Кто и почему заплывает за буйки: мы провели один день со спасателями Освода на Цнянском водохранилище

Мора хвалюецца раз

З надыходам доўгачаканага цяпла на пляжы высыпала мноства адпачывальнiкаў. Вада, такая прыемна-прахалодная, вабiць да сябе з непераадольнай сiлай. Але трэба памятаць, што яна можа стаць крынiцай высокай небяспекi — асаблiва там, дзе купацца забаронена. Карэспандэнт «Р» паглядзела, як клапоцяцца аб бяспецы адпачывальнiкаў на Цнянскiм вадасховiшчы Мiнска, дзе ёсць месцы i прызначаныя для купання, i забароненыя.

Штодзённа на выратавальнай станцыі дзяжураць тры вадалазы, медработнік, матарыст.

Спякотны адпачынак 

На пляжах Цнянскага вадасховiшча бурлiць жыццё. Упасцi яблыку яшчэ ёсць дзе, а вось размясцiцца са зручнасцямi ўжо будзе складана. На лiнii водападзела мурашамi капошыцца мноства дзяцей рознага ўзросту, за iмi тут i там наглядаюць бацькi. 

— Шчыра кажучы, нават не думаў, што ў буднiя днi ў нас будзе так шмат народу, — дзiвiцца Георгiй Жэброўскi, начальнiк выратавальнай станцыi «Цнянская» МГА Асвод. — Гарачая пара пачалася адразу, як толькi пацяплела. Вiдаць, многiя зараз працуюць выдалена, у iншых надышлi чарговыя адпачынкi, якiя даводзiцца бавiць дома, так што, як нiколi раней, на пляжах шмат мам з дзецьмi.

Георгій ЖЭБРОЎСКІ.

Нягледзячы на вялiкую колькасць адпачывальнiкаў, сур’ёзных iнцыдэнтаў на вадасховiшчы пакуль не было, хiба што зроблена некалькi заўваг аматарам паплаваць за буйкамi. Але iх няшмат: вада яшчэ не паспела прагрэцца, таму большасць людзей толькi акунаецца, каб асвяжыцца, i вяртаецца загараць. 

— Выратавальная станцыя «Цнянская» ўкамплектавана на сто працэнтаў! — завярае Георгiй Авенiравiч. — Тут працуюць 6 вадалазаў, 5 матарыстаў, 2 медыцынскiя работнiкi, 2 начныя матросы. Акрамя таго, на летнi сезон узялi 9 матросаў-ратавальнiкаў. Плюс памiж 3-м i 4-м пляжамi, традыцыйна самымi мнагалюднымi, выстаўляе свой пост Савецкi раён Мiнска — там працуюць яшчэ тры матросы. 

Вадалаз-ратавальнік Віктар ЖВІРБЛЯ сочыць за парадкам на вадзе.

Аказваецца, кожны адмiнiстрацыйны раён Мiнска мае ўласныя пасты, якiя выстаўляюцца ў сезон на найбольш складаных участках вадаёмаў. 

На дапамогу ратавальнiкаў можна разлiчваць кругласутачна. У адну змену заўсёды выходзяць тры вадалазы, медработнiк, матарыст i старшы матарыст, а таксама 4 матросы з выратавальнай станцыi i два — з раённага паста. Змена пачынаецца а дзясятай гадзiне ранiцы пасля абавязковага iнструктажа. Перш за ўсё займаюць свае пасты матросы-ратавальнiкi, якiя ўважлiва наглядаюць за даверанымi iм участкамi. Пры ўзнiкненнi пазаштатнай сiтуацыi яны або спраўляюцца самi, або клiчуць на падмогу дзяжурную змену са станцыi. Тыя прыбываюць у лiчаныя хвiлiны: катар стаiць напагатове, вадалазы паспяваюць сабрацца за 30 секунд. Зараз, калi цёпла, iм дастаткова маскi, ластаў ды дыхальнага апарата. 

На зборы ратавальнікам дастаткова 30 секунд.

Бераг блiзкi i далёкi

Частата абходаў залежыць ад колькасцi адпачывальнiкаў на пляжах. Калi iх шмат, катар з выратавальнiкамi можа баражыраваць уздоўж берагоў кожныя 30 хвiлiн. Якраз надыходзiць пара чарговага абходу, у якi выпраўляюцца матарыст Сяргей Мiхневiч i вадалаз Арцём Клёва

Наблiжэнне катара выклiкае ў дзяцей бурнае, з пiскам i вiскам, захапленне. Няўжо яны так любяць ратавальнiкаў? Аказваецца, малыя радуюцца хвалi, якую паднiмае катар, — амаль марской, на якой можна пагойдацца. Большасць людзей плёскаецца каля берага. Але вось заўважаем мужчыну, якi ўжо перасёк умоўную лiнiю памiж буйкамi. Не чакаючы заўвагi, ён абураецца, маўляў, чаму буйкi так блiзка каля берага. 

Большасць адпачывальнікаў плёскаецца каля берага.

— Кожная сiтуацыя залежыць ад канкрэтнага чалавека, — разважае матарыст Сяргей Мiхневiч, расказаўшы плыўцу аб правiлах устаноўкi буйкоў. — Калi чалавек цвярозы, плыве ўпэўнена, дастаткова заўвагi, адпраўляць яго на сушу неабавязкова. Iншая справа — выпiўшыя, якiя ўсё ж прымудраюцца прасачыцца на пляж. Чамусьцi многiя з iх лiчаць сваiм доўгам даплысцi да вострава, наваколле якога, дарэчы, з’яўляецца месцам, забароненым для купання. Здаецца, той бераг зусiм блiзка, але гэта бачнасць зманлiвая: адлегласць да яго — каля кiламетра. Кожны сезон вывуджваем такiх плыўцоў. Загiнулi б, каб не мы!

Мiж тым на Цнянскiм вадасховiшчы нельга нi курыць тытунь, нi пiць спiртное. За парадкам з ранiцы сочыць нарад мiлiцыi з Савецкага РАУС, а пасля абеду да iх далучаюцца супрацоўнiкi АМАП. Тым не менш некаторыя iдуць на розныя хiтрыкi, каб выкупацца падпiўшы. Напрыклад, дабiраюцца да вады з боку вострава. 

Пад пiльным кантролем усе пляжы, асаблiвая ўвага — дзецям.
 
Яшчэ адзiн галаўны боль ратавальнiкаў — аматары скачкоў у ваду: з катамаранаў, дамбы, моста праз канал. Гэта вельмi небяспечна, бо на дне могуць хавацца непрыемныя сюрпрызы. Напрыклад, рыбацкая пешня, якая выслiзнула з рук гаспадара, калi ён зiмой бiў лунку ў лёдзе, ды так i засталася тырчаць у грунце. А з-пад моста выратавальнiкi перыядычна дастаюць вялiкiя камянi — невядома, адкуль яны там упарта з’яўляюцца. 

— Павiнен сказаць, адпачывальнiкi становяцца ўсё больш дысцыплiнаванымi, — задаволены Георгiй Авенiравiч. — Гэта радуе, таму што наша праца падпарадкавана прынцыпу «колькi чалавек прыйшло адпачыць, столькi павiнна i вярнуцца дадому». 


nevmer@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter