В Минске началась реконструкция моста через Свислочь на проспекте Машерова

Мост будзе няпросты

Пуцеправод у раёне парка Перамогі і Банка развіцця пабудаваны яшчэ ў 1992 годзе. Паводле праведзенага абследавання, ён не знаходзіцца ў аварыйным стане і цалкам спраўляецца з нагрузкай, але яму патрэбна планавае абнаўленне. Карэспандэнт «Рэспублікі» даведалася, як зменіцца мост.

Перакрыты ўчастак дарогі рыхтуюць да дэмантажу бэлек пралётных збудаванняў.

Падрыхтоўчыя работы, гэта значыць, стварэнне будаўнічага гарадка і яго часовае забеспячэнне электрычнасцю, агароджванне будаўнічай пляцоўкі, ужо выкананы. На перыяд будаўніцтва на гэтым участку праспекта Машэрава зменена арганізацыя дарожнага руху. Так, пешаходны тратуар справа, калі ісці ад вуліцы Даўмана, ужо перакрыты. Для зручнасці людзей з’явіўся новы светлафор. 

— Работы па капітальным рамонце з мадэрнізацыяй моста будуць выконвацца паэтапна, — зазначае Васіль Цібеж, намеснік галоўнага інжынера ДП «Гардарбуд». — На першым этапе закрыюць адну паласу руху і правядуць там усе неабходныя работы па аднаўленні асфальтабетоннага пакрыцця. Затым праезную частку перамесцяць на адноўлены ўчастак і зоймуцца другім. Так што пуцеправод закрывацца не будзе. 

Адна паласа ўжо перакрыта, але аўтамабільных пробак тут няма. Справа ў тым, што на мосце была пакінута рэзервовая зона пад трамвайны рух, якая практычна не выкарыстоўвалася. Зараз на ёй паклалі часовае асфальтабетоннае пакрыццё і пусцілі аўтамабілі. 

Васіль ЦІбеж дэманструе, якім будзе новы мост.

— Ужо на наступным тыдні мы можам прыступіць да дэмантажу бэлек пралётных збудаванняў, — сцвярджае Васіль Цібеж. — Усе бэлькі падымем спецыяльнымі дамкратамі, правядзём іх пескаструменную апрацоўку. Маналітныя ўчасткі паміж імі дэманціруем і забетаніруем нанова. Апоры бэлек заменім на новыя. Самі бэлькі таксама пакрыем ахоўным слоем бетону, затым пафарбуем. 

Пры рэканструкцыі моста «Гардарбуд» выкарыстае новую пантонную тэхналогію. Пантоны пад мостам ужо збудаваны і заякараны. На іх усталююць рабочыя пляцоўкі на будаўнічых рыштаваннях, з якіх бэлькі будуць чысціць ад разваленага бетону знізу. Па меры неабходнасці пантоны можна перасоўваць. 

Адначасова праводзіцца добраўпарадкаванне моста. Старыя прыступкі лесвіц ужо дэманціравалі, каб замяніць іх новымі, з тактыльнымі пліткамі для людзей са слабым зрокам. Тратуары выкладуць рознакаляровай пліткай, установяць новыя, прыгожыя і зручныя парэнчы, апоры асвятлення. 

Будаўнікі зразаюць асфальтавае пакрыццё моста.

— На участку, прадугледжаным для руху трамваяў, там, дзе часова ляжыць асфальт, будзе зялёная пешаходная зона з лавачкамі, клумбамі, малымі архітэктурнымі формамі, — працягвае Васіль Феадосьевіч. — Гэта ж паркавая зона, цэнтр горада, тут павінна быць прыгожа. 

Прадугледжана на новым мосце і веладарожка. Магчымасць перабудовы пешаходнай зоны пры неабходнасці пад трамвайныя пуці захаваецца. Будуць выкананы таксама адвод дажджавых і талых вод з паверхні моста з выпускам іх у існуючыя сеткі дажджавой каналізацыі, дэмантаж і будаўніцтва кабельнай каналізацыі сувязі, перакладка існуючых кабеляў. 

Нарматыўны тэрмін будаўніцтва — 8 месяцаў, так што абноўлены прыгожы мост можа парадаваць гараджан і турыстаў ужо будучай вясной. 

nevmer@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter