Як аднаўляюць пераправу цераз Прыпяць у Жыткавіцкім раёне

Мост стаміўся

У Жыткавіцкім раёне працягваюцца работы на мосце праз Прыпяць: у чацвер відавочцы паведамілі ў МНС аб яго аварыйным стане — па ўсёй шырыні прасела дарожнае палатно, а таксама ўтварылася расколіна жалезабетоннай канструкцыі.

Адзіны ў гэтых месцах мост праз Прыпяць быў пабудаваны 30 гадоў назад і з таго часу ні разу не зачыняўся.

На месца здарэння прыбылі аператыўныя службы. Супрацоўнікі ДАІ перакрылі рух аўтатранспарту. МНС сумесна з аператарамі сотавай сувязі арганізавалі СМС-апавяшчэнне жыхароў Жыткавіцкага, Лунінецкага, Лельчыцкага, Столінскага і Салігорскага раёнаў. Маштаб наступстваў звязаны з шэрагам абставін. Мост праз Прыпяць даўжынёй 888 метраў злучае райцэнтр з правабярэжнай часткай, дзе знаходзіцца горад Тураў і іншыя населеныя пункты. Іншага прамога шляху няма. А абыходны праз Мазыр азначае «крук» амаль у 250 кіламетраў. Праз Пінск — яшчэ далей. Таксама праз мост пралягаюць маршруты трас рэспубліканскага значэння. У тым ліку ў кірунку Украіны.

У райвыканкаме экстранна адбылося пасяджэнне камісіі па надзвычайных сітуацыях. Сур’ёзнасць праблемы пацвердзілася хутка. Пасля тэхнічнай ацэнкі рух па аварыйным мосце быў забаронены і для пешаходаў.

У жалезабетоннай канструкцыi маста ўтварылася расколiна.

Альтэрнатыўны шлях зносін наладзілі з дапамогай паромнай пераправы, якая знаходзіцца ніжэй па плыні — у суседнім Петрыкаўскім раёне. Паром будзе функцыянаваць кругласутачна і зможа перапраўляць легкавы аўтатранспарт масай да 10 тон. Грузавыя перавозкі арганізаваны па рэспубліканскіх дарогах праз Жыткавічы (М10) — Калінкавічы (Р131) — Мазыр (Р36) — Лельчыцы (Р128) — Тураў і праз Жыткавічы — Пінск (Р6 ) — Столін (Р88) — Давыд-Гарадок — Тураў. У бліжэйшы час перад аб’ездамі ўсталююць знакі і часовыя святлафоры, а для пасажыраў грамадскага транспарту абсталююць прыпынкі.

Пакуль жа праз Прыпяць тых, каму неабходна патрапіць на іншы бераг, будуць перапраўляць катарамі МНС. Вайскоўцы пантонна-маставога батальёна Мінабароны вызначаюць месцы для разгортвання пераправы каля маста. Да нядзелі плануецца арганізаваць рух.

Зрэшты, як бы там ні было, усё гэта — часовая мера. У Міністэрстве транспарту і камунікацый кажуць, што мост могуць зачыніць на год.

Рух па аварыйным мосце цяпер забаранiлi і для пешаходаў.

— Спецыялісты БелдарНДІ зафіксуюць пашкоджанні і дэфекты, ацэняць іх прычыны, пасля чаго прымуць рашэнне — пачынаць новае будаўніцтва або праводзіць рамонт, — удакладніў сітуацыю начальнік галоўнага ўпраўлення аўтамабільных дарог Аляксандр Галаўнёў.

Жыткавіцкія старажылы ўспамінаюць, што да з’яўлення моста зімой пераходзілі раку па лёдзе. Улетку працаваў паром. Увогуле, неяк абыходзіліся. Мост, значнасць якога складана пераацаніць, пабудавалі ў 1985-м годзе. З тых часоў ён ні разу не закрываўся. Мясцовыя не хаваюць трывогі. Рытм жыцця і, адпаведна, хуткасць перамяшчэння сёння не тыя, што трыццаць гадоў таму. Многія прывыклі да асабістага аўтатранспарту. Аднак у дадзенай сітуацыі ён стаў бескарысны. Аб’езд зойме некалькі гадзін, не кажучы пра расход паліва.

Характэрна, што ў мінулым годзе праводзілася рэканструкцыя моста. Верагодна, якасць выкананых работ стане прадметам асобнага разгляду.

proleskovskiy77@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter