Прогулка на яхте без спасательного жилета: какие еще нарушения допускают пассажиры и водители маломерных судов

Мора хвалюецца раз

Халаднаватая глыбiня вады, што так вабiць у гарачую пару, часта тоiць у сабе небяспеку. Асаблiва гэта павiнны памятаць тыя, хто бярэ адказнасць за жыццi iншых, кiруючы катарам, яхтай або iншым маламерным суднам. Нядаўна ледзь не скончылася трагедыяй прагулка па возеры ў Рагачоўскiм раёне: на 8-мясцовым катары аказалiся 15 чалавек, прычым не ўсе яны былi забяспечаныя выратавальнымi сродкамi. Перагружанае судна перавярнулася за 80 метраў ад берага. Каб не дапусцiць такiх выпадкаў, на вадаёмах краiны працуюць супрацоўнiкi Дзяржаўнай iнспекцыi па маламерных суднах. Да аднаго з iх рэйдаў далучылася карэспандэнт «Р».

Вадзіцелі маламерных суднаў абавязкова павінны мець пры сабе суднавы білет з адзнакай аб тэхаглядзе і рэгістрацыяй рухавіка.  Рыбак Вячаслаў ДОЎНАР упэўнены, што на вадзе павінен быць парадак.

Плыла і гайдалася лодачка

Хвалі Мінскага мора значна раскалыхваюць катар. У такое надвор’е капітанам маламерных суднаў трэба быць асабліва ўважлівымі і не забываць аб мерах засцярогі. На вадасховішчы пакуль малалюдна, аднак дзе-нідзе віднеюцца рыбацкія лодкі і парусы прагулачных яхт. Мікалай Скіпар, начальнік ДІМС Мінскай вобласці, звяртае ўвагу на надзіманую лодку з падвесным маторам, чые бартавыя нумары нераспазнавальныя нават з адлегласці 50 метраў — так быць не павінна! Двое маладых мужчын паказваюць неабходныя дакументы, суднавы білет, дзе прапісаны тып і магутнасць рухавіка, адзнака аб праходжанні тэхагляду, і вадзіцельскія правы, пасля чаго атрымліваюць заўвагу аб неабходнасці абнавіць нумары.

Нагадаем, кожная лодка (маторная або вёславая, умяшчальнасцю звыш 225 кілаграмаў) павінна прайсці рэгістрацыю і мець сертыфікат аб праходжанні тэхнічнага агляду. І калі аўтамабілісты могуць пакінуць дакументы дома без прававых наступстваў, то вадзіцелі маламерных суднаў абавязаны трымаць іх пры сабе.

Прама па курсе — казанка з зачахлёным маторам, рыбак у расшпіленай выратавальнай камізэльцы ідзе на вёслах. Сяргей Гадун, дзяржаўны інспектар Мінскага ўчастка ДІМС, ціка­віцца, ці не патрэбна дапамога. Аказваецца, не. Аднак на маторы нельга рухацца з закінутым у ваду жыўцом на драпежную рыбу.

Кожная лодка ўмяшчальнасцю больш за 225 кг павінна прайсці рэгістрацыю і тэхнічны агляд.

— Вы ж не стаіце на якары. Дык чаму камізэлька расшпіленая? — выгаворвае Мікалай Міхайлавіч.

Рыбак апраўдваецца, што ў зашпіленай веславаць нязручна, аднак інспектар няўмольны:

— Паглядзіце, якая хваля! Зараз жа зашпіліцеся і не грэбуйце мерамі бяспекі!

На першы раз рыбак атрымлівае вусную заўвагу, хоць за такое парушэнне правілаў прадугледжаны і штраф.

Да рыбацкіх лодак мы падыхо­дзім вельмі асцярожна, каб не замінаць людзям лавіць рыбу і не пашкодзіць іх судна.

У вадзіцеля лодкі з заліхвацкай назвай «Пятровіч» усе дакументы таксама ў парадку.

— У мяне рыбацкі стаж 40 гадоў, — з гонарам адзначае Вячаслаў Доўнар. — І хачу сказаць як рыбак: на вадзе павінен быць парадак! У апошні час значна павялічылася колькасць лодак, мець іх стала прэстыжна і папулярна. Некаторыя навічкі не заўсёды падпарадкоўваюцца патрабаванням бяспекі, лічаць іх жорсткімі. Але як інакш? Мяне самога адзін раз п’яныя на маторцы пратаранілі — вунь увагнутасць на лодцы засталася. Зрэшты, я лічу, што 99 працэнтаў уладальнікаў — законапаслухмяныя грамадзяне.

Сэлфі як довад

Вельмі прыгожа: сіняе мора, белая яхта пад парусамі, доўгавалосая дзяўчына на палубе... Стоп! А дзяўчына ж без выратавальнай камізэлькі! Убачыўшы інспектараў, яна хуценька накідвае яе на плечы, але відэарэгістратар усё ўжо зафіксаваў, так што спрачацца дарэмна.

Мікалай Міхайлавіч патрабуе спыніць яхту і, пакуль дзяўчына-вадзіцель прыбірае парусы і шукае якар, каменціруе:

— Тыповае парушэнне: той, у каго ёсць вадзіцельскае пасведчанне, арандаваў яхту і адправіўся катаць пасажыраў. Такія дазваляюць на борце і знаходзіцца без камізэлькі, і нават выпіваць. Хоць на вадзе строгія правілы: нават пасажырам нельга быць нецвярозымі. Што будзе, калі чалавек упадзе за борт? Вось глядзіце, дзяўчына ўжо хвілін пяць валтузіцца з парусамі. Пакуль спыніць яхту, пакуль развернецца... А калі кінецца ратаваць, хто будзе кіраваць суднам? Рэхалот рыбака зафіксаваў непадалёк глыбіню 5,2 метра…

Расшпіленая выратавальная камізэлька недапушчальная на лодцы, якая рухаецца.

Пасажырка тлумачыць, што зняла камізэльку для прыгожага сэлфі, але гэты довад не прымаецца:

— Хочаце фатаграфавацца? Ніякіх праблем! Устаньце на якар і тады можаце зняць камізэльку.

За парушэнне правілаў бяспекі на водным транспарце пасажырцы выносяць афіцыйнае папярэджанне. Вадзіцелю, у якой няма пры сабе суднавага білета, прый­дзецца аплаціць штраф.

З дзелавітым выглядам накіроў­ваюцца да выспы яшчэ два рыбакі ў расшпіленых камізэльках. Здаецца, выратавальны сродак ім замалы... Суднавы білет пры сабе, закаркаваны ў паўлітровым шкляным слоічку, адзнака аб тэхаг­лядзе ў наяўнасці, а вось рухавік у суднавы квіток не ўпісаны. Гэта даволі сур’ёзнае парушэнне!

— Дык ён жа маламагутны, да пяці конскіх сіл! — шчыра здзіўляецца гаспадар лодкі.

Мікалай Міхайлавіч цярпліва тлумачыць, што для карыстання рухавіком магутнасцю да пяці конскіх сіл (ці 3,7 кілавата) не патрабуюцца вадзіцельскія правы, але ўсе рухавікі, у тым ліку і электрычныя, падлягаюць абавязковай рэгістрацыі. Штраф за яе адсутнасць — ад дзвюх да пяці базавых велічынь.

Твары ў рыбакоў становяцца сумнымі, і мы прыходзім да кампрамісу: цяпер яны зачахляюць матор і далей ідуць на вёслах, а заўтра ж уладальнік лодкі з’яўляецца ў інспекцыю з дакументамі, каб зарэгістраваць рухавік.

— За адным махам і паху­дзеем! — жартуюць павесялелыя рыбакі і спрытна арудуюць вёсламі.

Катар ДІМС павольна рухаецца ўздоўж берага. Мужчына, які цягнуў лодку да вады, нас угледзеў і рэзка змяніў кірунак на супрацьлеглы, а затым і зусім нырнуў у кусты. Штурман яшчэ адной прагулачнай яхты, на борт якой як раз падымаюцца пасажыры, праводзіць наша судна ўважлівым поглядам. Можна не сумнявацца, колькасць адпачывальнікаў не перавысіць норму, усе яны будуць у выратавальных камізэльках. Прафілактыка ў дзеянні!

Толькі за два дні дзяжурства на Мінскім моры супрацоўнікі ДІМС склалі восем пастаноў аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці за кіраванне маламерных суднам з магутным маторам без вадзіцельскіх правоў, за адсутнасць адзнакі аб тэхаглядзе і выратавальнай камізэлькі. Прычым адзін з бяспраўнікаў вазіў пасажыраў! Штраф за падобнае парушэнне пачынаецца ад пяці базавых велічынь. Пацярпелы страту мужчына тут жа запісаўся на вадзіцельскія курсы.

nevmer@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter