваіх узніклі пытанні па рэгістрацыйных нумарах. Адзін матацыкл дастаўлены на штрафстаянку.

gorbatenko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter